АДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ

(фізіял.),

1) здольнасць жывых арганізмаў успрымаць раздражненні, якія зыходзяць з вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Стварае магчымасць для фарміравання адаптыўных рэакцый. Адрозніваюць віды адчувальнасці: тэмпературную, смакавую, светлавую, скурную і інш. У ходзе эвалюцыі ў чалавека і жывёл фарміруюцца спецыялізаваныя нерв. ўтварэнні (рэцэптары), прыстасаваныя да ўспрымання вызначанага віду раздражнення (механарэцэптары, хемарэцэптары, фотарэцэптары і інш.) у межах парога адчувальнасці. Узбуджальнасць рэцэптараў няўстойлівая і залежыць ад іх стану і адпаведнай настройкі цэнтр. нерв. сістэмы.

2) У дыферэнцыяльнай псіхалогіі — павышаная гатоўнасць да эфектыўных рэакцый.

3) У псіхафізіцы — велічыня, адваротна прапарцыянальная парогу адчування (чым ніжэй парог, тым вышэй адчувальнасць). Адпаведна адрозніваюць абсалютную і дыферэнцыяльную (рознасную) адчувальнасць. Выкарыстанне новых тэарэт. уяўленняў (тэорыі выяўлення сігналаў) у псіхафізіцы спрыяла ўзнікненню больш абагульненых вызначэнняў адчувальнасці, незалежных ад паняцця парог адчування.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)