умоўная назва першай залатой манеты ўсх. славян часоў Кіеўскай Русі, выпушчанай Уладзімірам Святаславічам у канцы 10 ст. Маса 4—4,4 г. Падобны на сучасныя яму візант. соліды. З 11 вядомых экзэмпляраў З. 6 паходзяць з Пінскага скарбу.
Златнік Уладзіміра Святаславіча [980—1015] з Пінскага манетнага скарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,
царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯ́ВІЯ, Куябія, Куяба,
адзін з трох цэнтраў Стараж.Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Славіяй. Большасць даследчыкаў лічаць К. паліт. аб’яднанне ўсх. славян на тэр. Сярэдняга Прыдняпроўя з цэнтрам у г. Кіеў, а таксама Стараж. Кіеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дзяк, ‑а, м.
1. У Старажытнай Русі — пісец у князя, у 14–17 стст. — службовая асоба, якая займала адказныя пасады ў дзяржаўных установах. Думны дзяк.
2. Ніжэйшы царкоўны служыцель у праваслаўнай царкве; псаломшчык. Дзяк кожную хвіліну бегаў з кліраса за алтар і ніяк не мог уцяміць, што гэта такое дзеецца.Чарот.
[Ад грэч. diákonos — служка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́стаў, ‑става, м.
1. Начальнік мясцовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.
2. У Маскоўскай Русі — службовая асоба, якая была прыстаўлена да каго‑, чаго‑н. для нагляду.
•••
Станавы прыстаў — у дарэвалюцыйнай Расіі — начальнік паліцэйскага ўчастка ў сельскай мясцовасці.
Судовы прыстаў — у дарэвалюцыйнай Расіі — чыноўнік судовага ведамства, які прыводзіў у выкананне рашэнне суда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АКАДЭМІ́ЧНЫ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання 16 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Паводле складу і тэксту блізкі да Супрасльскага летапісу. У акадэмічны летапіс уваходзяць скарочаны агульнарус. летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка па гісторыі Маскоўскай Русі 14 — 1-й трэці 15 ст. (пачынаецца са звестак 1339, згублены лісты з запісамі падзей 1373—1414 і 1418—27). Не зберагліся пач. частка, прысвечаная гісторыі Кіеўскай Русі, і «Аповесць пра Падолле», што была змешчана ў канцы рукапісу. Тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 месцамі перададзены недакладна, з памылкамі.
Летапіс уваходзіць у склад рукапіснага зборніка сярэдзіны 16 ст., які захоўваецца ў б-цы Рас.АН у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваны ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах Поўнага збору рус. летапісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),
1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж.Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (1/10 частка збожжа, мёду і інш.).
2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся 1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМ (? — 26.7.1435),
праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 епіскап смаленскі. У 1432—35 мітрапаліт літоўскі. Паводле некат. летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэр.ВКЛ і некаторых суседніх усх.-слав. зямель (напр., Пскова), бо ў 1433 галавой правасл. царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам паводле просьбы вял.кн.ВКЛ Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з правасл. царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСІ́Й (Сіманскі Сяргей Уладзіміравіч; 9.11.1877, Масква — 17.4.1970),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў маскоўскія ун-т (1899) і духоўную акадэмію (1904). Быў рэктарам Тульскай і Наўгародскай духоўных семінарый. У сане епіскапа з 1913. У 1943—45 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1945 на памесным саборы ў Маскве абраны патрыярхам.