Сачо́к 1 ’конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад.’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бес., З нар. сл.), са́чак ’тс’ (Дэмб., 2, 575). Памяншальнае да сак 2 (гл.).

Сачо́к 2 ’від жаночага адзення, кароткая куртка на ваце’ (ТСБМ, Янк., Сцяшк.), са́чак ’тс’ (Бір., Сцяшк., Шатал., Янк., З нар. сл., Нар. сл.), са́чык ’тс’ (Сцяшк., З нар. сл., Жд. 1, Нар. сл., Сл. Брэс., Сакал., Скарбы). Памяншальнае да сак 1 (гл.).

Сачо́к 3 ’гультай’ (Жд. 1). Запазычанне вусным шляхам з рус. прастамоўнага сачо́к ’тс’, сачкова́ть жарт. ’гультаяваць; прапускаць урокі, лекцыі’. Дзеяслоў, паводле ССРЛЯ, 13, 210, фіксуецца ўпершыню ў пісьменніка Новікава–Прыбоя ў значэннях ’лавіць рыбу сачком’, ’гультаяваць’. Тады да сачок < сак 2 (гл.) ’прылада лавіць рыбу’; значэнне ’гультаяваць’ у дзеяслова з’явілася, відаць, пад уплывам меркаванняў, што лоўля рыбы — гэта заняцце, каб правесці час. Гэта можа быць і народная этымалогія. Гаўлава (Etym. Brunensia, Brno, 1980, 27), якая прыводзіць яшчэ дыял. маск. сачёк ’хлопец, які заляцаецца да дзяўчыны, яе каханы’, узводзіць да *sočiti (гл. сачыць), што больш верагодна, параўн. і вядомае ў гутарковай мове 30‑х гадоў XX ст. сачо́к як адпаведнік рус. сексо́т (< секретный сотрудник).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаварада́ ‘патэльня’ (ТСБМ; Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 4), скаравада́ (Шатал., З нар. сл.), скараво́да (Бяльк.), скароўда́ (Сцяшк.), скварада́ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), скаварэ́нда, скоўрада́ (Сл. Брэс.) ‘тс’. Укр., рус. сковорода́, ст.-рус. сковорода, польск. skowroda, н.-луж. škórodej, в.-луж. škorodej, ст.-чэш. skravada, skrovada, ст.-слав. сковрада ‘прылада для катавання’. Прасл. *skovorda, *skovordy, ‑ъve. Этымалогія няясная. Параўноўваюць з ст.-в.-ням. scart, ‑isan ‘кацялок, патэльня’, с.-в.-ням. scharte ж. р., schart м., н. р. ‘тс’; гл. Ільінскі, ИОРЯС, 24, 1, 114–115; Брандт, РФВ, 24, 176, Махэк₂, 548; Фасмер, 3, 644. Зычны ‑в‑ тлумачыцца ўплывам слав. *skvara (гл. скварыць) і роднасных. Супраць Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 14–15), які выводзіць славянскае слова з формы, блізкай арм. skavaŕak, перс. sukōra (sukurra) ‘міска, сподак, талерка’, крыніцай якіх ён лічыць грэч. σκεναρίδα, вытворнае ад σκεναριν ‘маленькая пасудзіна’. Спробы выдзеліць архаічны прэфікс ско‑ (sko‑) пры каранёвым ворд‑/вард‑ (< *vьrd‑) ‘жордка, прут’ (Куркіна, Этимология–1988–1990, 57–60) не пераконваюць па семантычных прычынах. Вытворныя ад скаварада: скаваро́днік, скаварадзе́нь ‘чапяла’, ‘блін або ляпёшка, спечаныя на патэльні, праснак’ (Шымк. Собр., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тага́н 1 ’падстаўка на ножках пад кацёл, чыгунок, вядро і пад. пры гатаванні ежы на агні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ’трыножак, на які вешаюць калыску з дзіцем у час жніва’ (леп., ЛА, 3; Ян.), таганы́ ’тс’ (ТСБМ, Касп.; докш., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ушац., леп., ЛА, 3), ’трыножнік для падвешвання ў полі люлькі, катла’ (ТС), тагано́к ’невялікі металічны кацялок з дзяржаннем для варкі ежы ў полі’ (Растарг.). Укр. тага́н ’трыножнік для катла’, тагани́ ’прыстасаванне для падвешвання калыскі ў час працы на полі’, рус. тага́н ’падстаўка для катла, трыножнік’, серб.-харв. тѝга̄њ ’патэльня’, балг. тига́н ’тс’, ст.-слав. таганъ, тиганъ ’тс’. З цюркскіх моў, дзе тат. qazan taɣany ’козлы для падвешвання катла’, крым.-тат. tyɣan ’жароўня’, якія далей звязваюць з грэч. τηγανον ’патэльня’, новагрэч. τηγάνι(ον) ’тс’ (Фасмер, 4, 9; ЕСУМ, 5, 502; Анікін, 521).

Тага́н 2 ’катаванне, строгі допыт’: возьми его на таганъ, дакъ и прызнаецца (Нас.). Рус. смал. натага́н ’у розныя бакі, урасцяжку’, ’на расправу’ (Дабр.). Відаць, да папярэдняга слова (гл. таган 1), якое мела і спецыфічнае значэнне ’прылада для катавання’, захавалася толькі ў спалучэннях з прыназоўнікам (прыстаўкай) на: на тага́н, натага́н ’паддаць расправе, катаванню’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даро́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш.-ласк. да дарога; вузкая дарога, сцежка. Мінуў дзед і трэці лясок, яшчэ адно поле прайшоў і ўлева на Бярозавы хутар на дарожку павярнуў. Колас. Неўзабаве на вочы трапілася вузенькая палявая дарожка. Якімовіч.

2. Спецыяльна зробленая для хадзьбы вузкая дарога ў садах, парках і пад. Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. Колас. Вось ён злез і крочыць паркам Па дарожцы між прысад. Крапіва. // Доўгі вузкі след, пакінуты кім‑н., чым‑н. Дарожка лісіных слядоў.

3. Вузкі доўгі дыван; палавік. Шырокія калідоры засцелены лінолеумам і плюшавымі дарожкамі. «Беларусь». // Вузкая паласа з тканіны, карунак і пад., якая сцелецца зверху ў якасці аздобы. Усё чысценька, усё прыкрыта сурвэткамі, дарожкамі. Васілевіч.

4. Рыбалоўная прылада ў выглядзе доўгага шнура з кручком і прынадай на канцы. Лоўля на дарожку — гэта лоўля на блешню, якую цягнуць за сабой, плывучы па вадаёму на лодцы. Матрунёнак.

5. Вузкае доўгае паглыбленне на чым‑н.; жалабок, разорка.

•••

Бегавая дарожка — спецыяльная кругавая дарожка на стадыёнах, катках і пад., на якой праводзяцца трэніроўкі і спаборніцтвы ў бегу.

Лётная дарожка — паласа зямлі на аэрадроме, прызначаная для ўзлёту і пасадкі самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́жань, ‑жня, м.

1. Старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. І сад развінуўся, ліствою багаты, На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.

2. Паверхня чаго‑н. або колькасць якога‑н. матэрыялу, роўныя гэтай меры (пагоннай, квадратнай або кубічнай). Сажань зямлі. Сажань дроў. □ Прабегшы некалькі дзесяткаў сажняў краем даліны, крынічка зноў хавалася ў зямлю. Колас. І Ларывон Масеевіч прыгадвае, як сажнямі ставіў некалі дровы, як цягаў двуручную пілу. Мяжэвіч.

3. Прылада для абмервання зямельных участкаў. З драўлянымі сажнямі хадзілі натоўпы сялян і парабкаў па панскіх палях. Броўка. Вось з рагатым сажнем ідзе калгасны брыгадзір, які намяраў касцом працадні. Шкраба.

•••

Бачыць на тры сажні пад зямлёю гл. бачыць.

Касы сажань у плячах — шыракаплечы, магутнага складу (пра чалавека). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажань у плячах. Волат. Мяжэвіч.

Сажнем носа не дастаць — тое, што і крукам (шастом) носа не дастаць (гл. дастаць). Ледзь апякунства выкарміць яго, Глядзі, і сажнем не дастанеш носа. Ляпёшкін.

У касы сажань ростам — пра рослага, высокага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

gear

[gɪr]

1.

n.

1) Tech. шасьцярня́ f.; зубча́(с)тае ко́ла

2) зубча́(с)тая перада́ча, прыво́д -у m., перада́тачны мэхані́зм

3) апара́т -а m.; прыла́да f., інструмэ́нт -а m.; прыла́дак -ка m., прыла́дзьдзе n.

4) рухо́мая маёмасьць

5) во́пратка f., адзе́ньне n., убо́р -у m.

6) збру́я, ву́праж f. (для каня́)

7) Naut. асна́стка f., сна́сьці вадапла́ва, такела́ж -у m.

2.

v.t.

1) забясьпе́чваць прыво́дам

2) пуска́ць у рух

3) падпара́дкаваць

3.

v.i.

1) спра́ўна працава́ць (пра ча́сткі машы́ны)

2) рыхтава́цца, плянава́ць

•

- in gear

- out of gear

- shift gears

- in high gear

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

press

I [pres]

1.

v.

1) ці́снуць, націска́ць, прыціска́ць

2) выціска́ць (сок); сьціска́ць

3) абдыма́ць, прыціска́ць да сябе́, прытуля́ць

to press oneself to — прыпада́ць, прытуля́цца да каго́-чаго́

4) прасава́ць (адзе́ньне)

5) націска́ць, напіра́ць, падганя́ць

6) насто́йваць, прымуша́ць

2.

n.

1) на́ціск, ціск -у m.

press of duties — цяжа́р абавя́зкаў

2) прэс -а m. (прыла́да)

3) друка́рскі варшта́т

4) друка́рня f.

5) друка́рства n., друк -у m.

to go to press — быць зда́дзеным у друк

6) прэ́са f.

7) сьціск нато́ўпу

II [pres]

1.

v.

сі́лай вэрбава́ць (у во́йска)

2.

n.

вэрбава́ньне сі́лай

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Се́ры 1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры 2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапло́ 1 ‘прылада, якой трэплюць лён’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Мядзв., Шат., Касп., Сл. Брэс., Дэмб. 2; глус., Янк. Мат.; нараўл., Арх. ГУ; мёрск., Ск. нар. мовы, Сл. ПЗБ), трэпло́ ‘тс’ (Пятк. 2, Мат. Гом., Сл. Брэс.), трапло́ і трэпа́ло ‘тс’ (Сл. Брэс.; пруж., Сл. ПЗБ); трапло́ ‘мянташка’ (Ласт.), трэ́пла ‘калодачка, падстаўка, слупок — прыстасаванне трапаць лён’ (Сл. ПЗБ; докш., бых., карм., бяроз., пін., бабр., добр., ЛА, 5); трепло́ ‘жменя лёну для трапання’ (петрык., ЛА, 4); трэпло́ ‘трапанне’ (Мат. Гом.). Укр. трепло́ ‘вясло ў плыце’, ‘трапачка для лёну’, рус. дыял. трепло́ ‘тс’. Утворана ад асновы *trep‑ (гл. трапаць 1) і суф. *‑lo, які ўтварае пераважна nomina instrumenti (адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 1, 104).

Трапло́ 2 ‘чалавек, які гаворыць бязглуздзіцу, балбатун, пустабрэх’ (ТСБМ, Шат., Касп.; ашм., Стан., Сцяшк., Брасл. сл., Мат. Гом.), трэпло́ ‘тс’ (Арх. Вяр., ТС, Растарг.), тряпло́ ‘тс’ (віц., ЛА, 2); сюды ж выраз трапло́ вавіло́нскае (астрав., Бел. дыял. 1), траплава́ты ‘які любіць гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), траплі́вый ‘балбатлівы’ (Юрч. СНС). Вытворнае ад трапаць 2 у значэнні ‘многа гаварыць’ (Саевіч, Derywacja, 230), параўн. укр. трепло́ ‘балбатун, хвалько’, рус. разм. трепло́ ‘балбатун’; утварэнне, аманімічнае трапло 1, мажліва, аргатычнага паходжання, параўн. укр. аргат. трепа́ти ‘чытаць, спяваць’ (Горбач, Арго), што не выключае ўплыву т. зв. бурсацкай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́НА (Wien),

горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс. ж. (1991). Адзін з найб. трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал. прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сць прамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.

У 1 ст. н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн. Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал. еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену

ўведзены ням. войскі (гл. Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц. акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.

Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац. б-ка, 1723—25, арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.​Земпер, К.​Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.​Л.​Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.​Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.​Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.​Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.​Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.

У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-т сусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш. Нац. б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, І.​Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.

Вена. Ратуша.
Да арт. Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах. 1716—39.
Да арт. Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)