страла́, ы́; мн. стрэ́лы (з ліч. 2, 3, 4 стралы́), стрэл; ж.

1. Тонкі прут з завостраным канцом або вострым наканечнікам для стральбы з лука. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў .. [каршуна]. Якімовіч. Жыхары абараняюцца лукамі. Стрэлы свабодна праходзяць праз ствалы і голле .. дрэва. Матрунёнак. // звычайна мн. (стрэ́лы, стрэл); перан. З’едлівыя, калючыя словы ў чый‑н. адрас. Стрэлы крытыкі. // Простая, доўгая паласа чаго‑н. Нібы страла, [шаша] рассякала бязмежную раўніну стэпу. Востры канец гэтай даўжэзнай стралы канчаўся там, дзе шызае неба злівалася з жоўтай зямлёй. Шамякін.

2. Назвы розных вузкіх і доўгіх дэталей і частак у механізмах, прыладах. Страла станковага кулямёта. Страла вагі. // перан. Паэт. Пра тое, што падобна да стралы, напамінае стралу. Рвануў вецер, недзе далёка грымнуў гром, данесліся сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланкі. Гурскі. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Колас.

3. Рухомая частка пад’ёмнага крана, а таксама спецыяльнае прыстасаванне для пад’ёму грузаў. Страла экскаватара. □ Горад жыў побач, звінеў трамваямі, размахваў стрэламі будаўнічых кранаў, тануў у рознагалоссі шуму і грукату. Ракітны. Націскаючы на рычаг, .. [Таня] накіроўвае стралу з грузам уверх, а пад крык «майна!» і штопар брыгадзіравага пальца ўніз — зніжае груз у патрэбнае месца. Гарбук.

4. Тое, што і стрэлка (у 2 знач.). На слупах вялізная карта на фанерных шчытках. Тлустыя сінія стрэлы прарэзалі яе ў розных напрамках. Лынькоў.

5. Тое, што і стрэлка (у 5 знач.). У Акілініным агародчыку прабіваліся ўжо чырвоныя стрэлы півоняў. Вітка. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

6. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі хутка. Коля стралой памчаўся на кухню, каб папярэдзіць дзяжурнага. Пальчэўскі.

7. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі прама. Бяжыць чыгунка. Бор стары Яна стралой перасякае І крута гнецца ля гары, Нібы дуга якая. Калачынскі.

•••

Парфянская страла — меткі каварны ўдар, трапнае знішчальнае слова праціўніка (ад ваеннай хітрасці парфян — сімуляваць уцёкі і цераз плячо паражаць праціўніка з лука).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бара́н1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Ціскам зменшыць аб’ём чаго‑н.; згусціць. Сціснуць гаручую сумесь пад поршнем. □ Бацька сажмурыўся і тут жа спытаў: — А што, калі мы сціснем самі сценкі? А? Зробім іх танчэйшымі сантыметраў на пяць — восем. Карпаў. // Разм. Скараціць. Сціснуць тэрміны будаўніцтва.

2. Здушыць. Сціснуць у натоўпе. Сціснуць у перапоўненым вагоне.

3. Моцна, шчыльна абхапіць каго‑, што‑н. Сціснуць у абдымках. □ [Таня] моцна сціснула дзіця, і яно зноў расплакалася. Шамякін. [Старая] сціснула рукамі скроні і заплакала. Чорны. Наручнікі, што скінуць ён жадаў, Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці, І рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў. Сіпакоў. // Узяўшы, моцна трымаць што‑н. (у руках, зубах). Пасуровеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Лынькоў. [Ева:] — Ну, адно [цяля] хутка навучыцца піць, а ў другога і дзясны зацвярдзеюць, а яно не ўмее. Сцісне другі раз дзяснамі палец... Палтаран. Карага моцна сціснуў у руках сваю вінтоўку. Колас. // Шчыльна акружыць, абступіць з усіх бакоў. Людзі зноў сціснулі круг: здалёку ж не ўгледзіш, як ходзяць у чалавека ногі. Пташнікаў. Аўтаматчыкі сціснулі кальцо вакол трайчапцаў, і афіцэр праз перакладчыка спытаў: — Дзе партызаны? Пальчэўскі. // Звузіць якую‑н. прастору; сцясніць. [Піліп:] — Куды ні ступі, усё панскае... Сціснулі гэтых мужыкоў так, што і нікнуць нельга. Чарнышэвіч. І неўзабаве, як толькі асталіся ззаду паплавы, а раку сціснулі паміж сабой падмытыя абрывістыя берагі, туману зусім не стала. Чыгрынаў. // перан. Заглушыць, прыглушыць. І Агапа сціснула ў сабе ўласніцкія матчыны жаданні, аддала іх на ахвяру маладога кахання. Мурашка. Віктар як мага сціснуў у сабе раптоўную радасць і прыжмурыў вочы ў страшэнна дзелавітай развазе. Зарэцкі.

4. Здушыць, сцясніць (горла, грудзі). Спазмы моцна і балюча сціснулі Косцева горла, ён памкнуўся нешта сказаць, але адчуў, што не мае сілы. Адамчык. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Хвядос глянуў на ўнучка, на дзяўчынку, на Апанасіху, і ў горле яго сціснула, як абцугамі. Скрыпка. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, у сэрцы). Нядобрае прадчуванне сціснула .. сэрца [Максіма]. Машара.

5. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). Доктар сціснуў губы і працёр акуляры. Чорны. Андрэй сціснуў зубы і не адказаў. Чарнышэвіч. Лявон сціснуў у кулак вузлаватыя жалезныя пальцы і, строга гледзячы на хлопцаў, паўтарыў: — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек. Б. Стральцоў. // Насупіўшыся, зблізіць (бровы). Вольга па хвіліну сціснула бровы і прыкрыла вочы... Пестрак.

6. Схапіць, працяць (марозам, холадам). Зямлю сціснуў мароз. □ Холад на імгненне сціснуў .. [Сяргея] у сваіх абдымках, сухое калючае паветра зацяло дыханне. Шыцік. // Прыціснуць (пра мароз). [Мірон:] — Віна добрая.. Глядзі, якое здаровае зерне. Яе толькі малаціць трэба, калі ўжо крыху сцісне марозік... Скрыган.

•••

Сціснуўшы зубы — тое, што і сцяўшы зубы (гл. сцяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. перавёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. перавядзі; зак.

1. каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.

2. каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер. Асіпенка. // каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС. Ермаловіч. // Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену. // Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу. Колас. // што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.

3. што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру. Шыцік. [Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок... Брыль. [Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне... Васілевіч. Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок. Скрыган. // перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму. Шамякін. Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае. Карпаў.

4. каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік. // што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако. Чыгрынаў.

5. што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны. Гроднеў. // Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.

6. што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.

7. што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.

8. каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі. Гурскі.

9. што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі. Гурскі.

•••

Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне. Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)