ЦЯРЛЕ́ЦКІ (Тарлецкі) Кірыла

(свецкае імя невядома, імя па бацьку Сямёнавіч; ?, Піншчына — май 1607),

царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З правасл. шляхецкага роду ВКЛ. У пач. 1570-х г. пратапоп Пінскай царквы св. Дзмітрыя. У час міжкаралеўя 1574—75 Радай ВКЛ прызначаны епіскапам пінскім і тураўскім, што пацвердзіў прывілеем у 1576 кароль Стафан Баторый. З 1585 епіскап луцкі і астрожскі, з 1589 экзарх (намеснік) канстанцінопальскага патрыярха. У 1590-я г. адзін з ініцыятараў уніі правасл. царквы з каталіцкай у Рэчы Паспалітай. У 1595 разам з І.​Пацеем прысягнуў у Рыме рымскаму папу Кліменту VIII. Адзін з арганізатараў царк. сабора ў Брэсце, дзе прынята Брэсцкая унія 1596. З 1596 архімандрыт Кобрынскага Спаскага манастыра, з 1597 — Жыдзічанскага (каля Луцка).

т. 17, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)