α-амінаізаваляр’янавая кіслата, (CH3)2 CHCH(NH2)—COOH, адна з незаменных амінакіслот. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў у выглядзе L-ізамера, удзельнічае ў сінтэзе пантатэнавай кіслаты і пеніцыліну. Крышталічнае рэчыва. Добра раствараецца ў вадзе. Будову валіну вызначыў і даказаў штучным сінтэзам ням. біяхімік Э.Фішэр. Колькасць валіну ў бялку ад 4,1 (міяглабін коней) да 8% (сываратачны альбумін чалавека, казеін малака), у асобных выпадках да 13—14% (эластын злучальных тканак). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў валіне 1,6 г. Адсутнасць валіну ў ежы вядзе да адмоўнага азоцістага балансу, у выніку затрымліваецца рост, у нерв. сістэме адбываюцца дэгенератыўныя змены. Валін выкарыстоўваюць у вытв-сці граміцыдзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЭ́РЫЯ (Vaucheria),
род ніткаватых жоўта-зялёных водарасцей сям. вашэрыевых. Больш за 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Жывуць у прэсных і марскіх вадаёмах, на вільготнай глебе ўтвараюць зялёныя аксамітныя дзернавінкі. На Беларусі ў азёрах і невял. вадаёмах трапляецца 1 таксанамічна не вызначаны від.
Ніткі тонкія, трубчастыя, слабаразгалінаваныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, без перагародак (уяўляюць сабой адну вял. шмат’ядравую клетку), прымацаваныя да субстрату рызоідамі. У цэнтр.ч. вакуоля з клетачным сокам. Хларапласт дыскападобны, без пірэноіда. Запасное рэчыва — алей. Бясполае размнажэнне апланаспорамі, зааспорамі і цыстамі, палавое — аагамія. Палавыя органы — аагоніі і антэрыдыі (асн. сістэматычная прыкмета роду), утвараюцца на бакавых галінках. Вегетатыўнае размнажэнне бывае рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вулканіты,
горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння вулканаў. Падзяляюць на вылітыя, або эфузіўныя горныя пароды (базальты, андэзіты, трахіты, ліпарыты, дыябазы і інш.) і вулканагенна-абломкавыя, або піракластычныя пароды (туфы, туфабрэкчыі, вулканічныя бомбы, попел, пясок і інш.), якія розняцца хім. саставам, структурна-тэкстурнымі асаблівасцямі, ступенню захаванасці рэчыва. Глыбока змененыя, больш старажытныя, эфузіўныя пароды называюць палеатыпнымі, а нязмененыя — кайнатыпнымі. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял, у керамічнай і цэментнай прам-сці. На Беларусі вядомыя ў дакембрыі (звычайна змененыя другаснымі працэсамі), у верхнім пратэразоі (андэзіты, дацыты, базальты, туфы і інш.) і дэвоне (трахіты, базальты, нефелініты, сіеніт-парфіры, туфы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́Ч (Calvatia),
род базідыяльных грыбоў сям. дажджавіковых. 35 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 3 віды. Найб. вядомыя галавач мешкападобны (Calvatia utriformis) і гіганцкі (Calvatia gigantea). Глебавыя сапратрофы. Растуць асобнымі экзэмплярамі і групамі пераважна на лугах і пашах. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.
Пладовыя целы наземныя, розных памераў (ад 5 да 60 см), авальныя, шарападобныя, грушападобныя, плаўна пераходзяць да асновы ў баразнаватую ножку. У асобных відаў пладовае цела сядзячае. Мякаць белая з прыемным пахам і смакам, складаецца з камер, з узростам распыльваецца на споры і капіліцый. Маладыя грыбы ядомыя. Некаторыя віды маюць біялагічна актыўнае рэчыва кальвацын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРААЎКСІ́Н, індалілвоцатная кіслата,
C10H9NO2, хімічнае рэчыва высокай фізіял. актыўнасці з групы гармонаў росту (аўксінаў). Ёсць у мачы і сліне жывёл, бактэрыях, грыбах, водарасцях і вышэйшых раслінах. Вылучаны ў 1934 з культуры плесневых грыбоў і інш. мікраарганізмаў галандскім хімікам Ф.Кёглем. Уздзейнічае на роставыя працэсы парасткаў, лісця, укаранення чаранкоў, узмацняе размнажэнне клетак у калусах, у спалучэнні з цытакінінамі стымулюе дыферэнцыяцыю клетак. Механізм уздзеяння гетэрааўксіна на клеткі звязваюць з актывацыяй H± выпампоўвальнага механізма ў плазмалеме, на дзейнасць рыбасом і ядра, узмацненне сакрэцыі кіслых гідралаз. Утвараецца ў верхавінкавых мерыстэмах сцябла. Фізіялагічна актыўны ў канцэнтрацыях 10−3 — 10−8 М. Гетэрааўксін — адзіны з аўксінаў, які атрымліваюць сінтэзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЗІ́Н, дыамід,
найпрасцейшы дыамін, H2N—NH2. Бясколерная вадкасць, якая дыміць на паветры, tпл 1,5 °C, tкіп 113,5 °C, шчыльн. 1004 кг/м³ (25 °C). Раствараецца неабмежавана ў вадзе і ніжэйшых спіртах. Моцны аднаўляльнік.
Водныя растворы гідразіна (слабыя асновы) з к-тамі ўтвараюць солі, найважнейшыя — сульфат гідразіна N2H4∙H2SO4 (крышт.рэчыва, tпл 254 °C). Вядомыя шматлікія арган. вытворныя гідразіны (напр., азіны). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, інсектыцыдаў, пораўтваральнікаў, выбуховых рэчываў, як гаручы кампанент ракетнага паліва. Гідразін і яго вытворныя ядавітыя: раздражняюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі, пашкоджваюць ц. н. с. і печань. ГДК у паветры 0,1 кг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,
змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл.Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя сапратрофныя грыбы, здольныя ўтвараць на грыбніцы лоўчыя прыстасаванні, каб захопліваць здабычу — нематод, інфузорый, амёб і інш. Пашыраны па ўсім зямным шары. Трапляюцца пераважна ў глебе, на раслінных рэштках, экскрэментах жывёл, каранях раслін і г.д. Большасць Д.г. адносіцца да гіфаміцэтальных, некат. да перанаспаральных, хітрыдыяміцэтаў. Выкарыстоўваюцца для біял. барацьбы з нематодамі.
Міцэлій галінасты, на ім развіваюцца пасткі 3 тыпаў: клейкія (бакавыя вырасты гіфаў, шарападобныя галоўкі, сеткі), кольцы без клейкага рэчыва (дзейнічаюць механічна, ахвяра захрасае ў іх), кольцы з унутранай адчувальнай да дотыку паверхняй (сціскаюць ахвяру). У пастцы з дапамогай ферментаў раствараецца абалонка здабычы, грыбы прапускаюць у яе цела свае парасткі, якія паступова ператвараюцца ў развіты міцэлій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗА́ЦЫЯ,
утварэнне дадатна або адмоўна зараджаных часціц (іонаў) і свабодных электронаў з эл. нейтральных атамаў ці малекул. Адбываецца ў рэчыве пад уплывам моцнага эл. поля, высокіх т-р, а таксама ад дзеяння ўдараў хуткіх зараджаных часціц і фатонаў у выніку таго, што атам ці малекула набывае лішкавую энергію, дастатковую для вылучэння электрона.
Пры І. газу з атамаў або малекул узнікаюць дадатны іон і свабодны электрон, якія застаюцца свабоднымі ці далучаюцца да інш. нейтральных атамаў або малекул, утвараючы комплексныя іоны. І. ў цвёрдых целах — пераход электронаў з атамаў асн.рэчыва ці з прымесных цэнтраў у зону праводнасці. Гл. таксама Зонная тэорыя, Электраправоднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПТАН ((Compton) Артур Холі) (10.9. 1892, г. Вустэр, штат Агайо, ЗША — 15.3.1962),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1927) і шэрагу замежных АН. Скончыў Прынстанскі ун-т (1914). У 1920—23 і 1953—61 праф. ун-та Вашынгтона ў г. Сент-Луіс (у 1945—53 рэктар); у 1923—45 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў. Адкрыў эфект змены даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення з прычыны рассеяння яго электронамі рэчыва (Комптана эфект). Выявіў поўнае ўнутранае адбіццё рэнтгенаўскіх прамянёў. Адкрыў шыротны эфект касм. прамянёў, які сведчыць пра іх карпускулярную прыроду. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1927.