ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),
філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л.«Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.
Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характархім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл.Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.
Літ.:
Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КСВЕЛ ((Maxwell) Джэймс Клерк) (13.6.1831, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 5.11.1879),
англійскі фізік, стваральнік класічнай электрадынамікі, адзін з заснавальнікаў статыстычнай фізікі. Чл. Эдынбургскага (1855) і Лонданскага (1860) каралеўскіх т-ваў. Вучыўся ў Эдынбургскім (1847—50) і Кембрыджскім (1850—54) ун-тах. Праф. Абердзінскага (1856—60), Лонданскага (1860—65), Кембрыджскага (з 1871) ун-таў. Арганізатар і першы дырэктар (з 1871) Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па электрадынаміцы, малекулярнай фізіцы, оптыцы, механіцы і тэорыі пругкасці, гісторыі фізікі і інш. Устанавіў статыстычны закон размеркавання малекул ідэальнага газу па скарасцях (1859; гл.Максвела размеркаванне), развіў тэорыю пераносу ў дастасаванні да працэсаў дыфузіі, цеплаправоднасці і ўнутр. трэння, увёў паняцце часу рэлаксацыі. Выявіў статыстычны характар другога закону тэрмадынамікі (1867) і ўвёў тэрмін «статыстычная механіка» (1868). Развіваючы ідэі М.Фарадэя, стварыў тэорыю эл.-магн. поля (гл.Максвела ўраўненні), увёў паняцце току зрушэння, прадказаў існаванне эл.-магн. хваль, выказаў ідэю аб эл.-магн. прыродзе святла, што дало магчымасць выявіць сувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі. Тэарэтычна вызначыў ціск святла (1873), устанавіў сувязь паміж асн. тэрмадынамічнымі параметрамі (суадносіны М.), развіў ідэю каляровага зроку, даследаваў устойлівасць кольцаў Сатурна. Апублікаваў рукапісы Г.Кавендыша па электрычнасці (1879).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. по теории электромагнитного поля. М., 1954;
Статьи и речи. М., 1968.
Літ.:
Кудрявцев П.С. Максвелл. М., 1976;
Максвелл и развитие физики XIX—XX вв.: [Сб. ст.]. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл.Гамеастаз). Характарфіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na+, K+, Ca2+, Mg2+, Cl−, , і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na+, Ca2+, Cl−, унутрыклетачная — K+, Mg2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca2+, Mg2+, Sr2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na+ і K+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,
інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццю інш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл.Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб. небяспечны ў ахаваным грунце).
Літ.:
Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;
Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.
І.М.Ананьева.
Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКАЕў мастацтве,
эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс.характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛАЎ,
прыдворны аркестр кн.Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1724—1809. Засн.кн. М.К.Радзівілам. Іграла ў час баляў, свят, ваен. парадаў, касцельных службаў, з 1746 і тэатр. паказаў. Выступала таксама ў загарадным палацы ў Альбе, суправаджала радзівілаўскія выезды ў вотчыны Белае, Мір, Жоўква, Алыка. Да 1746 мела камерны характар і складалася з замежных музыкантаў (італьянцаў, немцаў, чэхаў), пазней яе склад павялічыўся (пераважалі палякі, беларусы, літоўцы). У 1751 пры ёй адкрыта Нясвіжская музычная школа. У 1733—80 сярод найб. вядомых музыкантаў капэлы Мацей з Карэліч (скрыпка), Ф.Яжомбек, Я.Баэрт, Я.Б.Сухенгаўз (клавіцымбалы), Кёнітцэр (флейта), Я.К.Фішэр (габой), Нойверг (арфа), Ф.Гофман (фагот), Вентцэль (валторна), Ю.Кагут (лютня) і інш. Капельмайстры: скрыпачы Е.А.Бакановіч (з 1749), Ян Ценціловіч (з 1751), дырыжоры Ф.Вітман (з 1756), Я.Шоль (і клавесін, з 1761), Д.Кёрнер (з 1770). У 1780 К.С.Радзівіл запрасіў вядомых музыкантаў Дж.Альберціні (клавесін, капельмайстар у 1783—84), Дж.Канстанціні (скрыпка), І.Фляйшмана (віяланчэль), Я.Дусіка (фп.), Я.Д.Голанда (клавесін, капельмайстар у 1782—1802), спевакоў В.Нікаліні, А.Калаўзека, А.Данезі, спявачак К.Вертэр, Герман. Апошні капельмайстар мясц. валтарніст А.Александровіч (1804—08).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983. С. 182—183, 189;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 174—177.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,
вялікія аб’ёмы паветра ў трапасферы, сувымерныя па плошчы з часткамі мацерыкоў і акіянаў. Валодаюць пэўнымі аднароднымі ўласцівасцямі і перамяшчаюцца як цэлае ў адной з плыняў агульнай цыркуляцыі атмасферы, адасоблены ад суседніх пагранічнымі зонамі — франтамі атмасфернымі. Характэрныя ўласцівасці П.м. набываюць у месцах фарміравання з аднароднай подсцільнай паверхняй (трапічны акіян, марскія прасторы умеранага пояса, арктычныя моры, вял. раёны тайгі або пустынь і інш.) і аднародных умовах атрымання сонечнага цяпла. Пры перамяшчэнні некаторы час захоўваюць уласцівасці, атрыманыя ў месцах фарміравання, потым страчваюць іх і трансфармуюцца ў новыя П.м.
Характар трансфармацыі залежыць ад розніцы т-ры подсцільнай паверхні і т-ры ў П.м. Паводле агульнай класіфікацыі П.м. падзяляюць на цёплыя, халодныя і мясцовыя. Цёплыя рухаюцца ў больш халоднае асяроддзе, халодныя — у больш цёплае, мясц. знаходзяцца ў ачагу фарміравання. Паводле паходжання вылучаюць занальныя тыпы П.м.: арктычнае паветра, антарктычнае паветра, умераных шырот паветра (палярнае), трапічнае паветра і экватарыяльнае паветра. Кожны тып па ўласцівасцях падзяляецца на марское і кантынентальнае паветра ў залежнасці ад вобласці фарміравання або трансфармацыі. На Беларусі пераважае вільготнае марское паветра ўмераных шырот, якое фарміруецца над Атлантычным акіянам. Паступленне яго абумоўлена дзейнасцю цыклонаў на палярным фронце і арктычным фронце. Найб. халоднае арктычнае паветра прыходзіць з ПнЗ і мае ўласцівасці вільготнага марскога, радзей з ПнУ паступае кантынентальнае паветра. Трапічнае паветра абумоўлена ўплывам азорскага антыцыклону, часцей бывае на Пд рэспублікі, вельмі рэдка ў цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦЁФІ ((Petöfi) Шандар) (1.1.1823, г. Кішкёрэш, Венгрыя — 31.7.1849),
венгерскі паэт; прадстаўнік рэв. рамантызму. Быў статыстам у т-ры, салдатам, вандроўным акцёрам. Друкаваўся з 1842. У ранняй паэзіі (зб. «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фалькл. матывамі, гал. тэмы — прыгажосць роднага краю, багаты духоўны свет людзей. Песімістычна-рамант. настроі ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстання 1846 у Галіцыі і рэв. падзей у Пешце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэв.-дэмакр.характар (вершы «Мае песні», «Венгерац я...», «Нацыянальная песня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Еўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасць у перамозе рэв. ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянера. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Зарыцкі, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, апавяданні — Г.Сапрыка, М.Татур.
Тв.:
Бел.пер. — Ліра і меч: Выбр.Мн., 1971;
У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. Будапешт, 1973.
Літ.:
Петефи в мировой культуре. М., 1975;
Парнов Е.И. Витязь чести: Повесть о Шандоре Петефи. М., 1982;