перашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.
1. Перарабіць пашытае, гатовае, пашыць іначай, другім фасонам. Перашыць плацце. // Пашыць з пашытага што‑н. другое. Перашыць шынель на паліто. □ [Дзед:] — А хіба ж пасля тваёй маткі нічога такі не асталося — ні палатна, ні гатовай якой адзежыны? То няхай бы табе перашылі. Сабаленка.
2. Прышыць што‑н. нанава, іначай або ў другім месцы. Перашыць гузікі. □ Майстар.. доўга ўглядаўся на маю падкладку, круціў яе ў руках, калупаў пальцамі, нарэшце надзьмуўся і сказаў: — Перашыць. Якімовіч.
3. Спец. Пераслаць чыгуначную каляю. Немцы перашылі чыгунку на свой манер: кастылі яны замянілі непадатлівымі шурупамі, якія трэба было завінчваць ключом. Навуменка.
4. Разм. Пашыць на працягу якога‑н. часу вялікую колькасць чаго‑н. Колькі ён людзям адзежы і абутку перашыў!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ране́й, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. рана 2 (у 2 знач.).
2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.
3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.
4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць прытомнасць. Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Шамякін. // Анямець ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Зірнуў я і аж самлеў — за авечкамі з ашчэранай пашчай здаравенны рыжы воўк бяжыць. Ляўданскі. Паварушыліся [хлопцы] — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, затаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Маўр.
2. Здранцвець, страціць адчувальнасць. Доўга Міхалка пісаў. Самлела, моцна зайшлася ў яго рука. Лужанін.
3. Знясілець ад стомленасці, спёкі і інш. Дзед адцягвае Лазара ад мяшка, і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось-вось самлеюць пальцы і пусцяць мяшок. Галавач. [Гарпіна:] Ой, не, адпачнём пакуль у садзе, а то я так самлела ў спякоце, што хоць у бочку з вадой лезь... Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
1. Утвараць гукі скрыгату. Кулямётнымі чэргамі стракаталі .. малаткі кляпальшчыкаў, скрыгатала жалеза на свідравальных станках, нешта скавытала, сінела. Хадкевіч. Гэта не танкі скрыгочуць, А цягачы. Астрэйка. // чым. Рабіць скрыгат чым‑н. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі. Колас. Падымаўся [Антон] да відна і да самых прыцемкаў кроіў бляху, грымеў, скрыгатаў ёю. Ракітны. // перан.; чым. Выказваць нездавальненне, злосць. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.
2. Разм. Рыпець. Пакутліва засынаюць Сыраежка і Шохан. Доўга ўздыхаюць, варочаюцца — аж скрыгоча жалезная сетка. Навуменка. Казалі, што кожную ноч .. [Сашка] сушыў .. [боты] на печы, дык яны раніцай аж скрыгаталі на нагах. Гроднеў. Скрыгаталі пёры ў цішы. Мільганула думка тут: Кожны піша, крэсліць, піша... Кляўко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.
2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́ла 1, ‑ы, ж.
1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.
2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.
ску́ла 2, ‑ы, ж.
Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.
•••
Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.
1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.
2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.
3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.
•••
Сагнаць смагу гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Ісці, робячы частыя крокі. За .. [Сцяпанам], на пэўнай адлегласці, трымаючы перад сабой белы клуначак з харчамі, дробна тэпала старэнькая Сцяпанава маці. Ракітны. // Уходжвацца з якой‑н. работай; тупаць. [Аня] выйгравала ў часе — пакуль тэпала ў калідоры і кухні Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.
2. Ісці, хадзіць наогул. Міця з бацькам выйшлі на парог і доўга стаялі, пазіраючы на чорны шлях, па якім тэпала шэсць няўклюдных фігур. Навуменка. [Незнаёмы:] — Тады давай пайшлі. Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць. Карпюк.
3. Хадзіць няўпэўнена, пачынаць хадзіць (пра дзяцей). Аднаго разу .. [Галя] паставіла Вадзімку на ножкі, адпусціла рукі, трошкі адышлася, прысела .. і папрасіла: — Вадзічак, хлопчык мой, тэпай да мяне... Сабаленка. Дома пачынаў тэпаць ад крэсла да канапы яшчэ адзін наследнік — Станіслаў. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ужы́так, ‑тку, м.
1. Стан паводле знач. дзеясл. ужываць і ужывацца 2. Доўга перабіраў [Васіль] сваё начынне, што ўжо даўно ляжала без усялякага ўжытку пад лавай. Няхай.
2. Прымяненне, выкарыстанне ў штодзённым жыцці. Рэчы хатняга ўжытку. □ У вёсках Беларусі звычайна былі ва ўжытку косы з доўгім пасеем. «Помнікі». // Агульнапрынятае ўжыванне. Я не ў сталіцы, а ў краі, які завецца ва ўжытку цаліннымі землямі. Васілёнак. Закаханасць у народнае слова добра відаць і ў тым, што ў вершах Р. Барадуліна нямала слоў сваіх, «ушацкіх», каларытных, свежых, якія яшчэ не атрымалі літаратурнага грамадзянства, але, магчыма, з лёгкай рукі паэта ўвойдуць у літаратурны ўжытак. Клышка.
•••
Прадметы шырокага ўжытку — рэчы, якія служаць для задавальнення найпершых бытавых патрэб насельніцтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усе́сціся, усядуся, усядзешся, усядзецца; пр. усеўся, уселася; заг. усядзься; зак.
1. Сесці, размясціцца дзе‑н. (звычайна зручна, надоўга). Галкі ўзняліся над дахам, зрабілі круг і, нахохленыя, уселіся на антэне. Карпаў. Пад дубам уселася цесна Брыгада, як штаб палявы. Калачынскі. Уладзік доўга масціўся на лавачцы, нарэшце ўсеўся, выставіўшы наперад крывую нагу. Кудравец. Антон Пятровіч выпіў квас, асцярожна паставіў на талерку пустую шклянку і зручней усеўся ў крэсле. Шашкоў. // Заняць месца для паездкі. Не кінуўся [Сагура] у кузаў, не — таптаўся ўсё ўбаку, чакаў хвіліны, пакуль не ўсядуцца ўсе. Ракітны. Турсевіч усеўся ў каламажцы, зняў шапку, памахаў прыяцелю. Фурманка рушыла з месца. Колас.
2. Прыняцца за якую‑н. справу ў сядзячым становішчы. Усесціся за чытанне газет. □ Хлопцы ўселіся вячэраць пры вогнішчы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)