МА́ЙБАРАДА (Платон Іларыёнавіч) (1.12.1918, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 8.7.1989),
украінскі кампазітар. Брат Г.І.Майбарады. Нар.арт. Украіны (1968). Нар.арт.СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1947, клас Л.Равуцкага). Працаваў пераважна ў песенным жанры. У творчасці выкарыстоўваў формы, блізкія да ўкр. фальклору. Аўтар «Гераічнай уверцюры» для сімф.арк. (1947), вак.-сімф. паэмы «Таполі» (1966), папулярных песень, у т. л. «Ручнічок», «Родная маці мая», «Мы пойдзем, дзе травы паніклі», «Кіеўскі вальс», апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Е ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання з правамі юрыд. асобы. Формы ўласнасці — любыя. Адметныя адзнакі М.п. — крайне невял. доля ў агульным па краіне аб’ёме дзейнасці, якая з’яўляецца профільнай для прадпрыемства, і абмежаванні колькасці працуючых (адрозніваюцца ў розных сферах эканомікі). Да М.п. адносяцца вытв. і кансалтынгавыя фірмы (гл.Кансалтынг), многія прадпрыемствы рознічнага гандлю і сферы абслугоўвання. М.п. ўзмацняе дзелавую актыўнасць грамадзян і пашырае спектр іх магчымасцей, садзейнічае структурнай перабудове эканомікі, дэманапалізацыі вытв-сці і развіццю канкурэнцыі, вырашэнню праблемы занятасці насельніцтва, аператыўнаму рэагаванню вытв-сці канкрэтных тавараў і паслуг на змены спажывецкага попыту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
гара на Беларусі, 3-і па вышыні пункт, на Мінскім узв. На У Валожынскага р-на Мінскай вобл., каля в. Шапавалы. Выш. 335 м. Каля падэшвы гары бяруць пачатак рэкі Уша (прыток Віліі, бас. Нёмана) і Свіслач (бас. Дняпра). Складзена з чырвона-бурых, часткова завалуненых суглінкаў, месцамі глін, укрытых лёсападобнымі (пылаватымі) суглінкамі. Мае выгляд буйнога марэннага ўзгорка з вяршыняй авальнай формы. Схілы паўн. і паўн.-ўсх. выпуклыя (стромкасць 10—15°), паўд. і зах. пакатыя (стромкасць да 5°). Глебы дзярнова-падзолістыя сярэднесугліністыя, значна змытыя. Верхняя ч. гары ўкрыта лесам, астатняя пад ворывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСАМАТЫ́ЧНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі пры метасаматызме. Утвараюцца пад уздзеяннем цыркулюючых на глыбіні гарачых мінер. водных раствораў, якія выносяць з месца ўтварэння М.р. радавыя элементы горных парод (шчолачы, шчолачна-зямельныя элементы, крэмній) і прыносяць каштоўныя элементы, у т. л. металы. Залягаюць у выглядзе пакладаў складанай формы, часта занальныя. Найб. спрыяльнымі для ўтварэння М.р. з’яўляюцца лёгкарастваральныя карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты). Паводле т-ры ўтварэння падзяляюцца на высокатэмпературныя (скарнавыя і грэйзенавыя радовішчы чорных і каляровых металаў), сярэднетэмпературныя (гідратэрмальныя радовішчы медзі, свінцу і цынку) і нізкатэмпературныя (інфільтрацыйныя радовішчы урану і медзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),
парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.
Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),
сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).
Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,
аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25°паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЦТВА,
старажытны від працоўнай дзейнасці чалавека, звязаны са здабычай дзікіх жывёл. На працягу многіх гіст. эпох забяспечвала чалавека сродкамі існавання. З цягам часу яго мэты і змест мяняліся, узнікалі новыя формы. З развіццём грамадства і ўдасканаленнем паляўнічых прылад П. паступова ператварылася ў прамысловую форму. З часоў Кіеўскай Русі прадукцыя П. экспартавалася. На тэр. Беларусі ў 15—16 ст.мясц. сабалінае футра прадавалася партыямі па 100—200 шт. у Мінску, Навагрудку, Полацку і інш. Асабліва шмат здабывалася баброў. На сучасным этапе П. засталося ў асобных мадэрнізаваных формах, перанятых паляўнічай гаспадаркай, навук. асновай якой служыць паляўніцтвазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГАЛІ́НЫ,
яшчары (Pholidota), атрад млекакормячых. Вядомы з плейстацэну (каля 2 млн.г. назад). 1 сям., 1 род, 7 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Паўд. Афрыцы. Жывуць у лясах, саваннах. Большасць відаў наземныя, ёсць дрэвавыя формы. Актыўныя ўначы. Пры небяспецы скручваюцца ў шар.
Даўж. цела да 88 см, хваста да 80 см, маса да 27 кг. Цела зверху і з бакоў укрыта вял. рагавымі пласцінкамі. Канечнасці пяціпальцыя, з вял. кіпцюрамі. Морда падоўжаная. Язык чэрвепадобны, ліпучы, даўж. да 40 см; з яго дапамогай П. кормяцца мурашкамі і тэрмітамі. Нараджаюць 1, зрэдку 2—3 дзіцяняці.