ГА́ННА КАМНІ́НА (Anna Komnēnē; 1.12.1083, г. Канстанцінопаль, цяпер г. Стамбул, Турцыя — каля 1154),
візантыйскі гісторык, пісьменніца. Дачка імператара Аляксея I Камніна, жонка дзярж. дзеяча і гісторыка Нікіфара Врыенія. Вывучала л-ру, філасофію, гісторыю, геаграфію і інш. Пасля смерці бацькі (1118) узначаліла няўдалую змову з мэтай скінуць свайго брата Іаана II Камніна і пасадзіць на трон мужа. Трапіўшы ў апалу, канец жыцця правяла ў манастыры. Пасля смерці мужа (каля 1140) давяла да канца яго няскончаныя «Гістарычныя запіскі» (пазней выкарыстала іх у «Алексіядзе»). У 1148 завяршыла свой гіст. твор «Алексіяда», які ахоплівае падзеі 1069—1118. Нягледзячы на суб’ектывізм і тэндэнцыйнасць, твор — адзін з лепшых помнікаў візант. прозы, каштоўная крыніца па гісторыі Візантыі і 1-га крыжовага паходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРУ́ДЖА (рум. Dobrogea),
гістарычная вобласць на Пд Еўропы, паміж ніжнім цячэннем Дуная і ўзбярэжжам Чорнага м., пераважна ў межах плато Дабруджа. Паўн. (большая) частка Дабруджы ўваходзіць у склад Румыніі, паўд. частка — у склад Балгарыі.
Стараж. Дабруджа была заселена фракійскімі плямёнамі. У 5 ст. да н.э. захоплена скіфамі, у 1 ст.н. э. — рымлянамі, з 3 ст. пацярпела ад нашэсцяў готаў, гунаў і інш. У пач. 6 ст. ў Дабруджы з’явіліся славяне. З 7 ст. ў складзе Першага (у 11—12 ст. належала Візантыі), з канца 12 ст. — Другога Балгарскага царстваў. У 14 ст. на тэр. Дабруджы ўтварыліся самаст.феад. дзяржавы. У 15 ст. захоплена Асманскай імперыяй. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 Паўд. Дабруджа ў складзе Балгарыі, Паўночная — Румыніі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 Паўд. Дабруджа перададзена Румыніі, паводле балг.-рум. дагавора 1940 вернута Балгарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́КІН (Антон Іванавіч) (16.12.1872, в. Шпеталь-Дольны, Улацлаўскае ваяв., Польшча — 7.8.1947),
расійскі военачальнік, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, ваен. пісьменнік. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1899). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў стралк. брыгадай і дывізіяй, армейскім корпусам. У 1917 нач. штаба Вярх. галоўнакаманд., галоўнакаманд. Зах. і Паўд.-Зах. франтамі. У час грамадз. вайны ў Расіі адзін з гал. арганізатараў белага руху, галоўнакамандуючы добраахвотніцкай арміяй (1918—20) і ўзбр. сіламі Пд Расіі (1919—20), адначасова са студз. 1920 «вярх. правіцель Расіі». 4.4.1920 здаў камандаванне ген. П.М.Урангелю і выехаў у Вялікабрытанію. З канца 1890-х г. актыўна займаўся публіцыстыкай.
Тв.:
Путь русского офицера. М., 1990;
Очерки русской смуты. М., 1991.
Літ.:
Лехович Д. Белые против красных: Судьба генерала Антона Деникина М., (1992];
Гордеев Ю.Н. Генерал Деникин: Воен.-ист. очерк. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл.Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст.царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫГІ́РКА,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Даўж. 1726 км, пл.бас. 360 тыс.км². Пачынаецца з двух вытокаў — Хастах і Тарын-Юрах на паўн. схілах Халканскага хр.; упадае ва Усх.-Сібірскае м. У вярхоўях цячэ па Аймяконскім нагор’і, далей у вузкай цясніне праразае хр. Чэрскага, утварае парогі. Ніжняе цячэнне на Яна-Індыгірскай нізіне, дзе характэрны прамыя доўгія плёсы шыр. 350—500 м. Асн. прытокі: Селенях, Уяндына, Алаіха (злева), Мома, Бадзярыха (справа). За 130 км ад вусця І. разбіваецца на рукавы, утварае дэльту пл. 5,5 тыс.км². Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Месцамі перамярзае, тыповыя вял. наледзі (тарыны). Характэрны летнія паводкі. Сярэдні расход вады 1850 м³/с. Суднаходная ад упадзення р. Мома (1154 км). У вусці промысел рыбы (рапушка, нельма, муксун і інш.). Гал. прыстані: Хануў, Дружына, Чакурдах, Табор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ГРЭ́ЧАСКАЯ ВАЙНА́ 1940—41,
вайна фаш. Італіі супраць Грэцыі ў пач. 2-й сусв. вайны. 28.10.1940 італьян. войскі (87 тыс.чал., 686 гармат, 163 танкі, 380 самалётаў) уварваліся ў Грэцыю з тэр. Албаніі (акупіравана італьянцамі ў 1939). На грэка-албанскай мяжы ім процістаялі грэч. войскі (27 тыс.
чал., 220 гармат, 20 танкаў, 36 самалётаў), якія ва ўпартых баях да 7.11.1940 спынілі праціўніка. 14 ліст. ўдарная група грэч. войск (12 пях. і 2 кав. дывізіі, 3 пях. брыгады) перайшла ў контрнаступленне і да канцаснеж. 1940 вызваліла тэр. Грэцыі і паўд.-ўсх. раёны Албаніі. У студз. 1941 вайна набыла пазіцыйны характар. Новае наступленне італьян. войск (26 дывізій) у сак. 1941 скончылася правалам. Уступленне ў вайну ў крас. 1941 Германіі рэзка змяніла сітуацыю на карысць Італіі. Грэч. армія вымушана была адступіць і 23.4.1941 капітулявала (гл.Балканская кампанія 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА (ад удм. кам — рака, цячэнне),
рака ў еўрап.ч. Расіі, левы прыток р. Волга. Даўж. 1805 км, пл.бас. 507 тыс.км². Бярэ пачатак на Верхнякамскім узв., упадае ў Куйбышаўскае вадасховішча. Цячэ паміж узвышшамі Высокага Заволжа, па шырокай, месцамі звужанай даліне. У вярхоўях рэчышча няўстойлівае і звілістае. Пасля ўпадзення р. Вішара — мнагаводная рака. Сцёк К. на значным працягу зарэгуляваны плацінамі Камскай, Воткінскай і Ніжнякамскай ГЭС, вышэй якіх створаны вадасховішчы. Гал. прытокі: Вішара, Чусавая, Белая (злева), Вятка (справа).
Жыўленне пераважна снегавое, а таксама падземнае і дажджавое. Ледастаў з пач.ліст. ў вярхоўях і канцаліст. ў нізоўях да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Набярэжныя Чаўны 2940 м³/с. Ніжэй рэйда Керчаўскі рэгулярнае суднаходства. Асн. гарады і парты: Салікамск, Беразнікі, Перм, Краснакамск, Сарапул, Набярэжныя Чаўны, Чыстапаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сейма Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.