ІВАНО́Ў (Арцемій Васілевіч) (18.5.1906, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 22.1.1992),

расійскі заолаг. Акад. Расійскай АН (1981). Правадзейны чл. Герм: акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1959). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1935 працаваў у ім, адначасова з 1965 у Заал. ін-це АН СССР. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і эвалюцыі беспазваночных (малюскаў, чарвей і інш.). Вынайшаў і даследаваў тып жывёл-паганафораў, вылучыў і вызначыў клас пляскатых чарвей — уданелідаў. Ленінская прэмія 1961.

Тв.:

Промысловые водные беспозвоночные. М., 1955;

Погонофоры. М.; Л., 1960;

Происхождение многоклеточных животных Л., 1968.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУКС ((Crookes) Уільям) (17.6.1832, Лондан — 4.4.1919),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1863). Вучыўся ў Лонданскім хім. каледжы (1848—50). У 1850—59 на выкладчыцкай рабоце, з 1860 працаваў ва ўласнай лабараторыі. У 1913—15 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па фізіцы эл. разрадаў у газах і атамнай фізіцы. Метадамі спектральнага аналізу адкрыў талій (1861), даследаваў катодныя прамяні (у трубках К.). Адкрыў сцынцыляцыі, на аснове чаго стварыў прыладу для назірання α-часціц. Выказаў ідэю эвалюцыі хім. элементаў (1886), апісаў прынцып радыёсувязі (1892).

У.Крукс.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад макра... + эвалюцыя),

эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фарміравання таксонаў больш высокага рангу, чым від (родаў, сямействаў, атрадаў, класаў і інш.). Тэрмін уведзены рас. біёлагам Ю.​А.​Філіпчанкам (1927). М. ўяўляе сабой абагульненую карціну эвалюц. змяненняў, якая назіраецца ў шырокай гіст. перспектыве. На ўзроўні М. выяўляюцца агульныя тэндэнцыі, кірункі і заканамернасці эвалюцыі арган. свету. Паводле ўяўленняў эвалюцыяністаў, у М. адсутнічаюць спецыфічныя механізмы, яна ажыццяўляецца праз працэсы мікраэвалюцыі і з’яўляецца іх інтэграваным выяўленнем. Пры назапашванні мікраэвалюц. працэсы знешне праяўляюцца ў макраэвалюц. з’явах.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖГАЛАКТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

прастора паміж галактыкамі разам з матэрыяй, якая ў ёй знаходзіцца (разрэджаны газ, касмічныя прамяні, эл.-магн., у асноўным рэліктавае выпрамяненне і інш. У М.а. выяўлены вял. воблакі атамарнага вадароду, не звязаныя з галактыкамі; яны маюць форму дыскаў і змяшчаюць да 10​14 сонечных мас газу. Магчыма, воблакі з’яўляюцца асяроддзем, у якім фарміруюцца скопішчы галактык. Ад шчыльнасці М.а. можа залежаць характар эвалюцыі Сусвету (гл. Касмалогія), але дакладнае значэнне шчыльнасці пакуль не вызначана (па некат. меркаваннях яно меншае за 10​−29 г/см³).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ПРЫРО́ДЫ І ЭКАЛО́ГІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе аддзела прыроды Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі. Мае больш за 40 тыс. экспанатаў (1999). Пл. экспазіцыі 350 м². У 6 тэматычных залах (мінералагічны, феналагічны, аховы прыроды, рэкі, азёры, лес) экспанаты расказваюць аб прыродных багаццях, эвалюцыі жывёльнага і расліннага свету ад старажытнасці да нашых дзён. Вядзе н.-д. работу па ацэнцы сучаснага стану прыроды, стварае па ім банк даных (калекцыі расліннага, жывёльнага свету, мінералагічная, палеанталагічная), прапагандуе экалагічныя веды.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.

хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасці інфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў у выніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЦЭНТРЫ́ЗМ (ад полі... + цэнтр),

антрапалагічная канцэпцыя аб паходжанні чалавека сучаснага віду (неаантрапа) у некалькіх абласцях зямнога шара. Адзін з заснавальнікаў канцэпцыі — амер. антраполаг Ф.​Вайдэнрайх; П. даследаваў Г.Ф.Дэбец. Паводле прыхільнікаў П., у кожнай вобласці сучасны чалавек узнікаў у выглядзе канкрэтнай вял. расы ў выніку самаст. эвалюцыі архантрапаў, што жылі тут, а потым палеаантрапаў. Супраць П. сведчыць адсутнасць марфал. адпаведнасці паміж выкапнёвымі формамі людзей і сучаснымі расамі, што жывуць на гэтай тэр., і вял. падабенства рас сучаснага чалавека паміж сабой па многіх не злучаных адна з адной адзнак. П. процістаіць монацэнтрызму.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кладагене́з

(ад гр. klados = парастак + -генез)

шлях эвалюцыі жывёльных арганізмаў, які прыводзіць да ўзнікнення ў выніку дывергенцыі вялікай колькасці відаў, родаў, сямействаў і г.д.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)