ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ПАХО́Д 1934—36, Вялікі паход,

перабазіраванне асн. сіл Кіт. Чырв. Арміі (КЧА) з цэнтр. і паўд. раёнаў Кітая на ПнЗ. У выніку наступлення войск Гаміньдана на чале з Чан Кайшы ўрад Кіт. Сав. Рэспублікі (КСР) і кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітая (КПК) былі блакіраваны ў раёне стыку правінцый Цзянсі і Фуцзянь. У гэтых умовах ЦК КПК вырашыў прабівацца сіламі 1-га фронту КЧА (каманд. Чжу Дэ, паліт. камісар Чжоў Эньлай) на ПнЗ, бліжэй да мяжы з СССР. Паход пачаўся 16.10.1934 і да снеж. 1934 войскі 1-га фронту КЧА выйшлі да прав. Гуйчжоў, дзе на нарадзе ў г. Цзуньі (снеж. 1935) старшыня Савета нар. камісараў КСР Мао Цзэдун пры падтрымцы ваенных адхіліў ад кіраўніцтва ген. сакратара ЦК КПК Цын Бансяня і дабіўся прызначэння сябе паліт. камісарам 1-га фронту КЧА. Пазбягаючы сустрэчы з гал. сіламі Чан Кайшы, войскі КЧА накіраваліся ў прав. Сычуань, дзе ў чэрв. 1935 злучыліся з 4-м фронтам КЧА (камандуючы Сюй Сянцянь, паліт. камісар Чжан Гатао). У жн. 1935 сілы аб’яднаных франтоў КЧА (камандуючы Чжу Дэ, ген. паліт. камісар Чжан Гатао) прадоўжылі рух на Пн. Неўзабаве б.ч. іх была вымушана вярнуцца ў прав. Сычуань, але 2 корпусы КЧА на чале з Мао Цзэдунам у кастр. 1935 прабіліся ў паўн. частку Шэньсі, дзе ўжо існаваў сав. раён. У кастр.—ліст. 1936 да іх далучыліся рэшткі 2-га, 4 і 6-га франтоў КЧА. У выніку П.-З.п. былі страчаны ўсе сав. раёны ў цэнтр. і паўд. Кітаі, але захавана кіруючае ядро КПК і камандаванне КЧА.

Літ.:

Браун О. Китайские записки, 1932—1939: Пер. с нем. М., 1974;

История Китая. М., 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,

адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.​Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац. ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч. г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л. па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ДРУГІ́ ў Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Прыбалт. фронту (створаны 10.10.1943). Дзейнічаў на паўн.-зах. напрамку. Камандуючыя: ген. арміі М.​М.​Папоў (кастр. 1943 — крас. 1944), ген. арміі А.І.Яроменка (крас. 1944 — люты 1945), Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў (люты—сак. 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Л.​З.​Мехліс (кастр.—снеж. 1943), ген.-лейт. М.А.Булганін (снеж. 1943 — крас. 1944), ген.-лейт. У.​М.​Багаткін (крас. 1944 — сак. 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 23.8.1944 ген.палк. Л.М.Сандалаў (кастр. 1943 — сак. 1945), ген.-палк. М.​М.​Папоў (сак. 1945). У яго склад увайшлі арміі: 11-я, 20-я, 22-я агульнавайск., 3-я ўдарная, 6-я і 11-я гв. і 15-я паветр.; у розны час у склад фронту ўваходзілі 42-я і 51-я агульнавайск., 1-я і 4-я ўдарныя, 10-я гв. і 14-я паветр. арміі, 5-ы танк., 3-і гв. кав. і 130-ы латышскі стралк. карпусы. У ліст. 1943 войскі левага крыла фронту ва ўзаемадзеянні з Прыбалтыйскім фронтам першым вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку. У ліп. 1944 войскі фронту правялі Рэжыцка-Дзвінскую аперацыю 1944 і прасунуліся на З да 200 км. У выніку быў прарваны гал. абарончы рубеж ворага «Пантэра», вызвалены раённыя цэнтры Беларусі: 12 ліп. Расоны і Дрыса (з 1962 Верхнядзвінск), 17 ліп. Асвея, інш. населеныя пункты. Пасля вызвалення г. Даўгаўпілс (27 ліп.) войскі фронту наступалі ўздоўж Зах. Дзвіны, удзельнічалі ў вызваленні Рыгі, у кастр. 1944 сумесна з войскамі 1-га Прыбалт. фронту блакіравалі ў Курляндыі групу армій «Поўнач» і да крас. 1945 вялі баі па яе знішчэнні. П.ф.д. расфарміраваны 1.4.1945, яго войскі перададзены ў склад Ленінградскага фронту.

М.​І.​Камінскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1941, пагадненне Сікорскага — Майскага,

падпісана 30 ліп. ў Лондане ў 2-ю сусв. вайну паслом СССР у Вялікабрытаніі І.​М.​Майскім і кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыі ген. У.​Сікорскім. Спыніла польска-сав. канфлікт, які пачаўся пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі ва Усх. Польшчу (Зах. Беларусь і Зах. Украіну) у пач. 2-й сусв. вайны, калі Польшча абаранялася ад нападу фаш. Германіі. Урад Сікорскага з ліст. 1939 лічыў Польшчу ў стане вайны з СССР, да нападу Германіі на СССР (22.6.1941) афіц. польска-сав. кантакты адсутнічалі. Перагаворы пачаліся 5.7.1941 у Лондане пры пасрэдніцтве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.​Ідэна. Яны выявілі рознагалоссі бакоў адносна міждзярж. граніцы. Але пад націскам брыт. ўрада, зацікаўленага ў супрацоўніцтве з СССР у барацьбе з Германіяй, Сікорскі згадзіўся на кампрамісны тэкст пагаднення, не закранаючы ў ім пытання аб граніцы. Пагадненне складалася з 5 пунктаў: сав.-герм. дагаворы 1939, што датычыліся тэр. змен у Польшчы, прызнаваліся страціўшымі сілу; аднаўляліся двухбаковыя дыпламат. адносіны; прадугледжвалася ўзаемная дапамога ў вайне супраць Германіі; урад СССР даваў згоду на стварэнне на сваёй тэр. польскай арміі; прадугледжвалася неадкладнае, без ратыфікацыі, уступленне пагаднення ў сілу. 14.8.1941 у Маскве падпісаны спец. ваенны дагавор, які рэгуляваў пытанні стварэння польскай арміі. Да вясны 1942 у СССР сфарміравана польская Андэрса армія. С.-п.п. 1941 страціла сілу ў момант разрыву ўрадам СССР адносін з польскім урадам (25.4.1943) у адказ на патрабаванне апошняга высветліць абставіны Катыньскага расстрэлу 1940 (гл. Катынь).

Літ.:

Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. Т. 7. С 198, 201—202, 207—208, 217—218;

Układ Sikorski—Majski: Wybór dokumentów. Warszawa, 1990.

Р.​Р.​Лазько, Е.​Ф.​Саўчук.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ро́спуск 1 і ро́спуст ’развод, скасаванне шлюбу’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Банк і Некр.), ’нястрыманы чалавек’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’распушчаны чалавек’ (клец., Нар. лекс.). Укр. ро́спуск ’роспуск, канікулы’, ро́спуста ’свавольства, непадпарадкаванне’, рус. старое ро́спуск і ро́спуст ’развод’, ст.-рус. роспускъ ’тс’ (XV ст.), стараж.-рус. роспустъ ’тс’ (1150 г.), рос‑/распускатися ’разводзіцца’ (1156 г.); польск. rozpustny, rozpusta, ’незвязаны, вызвалены’, ст.-польск. rozpust ’распуста, разбэшчанасць’, н.-луж. rozpušćeńc, в.-луж. rozpušćenc ’распуснік’, ст.-чэш. rozpuščenie ’гарэзлівасць, свавольства, развязнасць’, чэш. дыял. v rozpust (jísti, píti) ’вельмі многа (есці, піць)’, ’без межаў’, чэш. rozpust(i)lý, rozpustilec, славац. rozpustený ’гарэзлівы, свавольны’, славен. rásputni ’распушчаны’, razpuščati ’распускаць’, серб. ра́спустан, распу̀ститисе ’распусціць’ (на канікулы), ’развесціся (аб сужэнстве)’, харв. ráspust ’роспуск’, ’канікулы’, ràspusta ’распуста’, raspuštènik ’разведзены’, макед. распуштеник ’тс’, балг. разпуштам ’разводзіць сужэнцаў’, ст.-слав. кънигы распоустьны ’ліст аб скасаванні шлюбу’. Прасл. *orz‑pustъ, утворанае ад *orz‑ ’раз-/рас-’ і *pustъ > пусты́. Гэтыя формы трэба разумець як “свабодны”, “вызвалены”, “не абавязаны”. Формы з ‑sk‑ узніклі ў выніку адваротнай аналогіі з формаў, якія маюць ‑šč‑ (Махэк₂, 501). Гл. таксама распуста.

Ро́спуск 2 ’вясенняе бездарожжа’ (ТС), рус. арханг. ро́спуск ’адліга, бездараж’. Утвораны ад роспуст (гл.) пад уплывам параўнальна новага (Махэк₂, 501) дзеяслова распускаць ’аслабляць’. Фанетычная блізкасць з роспуст прывяла да змешвання лексічнага значэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

przejąć

przeją|ć

зак.

1. праняць; пранізаць; працяць;

~ł go ból — яго працяў (пранізаў) боль;

2. перахапіць, перахваціць (ліст);

3. ахапіць, ахваціць;

strach go ~ł — яго ахапіў страх;

4. прыняць на сябе (абавязкі);

5. пераняць, запазычыць;

~ć czyje ruchy — пераняць чые рухі

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

тэкст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, што напісана або надрукавана, напісаныя або сказаныя кім‑н. словы, якія можна ўзлавіць, паўтарыць у тым жа выглядзе. Запісаць тэкст казкі. □ З многіх паправак, зробленых рукой. К. Чорнага на тэксце другога варыянта «Ірынкі», відаць, як шмат працаваў аўтар над гэтай драмай. Кудраўцаў. Выдаючы біблейскія тэксты, доктар лекарскіх і свабодных навук клапаціўся аб пашырэнні і ўдасканаленні асветы. С. Александровіч. Валя дрыжачымі пальцамі выняла з канверта ліст і ўпілася вачыма ў надрукаваны на машынцы тэкст. Карпаў. // Урывак з якога‑н. твора славеснасці, прызначаны звычайна для навучальнай мэты. Чытанне лацінскіх тэкстаў. Пераклад англійскага тэксту.

2. Пісьмовы дакумент, акт і пад. у адрозненне ад заўваг, каментарыяў да яго. // Асноўная частка набору без падрадковых заўваг, спасылак і пад. Набраць тэкст корпусам, а зноскі петытам. Зноска пад тэкстам.

3. Словы, на якія напісана музыка. Раманс Чайкоўскага, тэкст Фета. Тэкст песні.

4. Спец. Шрыфт буйнога памеру (каля 8 мм).

[Ад лац. textum — сувязь, злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакі́нуць, -ну, -неш, -не; -кінь; -нуты; зак.

1. Адправіўшыся, не ўзяць з сабой каго-, што-н. (наўмысна або забыўшыся).

П. запісную кніжку дома.

П. дзяцей у вёсцы.

П. рэчы ў машыне.

П. пра сябе добрую памяць (перан.). П. след у навуцы (перан.).

2. што. Захаваць, прыберагчы.

П. агурок на насенне.

П. за сабой права зрабіць што-н. П. газету для сяброўкі.

3. каго-што. Захаваць у якім-н. становішчы, стане.

П. браму адчыненай.

П. закон у сіле.

П. каго-н. у разгубленасці.

П. пытанне адкрытым (не вырашыць). Пакінь мяне ў спакоі (не дакучай мне). П. вучня на другі год (не перавесці ў наступны клас). П. у дурнях (перан.: падмануць, паставіць у няёмкае становішча).

4. што. Перадаць каму-н., даць у чыё-н. карыстанне.

П. спадчыну.

5. каго-што. Прымусіць, прапанаваць застацца ці знаходзіцца дзе-н.

П. госця начаваць.

6. каго-што. Пайсці ад каго-, чаго-н., не маючы больш справы з кім-, чым-н.

П. сям’ю.

Сілы пакінулі мяне.

Ён не пакінуў таварыша ў бядзе.

П. ззаду каго-н. (апярэдзіць у спаборніцтве).

7. каго-што і без дап. Не даць чаго-н.

П. без абеду.

П. ліст без адказу.

8. што. Спыніць, перастаць чым-н. займацца.

П. непатрэбныя размовы.

Пакінь кпіць!

|| незак. пакіда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.​Александровіч, З.​Астапенка, А.​Астрэйка, С.​Баранавых, П.​Броўка, П.​Галавач, Ю.​Гаўрук, А.​Звонак, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Б.​Мікуліч, Р.​Мурашка, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, В.​Таўлай, П.​Трус, М.​Чарот, С.​Шушкевіч, Х.​Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.​Бэндэ, А.​Кучар, М.​Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)