агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.
На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш.нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.