СІ́МАНАЎ Рубен Мікалаевіч (1.4.1899, Масква —5.12.1968),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1946). Вучыўся ў Маск. ун-це (1918). P 1919 у драм. студыях. Вучань Я.​Вахтангава. Акцёр, з 1924 рэжысёр, з 1939 гал. рэжысёр Т-ра імя Вахтангава. Выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя Шчукіна (з 1946 праф.). Сярод роляў: Віцэ-кароль («Карэта святых дароў» П.​Мерыме), Бенядзікт («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Даменік Сарыяна («Філумена Мартурана» Э.​Дэ Філіпа), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш. Паставіў «Інтэрвенцыю» Л.​Славіна (1933), «Фронт» А.​Карнейчука (1942), «Фама Гардзееў» паводле М.​Горкага (1956), «Конармію» І.​Бабеля (1966) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1947, 1950. Ленінская прэмія 1967.

т. 14, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРШЫ́НАЎ Мікалай Канстанцінавіч (6.12.1924, Масква — 6.2.1998),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1955). Друкаваўся з 1943. У паэт. зб-ках «Сябрам» (1951), «Пратока» (1966), «Асіннік» (1973), «Рака любові» (1976), «Ранні час» (1977), «Мілы млын» (1978), «Тваё імя» (1980), паэмах «Гвардыі радавы» (1947), «Сямёнаўна» (1973) і інш. пачуцці і думы пакалення, якое перажыло ў юнацтве Вял. Айч. вайну. Аўтар кн. апавяданняў «Белы камень» (1968), кн. пра творчасць «Памятны ўрок» (1980). Беларусі прысвяціў вершы «Ля Прыпяці», «Пратока». Пісаў пра А.​Пысіна. На рус. мову перакладаў творы А.​Вялюгіна, А.​Русецкага, М.​Танка. Асобныя вершы С. на бел. мову пераклалі К.​Камейша, Ю.​Свірка.

Тв.:

Избранное. М., 1980.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі (стругання) разцамі плоскіх і фасонных лінейчастых паверхняў.

Адрозніваюць падоўжна-стругальныя [гал. рух робіць выраб (загатоўка), прывод стала звычайны ад рэверсіўнага рухавіка] і папярочна-стругальныя (гал. рух робіць разец разам з супартам і паўзуном, прывод мех. ці гідраўл.). На базе падоўжна-стругальных вырабляюцца камбінаваныя станкі, у якіх струганне спалучаецца з фрэзераваннем і шліфаваннем.

На Беларусі папярочна-стругальныя станкі выпускаў Гомельскі станкабуд. з-д імя Кірава, падоўжна-стругальныя вырабляе Мінскі станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі.

2) У дрэваапрацоўцы — дрэварэзальны станок для фарміравання гладкай плоскай паверхні дэталі (цыклявальны станок) ці для атрымання паўфабрыкату, напр., стругальнай шпоны (шпона-стругальны, стружкавы станок і інш.).

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́КАЛКІНА Ніна Міхайлаўна ( 26.8.1905, с. Кузнечка Цвярской вобл., Расія — 2.3.1999),

расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1956). Скончыла Петраградскае тэатр. вучылішча (1922). У 1922—57 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​Кірава. Балетмайстар-рэпетытар Узб. т-ра оперы і балета імя А.​Наваі (1968—71), Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (1960—64 і 1971—73), Чувашскага муз. т-ра (1978—83). Выкладала ў ленінградскіх т-рах оперы і балета (1950—58), музкамедыі (1953—58), харэаграфічным вучылішчы (1958—69). На бел. сцэне ўдзельнічала ў паст. балетаў (сумесна з А.​Андрэевым): «Мара» Я.​Глебава (1961), «Святло і цені» Г.​Вагнера, «Балеро» М.​Равеля, «Трыстан і Ізольда» Р.​Вагнера (усе 1963).

т. 15, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУМА́НАЎ (сапр. Туманішвілі) Іосіф Міхайлавіч

(15.1.1909, Тбілісі — 8.7.1981),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў драм. курсы пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага (1929). З 1936 рэжысёр, з 1938 гал. рэжысёр Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, у 1946—53 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра аперэты. З 1961 гал. рэжысёр Крамлёўскага Палаца з’ездаў, адначасова ў 1964—70 — Вял. т-ра ў Маскве. З 1951 выкладчык (з 1965 праф.) Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага. Сярод пастановак аперэта «Трэмбіта» Г.​Мілюціна (1949), оперы «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1963), «Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава (1967), «Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава (1971), «Хаваншчына» і «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1967, Мілан). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 16, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРА́ВА Акакій Аляксеевіч (29.4.1895, с. Ачхамуры, Грузія — 23.6.1972),

грузінскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся ў тэатр. студыі А.​Пагавы (з 1922). З 1923 у Т-ры імя Руставелі ў Тбілісі (у 1949—55 дырэктар). Адзін з заснавальнікаў і першы рэктар (з 1939; з 1947 праф.) Тэатр. ін-та імя Руставелі. Акцёр героіка-рамант. плана. Найб. значныя ролі: Анзор, Арсен (аднайм. п’есы С.​Шаншыяшвілі), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Бярсенеў («Разлом» Б.​Лаўранёва). Вяршыня творчасці — роля Атэла (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.​Карнейчука), Эдып («Цар Эдып» Сафокла). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1951.

Літ.:

Альтман И. А.​А.​Хорава. М.: Л., 1947.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАМІ́РАЎ Уладзімір Андрэевіч (11.7.1921, в. Запруддзе Уладзімірскай вобл., Расія — 6.6.1976),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. мед. вучылішча (1941), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. У баі пад Нясвіжам цяжка паранены, трапіў у палон. Уцёк з лагера смерці, стварыў і ўзначаліў у Чэрвеньскім р-не партыз. групу, якая перарасла ў атрад; з сак. 1943 камандзір 12-й кавалерыйскай партыз. брыгады імя Сталіна Мінскай вобл. Удзельнік вайны з Японіяй 1945. Пасля вайны на парт. рабоце. Яго імем названа вуліца ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл.

У.А.Ціхаміраў.

т. 17, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРЛЕ́ЦКІ (Тарлецкі) Кірыла

(свецкае імя невядома, імя па бацьку Сямёнавіч; ?, Піншчына — май 1607),

царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З правасл. шляхецкага роду ВКЛ. У пач. 1570-х г. пратапоп Пінскай царквы св. Дзмітрыя. У час міжкаралеўя 1574—75 Радай ВКЛ прызначаны епіскапам пінскім і тураўскім, што пацвердзіў прывілеем у 1576 кароль Стафан Баторый. З 1585 епіскап луцкі і астрожскі, з 1589 экзарх (намеснік) канстанцінопальскага патрыярха. У 1590-я г. адзін з ініцыятараў уніі правасл. царквы з каталіцкай у Рэчы Паспалітай. У 1595 разам з І.​Пацеем прысягнуў у Рыме рымскаму папу Кліменту VIII. Адзін з арганізатараў царк. сабора ў Брэсце, дзе прынята Брэсцкая унія 1596. З 1596 архімандрыт Кобрынскага Спаскага манастыра, з 1597 — Жыдзічанскага (каля Луцка).

т. 17, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́МБЕРГ Валянціна Ільінічна (23.1.1917, С.-Пецярбург — 21.11.1990),

бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. Расіі (1981). Скончыла Цэнтр. тэатр. вучылішча ў Ленінградзе (1939). У 1939—41 і з 1944 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1947 у ленінградскіх т-ры драмы імя А.​Пушкіна, з 1950 у драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай. Акцёрскія работы вызначаліся псіхал. дакладнасцю, маст. выразнасцю, своеасаблівасцю сцэн. трактовак. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне: Вольга («Тры сястры» А.​Чэхава), Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Олуэн («Небяспечны паварот» Дж.​Б.​Прыстлі), Дама з вязаннем («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна). Інш. ролі: Агудалава («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Фёкла Іванаўна («Жаніцьба» М.​Гогаля), Судакова («Гняздо глушца» В.​Розава).

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАХ-ДЖАХА́Н (5.1.1592, г. Лахор, цяпер Пакістан — 22.1.1666),

правіцель Магольскай імперыі [1627—58]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Джахангіра. У маладосці меў імя Хурам, у 1616 за перамогі ў Дэкане атрымаў імя-тытул Ш.-Д. («правіцель свету»). У 1622—25 узняў паўстанне супраць бацькі, але быў разбіты і памілаваны. Калі стаў Вял. Маголам (1627), забіў сваіх братоў і сваякоў, каб пазбавіцца ад прэтэндэнтаў на прастол. Пры ім пабудаваны Тадж-Махал, «Чырвоны форт», «Саборная мячэць» (у Дэлі) і інш.; узмацнілася пранікненне ў Індыю еўрап. гандл. кампаній. Чуткі пра смерць Ш.-Д. ў 1658 прывялі да міжусобнай вайны паміж яго сынамі, у выніку якой прастол захапіў старэйшы сын Аўрангзеб. Ш.-Д. быў зняволены ў сваіх пакоях да самай смерці.

т. 17, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)