1) прасцейшае прыстасаванне ў выглядзе каната з крукамі для пад’ёму грузаў;
2) трос для падвешвання гандолы да дырыжабля, аэрастата, для ўтрымання чалавека або грузу на парашуце.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
элева́тар
(лац. elevator = які падымае)
1) збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі зерня;
2) грузапад’ёмнае прыстасаванне для вертыкальнага перамяшчэння сыпкіх рэчываў або штучных прадметаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1.Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці.Якімовіч.Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння.Брыль.
2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі.Крапіва.
3.часцеймн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале.Чорны.Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва.Якімовіч.Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету.Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,
прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯКАНЦЭНТРА́ТАР (ад гелія... + канцэнтратар),
прыстасаванне для канцэнтрацыі сонечных прамянёў на невял. участку паверхні. Павышае шчыльнасць сонечнай радыяцыі ў 102—104 разоў, у месцы факусіроўкі дазваляе дасягнуць т-ры 3000 °C і болей, што дае магчымасць ажыццяўляць высокатэмпературныя тэхнал. працэсы. Выкарыстоўваецца ў геліяўстаноўках.
Складаецца з люстэркаў, увагнутых лінзаў і нясучых канструкцый. Распрацаваны тэхналогіі стварэння паўцвёрдых і надзіманых геліяканцэнтратараў з палімерных празрыстых і металізаваных плёнак. Канфігурацыі факусіруючых сістэм: парабалічныя (у т. л. з другасным адбівальнікам) і парабалацыліндрычныя канцэнтратары, лінзы Фрэнеля. Паверхні люстэркаў геліяканцэнтратара — звычайна фацэтныя перарывістыя і гладкія. Распрацоўка і стварэнне геліяканкэнтратара вядуцца ў Францыі (у 1968 уведзена сонечная печ з геліяканцэнтратарам парабалоіднага тыпу дыяметрам 54 м), Японіі, ЗША, Аўстраліі і інш. Пабудаваны шэраг сонечных энергетычных установак. У 1988 у Крыме пабудавана паратурбінная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт. На Беларусі работы па распрацоўцы сістэм пераўтварэння канцэнтраванай сонечнай энергіі з выкарыстаннем цеплавых труб вядуцца ў акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Гл. таксама Геліятэхніка.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с англ.М., 1981. У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТВО́Р,
1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.С.Бараноўскі ў 1872).
Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ СТАНДА́РТЫ ЧАСТАТЫ́,
устройствы для атрымання эл.-магн. ваганняў з вельмі стабільнай у часе частатой або для дакладнага вымярэння частаты ваганняў. З’яўляюцца асновай эталонаў часу і даўжыні, шырока выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, навігацыі, метралагічнай службе.
Заснаваны на выкарыстанні найб. стабільных квантавых пераходаў (у звышвысокачастотным і аптычным спектрах) атамаў, іонаў або малекул з аднаго энергет. ўзроўню на другі. Аснову К.с.ч. складае квантавы рэпер частаты — прыстасаванне, якое дазваляе назіраць выбраную спектральную лінію, а таксама электронная схема пераўтварэння частаты рэпера ў іншыя частотныя дыяпазоны. У актыўных К.с.ч. выкарыстоўваецца індуцыраванае выпрамяненне эл.-магн. хваль, частата якіх служыць стандартам або апорнай частатой. Па сутнасці гэта квантавыя генератары, разнавіднасцямі якіх з’яўляюцца: вадародны генератар (актыўным асяроддзем служыць атамарны вадарод, што выпраменьвае на даўжыні хвалі λ=21 см з надзвычай малой шырынёй спектральнай лініі); малекулярны генератар (на пучку малекул аміяку); лазер на вуглякіслым газе. У пасіўных К.с.ч. частата ваганняў, якая вымяраецца, параўноўваецца з частатой ваганняў, адпаведных пэўнай спектральнай лініі. Да іх належыць К.с.ч. на пучку атамаў цэзію (цэзіевая атамна-прамянёвая трубка), які працуе ў рэжыме квантавага гадзінніка (хібнасць 10−14). Ёсць таксама актыўныя і пасіўныя К.с.ч. з аптычнай напампоўкай пары цэзію або рубідыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-дмукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,
кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.
Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш.запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.
Літ.:
Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;
Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.