почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКА-НАЛІБО́ЦКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну.
Утворана на тэр. Івянецкага і частках сумежных з ім раёнаў, якія кантралявалі партызаны. Цэнтр зоны — Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага (гл.Налібоцкія баі 1942, 1943). Да восені 1943 тэр. зоны складала 2,5 тыс.км². Яе ўтрымлівалі 5 брыгад (9 тыс. партызан), 3 асобныя атрады Івянецкага і Стаўбцоўскага партыз. злучэнняў. У зоне была адноўлена сав. ўлада, ліквідаваны ням. маёнткі, сялянам вернута нарабаваная маёмасць. На тэр. зоны базіраваліся падп. Баранавіцкі абком КП(б)Б, Івянецкія міжрайцэнтры КП(б)Б і ЛКСМБ, Валожынскі, Івянецкі, Мінскі, Стаўбцоўскі райкомы, Баранавіцкае партыз. злучэнне, выдаваліся падп.газ. «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра». З канца 1942 пачаліся баі па абароне зоны і насельніцтва ад гітлераўцаў, асабліва цяжкія адбыліся ўлетку 1943 у час карнай аперацыі «Герман». Выкарыстоўваючы розныя тактычныя прыёмы, партызаны ні разу не пакінулі раёны сваёй дыслакацыі і ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліп. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Іван Кірылавіч) (падп.псеўд.Іван Гаўрылавіч, Стрэльскі, Неўскі; 12.6.1906, в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 3.2.1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст.с.-г. школу імя Леніна ў Мінску (1938). З 1940 сакратар Заслаўскага райкома КП(б)Б. У пач. вайны па заданні ЦККП(б)Б пакінуты ў тыле ворага для падп. работы. Удзельнічаў у стварэнні партыз. атрада каля Асінторфа. З канцажн. — пач.вер. 1941 прыступіў да стварэння ў Мінску гар.падп. арг-цыі, з ліст. 1941 сакратар Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, кіраваў падп. барацьбой у горадзе і разгортваннем партыз. руху ў прыгарадных раёнах. У пач.кастр. 1942 арыштаваны гітлераўцамі, падвяргаўся катаванням. Фашысцкія карныя і прапагандысцкія органы з правакацыйнымі мэтамі імкнуліся скампраметаваць падп. гарком і яго сакратара. Паводле звестак падпольшчыкаў, павешаны ў ліку дзесяці кіраўнікоў мінскага падполля на гар. стадыёне «Дынама». Быў ілжыва абвінавачаны ў здрадзе радзіме, у крас. 1990 рэабілітаваны ЦККПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (18.2.1903, в. Заграддзе Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. —2.12.1967),
дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр (1943). Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1933). У 1928—40 на сав. і парт. рабоце. З 1940 нам. старшыні СНКБССР, з сак. 1941 сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. 3 ліп. 1941 1-ы сакратар Мінскага абкома КП(б)Б, з сак. 1942 і камандзір Мінскага партыз. злучэння. У 1944—48 1-ы сакратар Мінскіх абкома і гаркома КП(б)Б. У 1947 Старшыня Вярх. Савета, у 1948—67 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1949 чл.ЦККПБ. З 1956 канд. у чл., з 1966 чл.ЦККПСС. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР з 1947. Аўтар кніг успамінаў «Людзі асобага складу» (1967), «Верны да канца» (2-е выд., 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫМА́,
рака на ПнУ Азіі, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2129 км, пл.бас. 643 тыс.км². Утвараецца ад зліцця рэк Кулу і Аян-Юрах. Упадае ў Калымскі зал. Усх.-Сібірскага м., утварае дэльту. У вярхоўі праразае хр. Чэрскага, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні даліна шырокая. У нізоўі цячэ па Калымскай нізіне. Асн. прытокі: Каркадон, Амалон, Вял. Анюй (справа), Ясачная, Ажогіна, Седэдэма (злева). Жыўленне пераважна снегава-дажджавое. Ледастаў з пач.кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой наледзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 3900 м³/с. Прамысл. рыбы: рапушка, муксун, сіг, нельма, омуль. Суднаходная на 2000 км ад вусця. На К. знаходзіцца г. Сярэднекалымск. К. наз. таксама залатаносную тэр. у бас. ракі К. (сучасная Магаданская вобл. і суседнія раёны). У перыяд масавых рэпрэсій (1930—50-я г.) там былі засяроджаны лагеры прымусовай працы (гл.ГУЛАГ), дзе ў выніку цяжкіх умоў існавання загінула больш як 4 млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.
На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.
Літ.:
Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬ (грэч. Konstantinupolis, лац. Constantinopolis),
Царград, сталіца Рымскай (330—395) і Візантыйскай (395—1453, акрамя 1204—61) імперый. Засн. ў 324—330 рым. імператарам Канстанцінам I (адсюль назва) на месцы стараж.-грэч. калоніі Візантый. Развіццю горада спрыяла зручнае геагр. размяшчэнне (на перакрыжаванні гандл. шляхоў з Зах. Азіі ў Егіпет і з Міжземнага м. ў Чорнае). Яго неаднаразова асаджвалі авары (626), арабы (673—677, 717—718), балгары (814), усх. славяне (напр., Алег). Да канца 11 ст. дамінуючы гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Візантыі. У 1204 захоплены і разрабаваны крыжаносцамі, якія зрабілі горад сталіцай створанай імі (1204) Лацінскай імперыі. У 1261 адваяваны візантыйцамі пры падтрымцы генуэзцаў. Найбуйнейшы (больш за 100 тыс. жыхароў) і найбагацейшы горад сярэдневяковай Еўропы. Яго лічылі сваёй рэліг. і культ. сталіцай паўд. і ўсх. славяне (называлі Царград). У 1453 захоплены і разрабаваны туркамі-асманамі, перайменаваны ў Стамбул (сталіца Турцыі да 1923; назва «К.» ужывалася ў еўрап. і інш. краінах да 1920-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЯХІМО́ЎШЧЫНА» Засн. 24.10.1996 у в. Яхімоўшчына Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., дзе з восені 1906 да вясны 1907 працаваў памочнікам вінакура на бровары ў маёнтку пана Любанскага Я.Купала. Тут паэт напісаў вершы «Ворагам Беларушчыны», «А хто там ідзе?», «Што ты спіш?», «Гэта крык, што жыве Беларусь» і шэраг твораў, якія ўвайшлі ў першы яго зб. «Жалейка» (1908). Пл. 410,8 м². Захаваліся хата, у якой жыў Я.Купала, сядзіба канца 19 ст. У 1998 праведзена рэстаўрацыя хаты, у ёй ствараецца экспазіцыя (мастак Г.Чысты). У Яхімоўшчыне ўстаноўлены мемар. дошкі: на будынку б. канторы бровара (цяпер цэнтр. сядзіба калгаса «Яхімоўшчына»; 1959) і на хаце (1982), у якой жыў Я.Купала. Работу паэта на бровары адлюстравалі мастакі Э.Агуновіч, М.Гусеў, Я.Раманоўскі, К.Харашэвіч, В.Ціхановіч.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». Хата, у якой жыў паэт у 1906—07.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),
французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.