аўстрыйскі архітэктар. Прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Палітэхнікуме (з 1857) і АМ (1861—63) у Вене, Буд. акадэміі ў Берліне (1860). Выкладаў у Венскай АМ (1894—1912). Чл. аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1899—1905). У кампазіцыйна мудрагелістых ранніх пабудовах (бальніца Штайнгоф у Вене, 1904—07) выкарыстоўваў складаны багаты дэкор. Пазней перайшоў да пошукаў рацыянальнасці і прастаты. У інтэр’еры паштамта і ашчаднай касы ў Вене (1904—12) выступіў як папярэднік функцыяналізму, выкарыстаўшы пазбаўленыя дэкору лёгкія, канструкцыйна выразныя формы і адкрытыя метал. канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сістэма прававых нормаў, якія вызначаюць прынцыпы і формы арганізацыі ўзбр. сіл, абавязкі, правы і адказнасць ваеннаслужачых. Да ваеннага заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносяцца нормы, якія вызначаюць пабудову яе Узброеных Сіл, арганізацыю ваен. кіравання, парадак камплектавання кадраў і запасу асабовага складу, парадак праходжання ваен. службы, прававое становішча ваеннаслужачых і інш.Гал. крыніцамі ваеннага заканадаўства з’яўляюцца законы «Аб абароне» і «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» ад 3.11.1992, «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, а таксама воінскія статуты і нормы крымін. права аб адказнасці за ваен. злачынствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЕ́ЛЬСКАЯ Ю́Р’ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАГЕНЕ́З [ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],
мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. apothēkion сховішча),
адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш.формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.
Апатэцый сумчатага грыба з дыскаміцэтаў: 1 — гіфы; 2 — сумкі са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн.км² — 19% сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,
газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац.формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар. жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».