Смо́чка ‘асака балотная, Carex acutiformis Ehrh.’ (Шат.), смоч, смо́чка, сма́чаль ‘расліна падвей’ (бярэз., Сл. ПЗБ), смоч ‘тс’ (пух., Жыв. сл.), смыч, смы́чаль ‘від асакі’ (Жыв. сл.), смы́чка ‘падвей’ (Жыв. сл.), сму́чай ‘тс’ (лельч., Жыв. сл.), сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС). Цыхун (вусн. паведамл.) адносіць да смыкаць (гл.) (дзеці смыкаюць гэтыя расліны, каб дастаць салодкае карэнне). Тады першасная форма з ‑ы‑ ў корані, а ‑о‑, відаць, пад уплывам смактаць. Варыянты з ‑у‑ каранёвым паходзяць з палескіх гаворак, дзе ы > у.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́шальнік 1 ’той, хто вешае людзей’ (КТС). Новае ўтварэнне ад дзеяслова веша‑ць і суф. ‑льнік.

Ве́шальнік 2 ’вісельнік’ (лун., Шатал.), укр. ві́шальник ’тс’ утворана ад дзеяслова веша‑цца і суф. ‑льнік. Гл. вісельнік.

*Ве́шальнік 3, вjе̂шалнык ’сук, на які вешаюць вулей’ (Анох., 323) паходзіць, відавочна, ад вешальна (< ве́шаць < věšati), якое абазначала прыладу дзеяння (параўн. бел. дзяржальна, прасл. krosno); пад уплывам слова сук лексема вешална змяніла суф. ніякага роду на мужчынскі ‑(н)‑ік; адсутнасць мяккасці ‑л‑ у лексеме вjе̂шалнык з’яўляецца характэрнай для паўднёвых бел. гаворак; параўн. чапʼи́лна ’цапільна’, бычʼе́лно ’біч цэпа’ (ДАБМ, 828).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віхла́ 1 ’аб чалавеку рухавым, энергічным, у якога хутка ідзе работа’ (Бір. Дзярж., З нар. сл.). Да віхаць ’хістацца’, віхляць’, завіхацца ’спяшаць, намагацца рабіць што-небудзь’. Параўн. польск. wichlacz ’махляр, падманшчык’; ’рухавы чалавек’.

Віхла 2 ’лаза, вярба, Salix L.’ карэліц., свісл. (Весці АН БССР, 1969, 4, 124). Ад віхаць, віхацца ’качацца, хістацца, як, напрыклад, польск. wikło, wikła ад wikłać ’віхаць’. Далей яно звязана з віць (Брукнер, 613). Націск на канчатку ў назвах дрэў (асіна́, альшына́, характэрны для гэтых гаворак (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нарог ’лямеш, сашнік’ (Нас., Чач., Шн., Гарэц., Яруш., Тарн., Сл. ПЗБ); паводле Насовіча, назва ужывалася ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губ.; згодна з ДАБМ, у паўночна-заходняй зоне беларускіх гаворак; за межамі гэтага арэала вядомы на Беласточчыне naroχ ’тс’ (Смул.) і ўсх.-палес. naroh ’жалезны наканечнік рагаціны’ (Маш.); ст.-бел. нарогъ ’сашнік’ (Гарб.), польск. дыял. і ст.-польск. naróg ’жалезны зуб у сахі’. Празрыстая назва (на + рог) акрэслівае этналінгвістычную супольнасць, якая характарызуецца пэўным культурна-моўным адзінствам, у прыватнасці тыпам т. зв. літоўскай сахі (гл. Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мн., 1974, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. ка́сієр, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ра 1 ’Пяцікніжжа Маісеева’, ’першая частка Бібліі ў яўрэяў’, ’скрутак з гэтым тэкстам’ (ТСБМ). Параўн. ідыш Tojre ’Пяцікніжжа; рэлігійнае вучэнне, дактрына’, што са ст.-яўр. thōrā́​h ’вучэнне, павучанне, закон’ (Міхельсон, Рус. мысль, 670; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 602).

То́ра 2 (то́ря) ’мякіна’ (Мат. Маг. 2) — у выніку характэрнага для гаворак усходу Беларусі адсячэння пачатковага а‑ ў лексеме ато́ра ’амеці’ (гл.), аналагічна да ткуль/аткуль, тлымаць/атлымаць ’адламаць’ (Бяльк.) і пад. Параўн. таксама аці́ра, аці́ры ’смецце’ (ЛА, 2) і чэш. otěřiny (sena) ’пацяруха (сена)’; усё да *terti ’церці’ з чаргаваннем галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Ян) (28.5.1836, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 14.6.1903),

польскі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, чл.-кар. 1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857—59), у Брусельскай кансерваторыі (1859—60). У 1871—82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі р-н) і Вішнеў (Смаргонскі р-н). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздэне, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—8, 1900—27, у сааўт.), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1—6, 1900—11; закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...» (А—К, 1894—97). Важнейшыя гіст., філас. і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884—85), «Міфалогія і філасофія» (1899). З 1868 збіраў і запісваў бел. нар. казкі і інш. фальклорна-этнагр. матэрыялы. Распрацаваў «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар прац «Найноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889—95). У кн. «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (1887—88) змясціў у перакладзе на польск. мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Навагрудскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М.​Федароўскага больш за 500 мелодый бел. нар. песень (больш за 300 апубл. ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5—6, 1958—60). Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888—99) час. «Вісла», у якім друкаваў бел. фальклорна-этнагр. матэрыял. Прызнаваў за беларусамі права на самаст. развіццё, заклікаў вучоных даследаваць бел. мову, фальклор, нар. побыт. Перапісваўся з бел. вучонымі А.​Гурыновічам, М.​Янчуком, У.​Вярыгам, Федароўскім і інш. Сябраваў з Ф.​Багушэвічам. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. вучоных.

Літ.:

Кісялёў Г. Францішак Багушэвіч і Ян Карловіч // Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв). Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

Я.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,

1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар. гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».

3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.

Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел. літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.

У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац. АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.

Літ.:

Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;

Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;

Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;

Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;

Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;

гл. таксама пры арт. Норма моўная.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)