Плях! 1 ’боўць, шабулдых!’ (Шат.), ’плясь, ляп!’ (Шат.; сміл., Стан.), ’гук ад удару па мяккім месцы’ (Варл.), плях! — пра імклівы бег, пра ўдар (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Роднаснае да плясь! (гл.). Сюды ж: пля́хаць ’шлёпаць, хадзіць па гразі’ (Шат.), ’наносіць удары’ (сміл., Стан., Шат.), пля́хнуць ’ударыць’, ’пабегчы’ (Юрч.), ’ударыць па мяккім месцы’ (Варл.), ’плюснуць, абліць’ (Касп.), пля́хнуцца ’пляснуцца’ (Шат.), пля́хацца ’плёскацца (у вадзе)’ (беласт., Сл. ПЗБ; карэліц. Шатал.). Параўн. плёхаць (гл.).

Плях 2 ’плешына, прагаліна’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Да плех 1 (гл.). Галосны ‑я‑ з’явіўся, відаць, у выніку абагульнення асновы з пляха́ ’лысіна’, ’агрэх’ (швянч., Сл. ПЗБ), пляха́ ’абсевак’ (паст., ЛА, 2). Не выключана таксама, што плях можа быць запазычаннем з ням. Fleck ’пляма’, ’кавалак зямлі’, ’лапіна, акравак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́рха ’перхаць, паршы ў жывёлы’ (кобр., ЛА, 1), purxa ’яйка без шкарлупіны’ (КАБ). Да парх, пу́рхаць, пе́рхаць (гл.) < прасл. *pьrchati ’ляцець, бегчы’; сюды ж пу́рхаўка ’порхаўка’ (мядз., Шатал.; кам., іван., лін., беласт., Жыв. сл.; ЛА, 1), пурхо́ўка ’тс’ (рас., в.-дзв., Сл. ПЗБ), пу́рхватка ’тс’ (Бес.; беласт., Сл. ПЗБ), пу́рхаўка, пурхо́ўка ’суквецце рагозу’ (жлоб., Мат. Гом.), пурхо́ўка ’тс’ (докш., бяроз., барыс., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 1): пурхоўкі етыяў падушку абрывалі (б.-каш., Мат. Гом.), параўн. рус. пу́рхавица, пурхавка ’порхаўка’, польск. purchawka ’тс’, а таксама ’валляк’, ст.-польск. parchawka; варыянтнасць вакалізму тлумачыцца экспрэсіўным характарам і “гукаімітатыўным” паходжаннем асновы слоў. Паводле Пельцовай (Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 144), назва для ’порхаўкі’ — арэальнае беларуска-ўкраінска-ўсходнепольскае ўтварэнне на праславянскай аснове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́паны ’патрэсканы, шурпаты’ (Мат. Гом., ПСл), рэ́паныя грыбы ’пеўнік стракаты (грыб)’ (Нар. словатв.), рэ́паны, рэ́йпаны ’рэпана жаба (земляная жаба, рапуха)’ (ТС), рэ́йпаны ’цёмны, забіты’ (Жыв. сл.). Укр. репаний ’патрэсканы; грубы’, славац. rapavý ’рабы; парэпаны’, rapina ’воспіна, шчарбіна’, макед. рапав ’шурпаты’, балг. репейак ’няроўная шурпатая паверхня’. Літ. raupaĩ ’воспа’. Аснова *ropa ’гной’. Найбольш дакладныя адпаведнікі звязаныя з чаргаваннем е : о — лат. repeči ’нешта няроўнае; патрэсканая скура’, rept ’зарубцоўвацца’, балг. ропка, ропа ’яма, роў’, ропчев ’са слядамі воспінаў на твары’. Асновы *rep‑ і *ropa маюць узаемаабумоўленыя значэнні: 1) трэскацца — біць, струменіць — шчыліна, яма; 2) трэскацца — шчыліна — няроўнасць — грубы. Семантычныя паралелі рус. лопать(ся) — лопань ’калодзеж на балоце’, прыскать — прыщ ’пухір, вадыр’ (Куркіна, Этимология–1972, 73).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыно́вец ’сын брата або сястры’ (Сцяшк.), ’пляменнік, звычайна сын брата’ (бяроз., Шатал.), сыно́вяц ’тс’ (Сцяц. Сл.; шчуч., З нар. сл.; гродз., свісл., маст., Сл. ПЗБ), сыно́вэц ’няродны, прыёмны сын’ (Чэрн.), сыно́выць, сыно́вэць ’пляменнік’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. сино́ве́ць, синови́ць ’тс’, рус. сыно́ве́ц, стараж.-рус. сыновьць ’тс’, польск. synowiec, чэш., славац. synovec ’тс’, каш. senovc ’зяць’, в.-луж. synowc ’пляменнік’, серб.-харв. сино́вац ’тс’, славен. sinovec ’тс’. Вытворныя ад *synъ, паводле Скока (3, 237), ад варыянтнай асновы *synov‑, што адлюстравана ў адпрыметнікавым назоўніку харв. sinov ’сын брата або сястры’ (XIII–XIV стст.), пазней толькі з суф. ‑ьc > ‑ac: sinòvac ’сын брата’; відаць, самастойныя ўтварэнні асобных славянскіх моў. Меркаванні пра архаічны характар назвы гл. Панюціч, Лексіка, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тычы́на ‘жэрдка’ (Яруш., Шымк. Собр., Доўн.-Зап. 2), ‘вялікая палка, доўгі шост’ (ТСБМ, Шат., Адм., Ян.; пух., іўеў, Сл. ПЗБ), ‘тонкая жардзіна, якая ўтыкаецца ў зямлю’ (Нас., Растарг.), ‘завостраны шост’ (Гарэц., Байк. і Некр.), тычына́ ‘тс’ (ашм., Стан.), тычы́нка: хмель тычынку абвівае ‘тс’ (Сержп. Прык.), ‘жэрдка, падвешаная ўверсе над печчу’ (свісл., Шатал.), ст.-бел. тычина ‘вяха, тычка’ (1585 г., ГСБМ). Параўн. укр. тичи́на ‘тычка’, рус. тычи́на ‘тс’, польск. tyczyna ‘тс’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ін‑а ад ты́каць, ткнуць (гл.); не выключана ўтварэнне ад *tyčь ці *tъkъ (з падаўжэннем вакалізму асновы) і таго ж суфікса ‑ін‑а. Сюды ж тычы́н ‘вочап у студні з жураўлём’ (ваўк., ДАБМ, камент., 810) са зменай родавага канчатка пад уплывам вочап, тыч і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕРЛІЁЗ ((Berlioz) Гектор Луі) (11.12.1803, Кот-Сент-Андрэ, дэп. Ізер, Францыя — 8.3.1869),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык; прадстаўнік муз. рамантызму. Чл. Ін-та Францыі (1856). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1830). На час заканчэння кансерваторыі напісаў шэраг сталых твораў, у т. л. «Фантастычную сімфонію, або Эпізод з жыцця артыста», якая стала маст. абагульненнем ідэйна-эстэт. імкненняў эпохі, маніфестам франц. рамантызму ў музыцы. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам класічнай і рамант. л-ры, творчасці К.​В.​Глюка, Л.​Бетховена, У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ. У творах 1830—40-х г. экзальтацыя пачуццяў, схільнасць да медытацыі, пачуццё адзіноцтва і ў той жа час грамадз.-рэв. парывы: сімфонія «Гарольд у Італіі», опера «Бенвенута Чэліні», драм. сімфонія для аркестра, салістаў-спевакоў і хору «Рамэо і Джульета», «Жалобная трыумфальная сімфонія», драм. легенда «Асуджэнне Фауста» (паводле Гётэ). З 1842 гастраліраваў як дырыжор у многіх краінах, з найб. поспехам у Расіі. У творах 1850—60-х г. адышоў ад вострых праблем сучаснасці, застаючыся верным ідэалам гуманіст. мастацтва: араторыя «Дзяцінства Хрыста» на ўласныя тэксты, оперная дылогія «Траянцы» паводле Вергілія. Апошні яго твор — вытанчаная, поўная гумару опера «Беатрычэ і Бенядзікт» (паводле «Многа шуму з нічога» Шэкспіра, 1862). Берліёз пераўтвараў традыц. жанры, смела сінтэзаваў элементы оперы, араторыі, сімфоніі. Як кампазітар-наватар, ён апіраўся на нац. муз. традыцыі. Адсюль манументальнасць, маляўнічасць, тэатральнасць яго музыкі. Шмат новага ўнёс у вучэнне аб муз. форме, голасавядзенні, гармоніі, рытме; зрабіў адкрыцці ў галіне аркестроўкі, развіў прынцып тэмбравай драматургіі і інш. Разам з Р.​Вагнерам заклаў асновы сучаснай школы дырыжыравання. Аўтар артыкулаў, прысвечаных муз.-эстэт. праблемам і з’явам, творчасці Бетховена, Глюка, Г.​Спанціні, К.​М.​Вебера, Вагнера, Н.​Паганіні, Ф.​Ліста, М.​Глінкі і інш.

Літ. тв.: Oeuvres littéraires. Vol. 1—2. Paris, 1968—69; Рус. пер. — Дирижер оркестра. М., 1912; Избр. статьи. М., 1956; Мемуары. 2 изд. М., 1967; Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке. Ч. 1—2. М., 1972; Избр. письма. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1984—85.

Літ.:

Хохловкина А. Берлиоз. 2 изд. М., 1966;

Dömling W. H.Berlioz und seine Zeit. Laaber, 1986.

Г.Л.Берліёз. Мастак П.​Шыферт. 1907.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка),

біялагічная фізіка, навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.​П.​Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.​Ф.​Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.​М.​Пісарэўскі, В.​Т.​Андрыянаў, С.​М.​Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.​Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.​Г.​Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.​М.​Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.​А.​Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.​М.​Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.​Л.​Аксёнцаў і А.​А.​Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,

міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап. нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар. спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Савет міжнар. спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.

Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар. спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл. Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.

Літ.:

Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.

Г.​К.​Кісялёў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),

назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.

Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)