смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́р, ‑у, м.

1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым‑н. у час руху. Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. Раптам рэзкі ўдар страсянуў корпус судна. Траўлер даў крэп на правы борт. Матрунёнак. Многія гадзіннікі першага класа вызначаюцца тым, што не баяцца ўдару, пылу, вільгаці, вады. «Звязда». Я спрабаваў падняцца, але адразу падаў пад ударамі страшэннага ветру. Бяганская. // Пра біццё сэрца, пульсу. [Сцяпан] прыклаў фанендаскоп да сэрца і пачуў, як аддаляюцца і затухаюць яго ўдары. Шамякін. Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі. М. Ткачоў. // перан. Пра гром, выбух і іншыя моцныя гукі. Удар грому. □ Адзін за другім раздаліся глухія ўдары выбухаў. Лынькоў. У марозным крохкім паветры чуецца ўдар аб рэйку. Мікуліч. Яшчэ раз грамыхнуў, б’ючы ў самае сэрца людзей, удар нямецкай гарматы. Паслядовіч.

2. Імклівы напад, атака. Флангавы ўдар. Бомбавы ўдар. □ У заключэнне рэйду быў нанесены магутны камбінаваны ўдар на чыгунцы. Шамякін. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар: Ідуць партызаны. Рыхтуюць удар. Колас. [Рагозін:] — Злева ў ляску збіраюцца казакі — адтуль галоўны ўдар. Гурскі. // перан. Рашучае дзеянне, накіраванае на спыненне, знішчэнне чаго‑н. Канчатковы ўдар па спекуляцыі.

3. перан. Нечаканае гора, бяда, непрыемнасць. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны. / Пра што‑н. цяжкае, непрыемнае, што даводзіцца пераносіць каму‑н. Удар лёсу.

4. Цяжкая хвароба, кровазліццё ў мозг; апаплексія. [Ларчанка:] — Чорны захварэў. Вельмі цяжка..; Удар. Кровазліццё ў мозг. Мележ.

•••

Апаплексічны ўдар — тое, што і апаплексія.

Кручаны ўдар — удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч.

Свабодны ўдар — у футболе — удар, у час якога праціўнік не мае права нападаць.

Сонечны ўдар — цяжкі стан, які ўзнікае ў выніку перагрэву галавы сонечнымі прамянямі.

Цеплавы ўдар — захворванне, якое выклікаецца перагрэвам цела пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя.

Адным ударам — хутка, імкліва, у адзін прыём.

Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у такім становішчы, калі могуць напасці, атакаваць; у стане, калі штосьці пагражае.

Ставіць пад удар гл. ставіць.

Удар у спіну — здрадніцкі ўчынак, здрадніцкае забойства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Шчыльна, з сілай наблізіць што‑н. да чаго‑н. Не спяшаючыся, [Варанецкі] адчыніў [пячатку] і, моцна пахукаўшы, прыціснуў да першага бланка. Скрыган. Партызаны ляжалі за соснамі, прыціснуўшы да плячэй прыклады вінтовак. Навуменка. // Сціснуць, заціснуць чым‑н. Воз прыціснулі рублём і абвязалі вяроўкамі. Дайліда. Дзяўчына збянтэжылася, падала Мішу руку і пашлёпала ў галёшах на босую нагу, прыціснуўшы барадой канцы хусткі. Карпюк. // Моцна абняць, прытуліць. Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася. Гурскі. // Прычыніць боль, націснуўшы чым‑н., заціснуўшы дзе‑н. Прыціснуць палец дзвярамі. □ Тоўстая галіна прыціснула [раненаму] нагу. Шамякін. / у безас. ужыв. — На тралёўку з бацькам не паедзеш, — яшчэ бервяном прыцісне дзе-небудзь. Жычка. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад, моцна прыціснула да сядзення штурвала. Гамолка.

2. Прымусіць падступіць да якой‑н. перашкоды, якая не дае магчымасці манеўраваць, адступаць далей. У фашыстаў быў каварны і, як здавалася ім, лёгкі для ажыццяўлення план: выбіць партызан з пазіцый, прыціснуць да непраходнага балота. Сабаленка. — Рукі ўгору! Ні з месца! — грымнуў грозны малады голас, і дзве вінтоўкі прыціснулі Кіда да сцяны. Бяганская.

3. перан. Разм. Стварыць вельмі суровыя, неспрыяльныя ўмовы, становішча для каго‑, чаго‑н.; абмежаваць каго‑н. у чым‑н. Прыціснуць гультаёў. □ — Калі ж гэта нашых маленькіх панкоў-хутаранцаў прыцісне ўлада? Чарнышэвіч. [Даніла:] — От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце. Асіпенка. / у безас. ужыв. — Як ты, Максім, быў у польскім войску, мяне так прыціснула, што давялося некалькі разоў схадзіць з кантрабандай. Машара. // Пазбавіць магчымасці адмаўляць што‑н., адпірацца ад чаго‑н. Калі мы.. прыціснулі Шыпульку, ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі. Кулакоўскі. Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку... Ваданосаў. // Аказаць моцнае непрыемнае, шкоднае ўздзеянне (пра хваробу, што‑н. непажаданае і пад.). Прыціснула мяне язва. Цярпення няма. Пайшоў да старога ўрача. Прокша. — Прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі. Караткевіч.

4. без дап. Разм. Узмацніцца, пабольшаць (пра мароз, халады). Была на тым тыдні адліга, потым прыціснуў мароз, цяпер зноў пацяплела і снег бліскучы, як шкло. Савіцкі.

•••

Прыціснуць хвост каму — тое, што і прышчаміць хвост (гл. прышчаміць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго і без дап. Таўхаць каго‑н. кароткімі штуршкамі. — Ідзі, Янак, па Харытона, — торкае мяне пад бок Юзя, заглядаючы праз адчыненыя дзверы ў гасціную. Бажко. Сплю я, а нехта торкае: — Уставай, уставай, Рыгорка! Брыль. // Рэзкімі рухамі дакранацца да каго‑, чаго‑н. [Святлана:] — Падыходжу да клеткі, гляджу: Даўгахвостка не спіць. Ходзіць туды-сюды, вострай пысачкай у дзверцы торкае. На волю просіцца. Сіняўскі. Андрэй аглядаў машыну, торкаў нагой у скаты, зазіраў у матор. Няхай.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыводзіць у рух паплавок, кляваць (пра рыбу). Міша падымаецца, выцягвае адну, другую вуду, правярае. Мог бы і не правяраць. Усё роўна не торкала — вісяць чарвякі некранутымі. Кандрусевіч.

3. каго. Тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці. Бацька торкаў лейцамі каня. Мурашка.

4. чым. Соваць, усоўваць што‑н. вострае куды‑н. Адкормлены гітлеравец доўга бегаў каля жоўтай паласы, торкаў у яе кійком і злосна крычаў. Шахавец. Узяўшы стрэльбу за прыклад, .. [чырвонаармеец] пачаў торкаць штыхом у зямлю за катух. Крапіва. // што. Хаваць, засоўваць што‑н. куды‑н. Як вучыць звычай спрадвечна — Торкае маці ў сцяну Купалкі ў купальскі вечар. Што... раніца... прынясе? Барадулін. // што. Даваць, соваць што‑н. каму‑н. [Яўхім] сядзеў ля маленькага танканогага ласяняці і торкаў яму ў рот соску, надзетую на бутэльку з малаком. Бяганская. Хто адвярнуўся ды пайшоў сваёй дарогай, а хто з жалю торкаў ёй у руку капеечку. Бядуля.

5. Рабіць рухі чым‑н. у бок каго‑, чаго‑н., паказваючы на каго‑, што‑н., дакранаючыся да каго‑, чаго‑н. Хоць, праўду сказаўшы, якая была ўжо там карысць з Мікіты, калі на яго і стары і малы пальцам торкаў як на паліцэйскага шпіка? Машара. [Вяржбіцкі:] — Але толькі не тузайце, не падпіхвайце, не хадзіце за мною па полі і не торкайце пальцам: сюды, маўляў, тое пакладзі, сюды — тры зярняткі кукурузы. Савіцкі. // Паказваць што‑н. каму‑н. Левай рукой .. [Філька] прыціскае да грудзей вудзільна, а пальцы правай складае ў дулю і торкае пад нос Саўку. Жычка. // што. Разм. Усоўваць у зямлю; садзіць якую‑н. расліну. [Пётра:] — Ну як, бацька, кукуруза? — Кучаравіцца пакрысе. Бывала, па тры калівы торкалі ў нас па градах, а тут гэтакі пляц засадзілі адразу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер снегу, малака; проціл. чорны. Пад высокімі белымі хмаркамі кружыліся буслы. Брыль. Стаіць мой сад пад белым цветам. Цётка. А па вогнішчы імчыцца Белы конь. Чарот. / у знач. наз. бе́лае, ‑ага, н. Дзяўчынка ў белым. □ Вішні ў белае беляцца І распускаюцца слівы. Калачынскі. [Старыя людзі] расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Колас. // З моцна пасівелымі валасамі. Даглядаў пчол цэлы дзень Той, каго любяць дзеці, — Такі белы, белы дзед. Куляшоў. // Збляднелы. Не заплецены косы, Стан танклявай травінкі, Спахмурнелыя вочы, Белы твар, — ні крывіцкі. Броўка. [Ксёндз] увесь дрыжаў і быў белы, як палатно. Чарнышэвіч. // Дагледжаны, чысты, чыста памыты. Агранома хваляць не за белыя рукі. Прыказка. Тады сіраце нядзеля, як кашуля бела. Прыказка. // Які мае светлы колер. Белы хлеб. Белы пясок.

2. Светлы, ясны. Ды хіба ў памяці сатрэцца Той белы ранак, і сяло. Гілевіч. У акно пазірае белая месячная ноч. Мележ.

3. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: контррэвалюцыйны, варожы Савецкай уладзе; проціл. чырвоны. Белая армія. Белая гвардыя. Белы тэрор. Белая банда. Белыя генералы. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. І ўсё ж цікавей было слухаць, як білі Чырвоныя коннікі полчышчы белых. Панчанка.

4. у знач. наз. бе́лыя, ‑ых. Светлыя фігуры ў шахматах і шашках. Ход белых. Белыя пачынаюць і робяць нічыю.

5. Які мае белы колер скуры (пра расу). Да яго, чорнага хлопчыка, ніколі не адносіліся так сардэчна белыя людзі. Бяганская. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. Прыйшлі белыя, заваявалі гэту зямлю, зрабілі неграў рабамі. Шамякін.

6. Як састаўная частка некаторых заалагічных, батанічных, хімічных і інш. назваў. Белы мядзведзь. Белы лебедзь. Белая акацыя. Белы грыб. Белая гліна.

•••

Белае мяса гл. мяса.

Белая гарачка гл. гарачка.

Белая пляма гл. пляма.

Белая раса гл. раса.

Белы білет гл. білет.

Белы верш гл. верш.

Белы вугаль гл. вугаль.

Белы свет гл. свет.

Белыя ночы гл. ноч.

Белая косць (костка) гл. косць.

Белым днём гл. дзень.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Казка пра белага бычка гл. казка.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свету белага не бачыць гл. бачыць.

Свету белага не відаць гл. відаць.

Сярод белага дня гл. дзень.

У белы свет як у капейку гл. свет.

Чорным па беламу напісана гл. напісаны.

Шыта белымі віткамі гл. шыты.

Як дзень белы гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)