абарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. □ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.

2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.

3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. □ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.

4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.

5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.

6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.

•••

Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.

абарва́ць 2, ‑рве; зак.

Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)