асму́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і смуглы. // Абветраны; загарэлы. Сустрэну я мілага, прыгожага свайго, надзену на галаву яму васількова-блакітны вянок, і ўсміхнецца мілы ды пацалуе ў асмуглыя вусны. Каваль. Асмуглыя рукі яе [дзяўчыны] Захінаюць кажушок стары. Глебка.

2. Тое, што і асмужаны (у 2 знач.). Глядзіць [месяц] на дол, на лес асмуглы, Як нейкі дбалы вартаўнік. Колас. І назаўсёды асталася дзесьці і каляіністая сцежка паўз лес, і асмуглае неба, і маці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.

2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.

3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі пеніцца; з пенай. [Маці] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна і ўлетку, калі б’юць перуны, а па дарогах цякуць пеністыя рэчкі. Гроднеў. Мы, перадаючы гладыш з рук у рукі, пілі яшчэ пеністы пахучы сырадой. Няхай. // Падобны на пену. Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

2. Які ўтварае многа пены (у 2 знач.). Пеністае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Зрабіць глыбокі ўдых і выдых; перавесці дух. Юра перадыхнуў, быццам яму не хапала паветра. Якімовіч.

2. Зрабіць кароткі перапынак для адпачынку ў час хадзьбы, працы і пад. Рукі пачыналі млець і ныць ад стомленасці, цягнула хоць трошачкі перадыхнуць, на нешта абаперціся. Кулакоўскі. Адразу, не перадыхнуўшы пасля доўгага пераходу, кінуліся [танкісты] ў бой. Мележ. Усё часцей і часцей садзіліся птушкі, каб перадыхнуць — давалася ў знакі стома. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абара́нак, ‑нка, м.

1. Булачны выраб з заварнога цеста, закручанага кольцам. І любяць дзеда Юрку ўнукі, Яны цалуюць яму рукі, А дзед у плечы іх цалуе І абаранкам патрактуе. Колас.

2. Рулявое кола ў аўтамабілі, трактары і пад. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў.

3. у знач. прысл. абара́нкам. У форме, у выглядзе кольца. Скруціцца абаранкам.

•••

Дзірка ад абаранка гл. дзірка.

Зарабіў на абаранкі гл. зарабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абцяжа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. абцяжар; зак., каго-што.

1. Зрабіць цяжкім, вагавітым. Наліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка. // Выклікаць адчуванне стомленасці. Нават зморанасць, якая абцяжарыла ногі і рукі, была прыемнай. Мележ.

2. перан. Нарабіць многа клопату, непрыемнасці, цяжкасцей. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квакта́ць, квакчу, квокчаш, квокча і квахта́ць, квахчу, квохчаш, квохча; незак.

Ствараць кароткія адрывістыя гукі (пра курыц-квактух і некаторых іншых птушак). Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, і адна, надзьмутая і сярдзітая, упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым валлём. Чорны. Цішыня, толькі дзесьці квахтала курыца ды рохкалі ў хляве свінні. Хомчанка. // перан. Бурчаць, прыгаворваць. Старая квокча. □ Паклаўшы рукі на жывот, Шчасліва мама квокча: Загналі шмат мы ўсе нягод, Няхай міне іх хлопчык. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́рзнуць і змёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змёрз, змерзла і змёрзла; зак.

1. Моцна азябнуць, акалець. Рукі змёрзлі. □ Задрамалі [Мірон і Віктар], але хутка так змерзлі, што пачалі зубамі ляскаць. Маўр. // Загінуць ад моцнага холаду, марозу; замерзнуць. І грознымі хвалямі кажа Бяроза: «Чужынцам я заўжды прыносіла жах, Нямала глынула я трупаў варожых, Нямала іх змерзла на беразе ў лозах, А колькі касцей на старых курганах». Броўка.

2. Сапсавацца, пашкодзіцца ад марозу, холаду. Бульба ў капцы змерзла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жано́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да жанчыны, жанчын. Жаночая праца. // Які належыць жанчыне. Жаночы твар. Жаночыя рукі. // Прызначаны для жанчын. Жаночы абутак. // Уласцівы жанчыне, які адрознівае жанчыну. Жаночы пол. Жаночая пяшчотнасць. // Які складаецца з жанчын. Жаночая брыгада.

2. Які адносіцца да асобіны, асобы жаночага полу, характарызуе яго. Жаночая палавая клетка. Жаночыя кветкі ў раслін.

•••

Жаночае пытанне гл. пытанне.

Жаночая рыфма гл. рыфма.

Жаночы род гл. род.

Жаночыя хваробы гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіхрэ́нне 1, ‑я, н.

1. Слуп пылу, снегу і пад., узняты ветрам. Толькі снежны пыл узнімаўся завіхрэннямі над зямлёй, толькі мяцеліца ладзіла вар’яцкае сваё ігрышча. Мікуліч.

2. Спец. Утварэнне віхраў у газе або вадкасці пры абцяканні якіх‑н. цел або пры сустрэчы супрацьлеглых патокаў.

завіхрэ́нне 2, ‑я, н.

Тое, што і віхор ​2. Зініны рукі, прастакаваты твар, пакрыты залаціста-рыжымі валасінкамі з завіхрэннямі ля вушэй, шырокі нос вельмі ўжо не падабаліся мне. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)