ГЛАЎКО́МА (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),
хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).
Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ТРА́НСПАРТУ,
навука, якая вывучае тэр. структуру транспарту, заканамернасці і спецыфічныя асаблівасці яго размяшчэння, ступень трансп. забяспечанасці тэрыторый. Падзяляецца на агульную, галіновую і рэгіянальную геаграфію транспарту. Агульная даследуе гіст. заканамернасці развіццятрансп. сістэм краін і раёнаў, уплыў на транспарт прыродных умоў (рэльеф, клімат, гідраграфія і інш.) і ландшафтных комплексаў, месца транспарту ў эканоміцы, трансп.-эканам. сувязі і грузапатокі, трансп. пункты і вузлы, геагр. праблемы пасаж. транспарту. Галіновая выяўляе спецыфіку тэр. арганізацыі кожнага віду транспарту (аўтамаб., чыг., рачнога, марскога, авіяц., трубаправоднага і інш.). Рэгіянальная вывучае арганізацыю сістэм узаемадзейных відаў транспарту на вызначанай тэр. (кантынент, краіна, адм.-тэр. адзінка і інш.). Выкарыстоўвае метады прасторавага аналізу, матэм. праграмаванне, а таксама параўнальны, картаграфічны і гіст.-геаграфічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДАНІ́ЗМ (ад грэч. hēdonē асалода),
этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб.развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.Гобс, Дж.Лок, П.Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.Сантаяна, Дз.Дрэйк, аўстр. М.Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Фрыдрых Ота) (26.3.1878—?),
аўстрыйскі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Скончыў Венскі ун-т. У 1920—30-я г. саветнік міністра пры Аўстрыйскай федэральнай канцылярыі, у 1930—33 праф. эканомікі і сацыялогіі ун-та ў г. Гале. У 1938 эмігрыраваў у Англію. Услед за Э.Давідам і Э.Бернштэйнам выступіў з рэвізіяй марксісцкага агр. вучэння; тэарэтычна абгрунтоўваў устойлівасць дробнай вытв-сці ў земляробстве, адстойваў «закон спаду ўрадлівасці глебы». Яго палажэнні выкарыстоўвалі рус. эканамісты С.М.Булгакаў, В.М.Чарноў і інш. ў палеміцы з марксістамі па пытаннях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. Погляды Герца крытыкаваў У.І.Ленін у працы «Аграрнае пытанне і «крытыкі Маркса» (1901, 1907).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,
максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз.развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА ДАЛІНЫ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫЯ,
старажытная цывілізацыя 3—2-га тыс. да н.э. ў даліне р. Інд (ПнЗ Пакістана). Гал. цэнтры — Харапа і Махенджа-Дара. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Да 2300 да н.э. цывілізацыя дасягнула высокага ўзроўню развіцця, у гарадах упершыню выкарыстаны сеткавы прынцып планіроўкі, шырока ўжывалася сістэма дрэнажу, выраблялася абпаленая цэгла. Выяўлены грамадскія сховішчы прадуктаў харчавання, у Махенджа-Дара раскапаны лазні, зала сходаў. Шырока выкарыстоўваліся іерагліфічнае пісьмо, стандартныя меры вагі і даўжыні, вырабляліся тэракотавыя жаночыя статуэткі. Да 1700 да н.э. ў культуры цывілізацыі стаў прыкметны заняпад, якому садзейнічалі частыя навадненні, выкліканыя разлівамі Інда. Канчаткова І.д.ц. загінула ў выніку ўварванняў звонку.
Да арт.Інда даліны цывілізацыя. Махенджа-Дара. Скульптура барадатага жраца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац inter паміж + сексуальнасць),
наяўнасць у раздзельнаполых арганізмаў прыкмет абодвух полаў. Гэтыя прыкметы развіты няпоўна, маюць прамежкавы характар і ў адрозненне ад гінандрамарфізму праяўляюцца сумесна на адных і тых жа ч. цела асобін. Эмбрыянальнае развіццё такога інтэрсексу пачынаецца нармальна, але з пэўнага моманту працягваецца па тыпе інш. полу. Можа ўзнікнуць як вынік генет. заган развіцця (зіготная І.) або пры парушэнні работы залоз унутр. сакрэцыі (гарманальная І.). Розныя формы І., ці т.зв. псеўдагермафрадытызму, якія зрэдку выяўляюцца ў чалавека, могуць выклікацца парушэннем нармальнай колькасці палавых храмасом. Гарманальная І. узнікае ў зыходна разнаполых жывёл пры зменах у эндакрыннай сістэме. Яе можна выклікаць кастрацыяй жывёлы і перасадкай ёй палавой залозы інш. полу. Гл. таксама Гермафрадытызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,
хваробы, якія выклікаюцца мікраарганізмамі і вірусамі. эвалюцыйна прыстасаванымі да паразітавання ў арганізме жывёлы. Характарызуюцца наяўнасцю спецыфічнага ўзбуджальніка, цыклічнасцю развіцця, здольнасцю перадавацца ад захварэлай жывёлы здаровай і пры адпаведных умовах выклікаць эпізаотыі і панзаотыі. Наносяць эканам. страты сельскай гаспадарцы. Узбуджальнікі І.х.ж. пранікаюць у арганізм праз органы дыхання, стрававальны тракт, слізістыя абалонкі, скуру і інш. Хваробы падзяляюць на агульныя для некалькіх відаў жывёл (сібірская язва, туберкулёз, яшчур і інш.) і ўласцівыя асобным відам (напр., брадзот авечак, інфекцыйная анемія коней, лейкоз птушак, мыт коней, чума свіней і інш.). Некаторыя І.х.ж. перадаюцца чалавеку (бруцэлёз, сап, сібірская язва, туберкулёз і інш.). Пры падазрэнні на інфекц. хваробу жывёл ізалююць і аказваюць лячэбную дапамогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.11.1923, р.п. Локаць Брасаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-рс.-г.н. (1976), праф. (1994). Засл. лесавод Рэспублікі Беларусь (1991). Скончыў Бранскі лесагасп. ін-т (1949). З 1960 у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі (у 1964—92 заг. лабараторыі). Навук. працы па асновах высечак догляду ў лясах, правядзенні высечак абнаўлення і перафарміравання, вядзенні гаспадаркі ў дубровах Беларусі. Аўтар распрацоўкі матэм. мадэлі і табліц ходу росту ствалавой драўніны і надземнай фітамасы хвойных культур, адзін з аўтараў стратэг. плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі (1997).
Тв.:
Постепенные и выборочные рубки в лесах Белоруссии. Мн., 1969 (разам з В.А.Феафілавым).