род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СНА, троліус (Trollius),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАХВО́СТЫ (Sificoidea),
надсямейства насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых. 2 сям., каля 200 відаў. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі хвойны, або Р.-гігант (Serix gigas, або Urocerus gigas), сіні хваёвы (Sirex juvencus, або Paururus juvencus), бярозавы (Tremex tuscicornis). Пераносчыкі чырв. гнілі драўніны. Шкоднікі лесу.
Даўж. да 6 см. Цела цыліндрычнае. У самак на канцы брушка доўгі яйцаклад, падобны на рог (адсюль назва). Вусікі шчацінкападобныя. Ротавыя органы грызучыя. Ногі бегальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі белаватыя з жаўтаватым або зеленаватым адценнем, цыліндрычныя, выгнутыя, з 3 парамі рудыментарных грудных ног і вострым адросткам на заднім канцы цела.
С.Л.Максімава.
Рагахвосты: 1 — вялікі хвойны (а — дарослая самка; б — лічынка); 2 — сіні хваёвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́ХА (Arabis),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКШАПАДО́БНЫЯ (Coraciiformes),
атрад птушак. 10 сям., 49 родаў, 194 віды (існуюць інш. класіфікацыі). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, ва ўмераных шыротах пералётныя. Жывуць у разрэджаных лясах, некат. — у саваннах, стэпах, пустынях. Актыўныя днём. Гняздуюцца ў дуплах, расколінах скал, норах; некат. віды ўтвараюць калоніі. На Беларусі трапляюцца зімародак звычайны (занесены ў Чырв. кнігу), сіваграк, удод, шчурка залацістая.
Даўж. да 165 см, маса да 4 кг. Апярэнне шчыльнае, яркаафарбаванае, з метал. адлівам. Дзюбы разнастайныя, пераважна доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, зімародак — рыбай. Манагамы. Птушанятныя птушкі. Адкладваюць да 10 (звычайна 2—6) яец.
А.М.Петрыкаў.
Ракшападобныя: 1 — шчурка залацістая; 2 — шыракарот усходні; 3 — воран паўночны рагаты; 4 — насарог вялікі індыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́Я РА́КІ,
падатрад поўзаючых ракаў (Reptantia) атр. дзесяціногіх ракападобных. 3 сям. Пашыраны ў прэсных вадаёмах умераных паясоў зямнога шара, апрача Афрыкі. Жывуць у рэках, ручаях, пячорных вадаёмах. Укрываюцца ў норах. Адчувальныя да якасці вады. На Беларусі 2 віды Р.р.: вузкапальцы (Astacus leptodactylus) і шыракапальцы (A. astacus, або A. fluviatilis), які занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 30 см (мадагаскарскага Р.р. да 80 см), маса да 150 г. Цела складаецца з нерасчлянёных галавагрудзей і брушка з 6 сегментаў, укрыта хіцінавым панцырам. Вочы фасетачныя, сцябліністыя. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, спажываюць і жывёльны корм (пераважна рэшткі). Раздзельнаполыя. Пры росце некалькі разоў ліняюць Шэраг відаў — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.