ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял.гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т. л. «З Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута), страсці,
рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.С.Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),
маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыяд Вял.Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац. культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел.нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́НІ (Rossini) Джаакіна Антоніо (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),
італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян.т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквітітальян.нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац.акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́Я (грэч. Troia), Іліён,
старажытны горад на ПнЗ М.Азіі, паліт. цэнтр гіст. вобласці Траада ў 3—2-м тыс. да н.э. Рэшткі Т. знойдзены ў 1865 Г.Шліманам у выніку раскопак на ўзгорку Гісарлык. Пазней раскопкі Т. вялі археолагі В.Дзёрпфельд (1893—94), К.Блеген (1932—38). Выяўлены рэшткі 9 паселішчаў эпох бронзы і жалеза. У 3000—2500 да н.э. Т. была крэпасцю з мурамі каля 3 м таўшчыні, яе жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам. ткацтвам, выплаўлялі медзь. Пасля пажараў 2500 і каля 2200 да н.э. горад адбудаваны, муры ўмацаваны вежамі. На акропалі ўзведзены палац цара. Найвыш.росквіт прыпадае на 1800—1300 да н.э., калі ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць коней, распаўсюдзіліся новыя буд. прыёмы, вытв-сць бронзы і керамікі. Т. мела гандл. сувязі з Грэцыяй, Крытам, Кіпрам, Хецкім царствам. У час Траянскай вайны горад разбураны і больш не дасягнуў былой велічы. Зноў зруйнавана каля 1100 да н.э. Каля 700 да н.э. на яе месцы грэкі заснавалі г. Новы Іліён.
Літ.:
Гиндин Л.А. Население гомеровской Трои. М., 1993;
Ванденберг Ф. Золото Шлимана: Пер. с нем. Смоленск, 1996;
Черветти Д. Золото Трои: Легенда и действительность: Пер. с итал. М., 1996;
Дарет Фригийский. История о разрушении Трои: Пер. с лат. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКА́ЙЛА Паўлюк (Павел Захаравіч; 1904, в. Лапенеўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.4.1939),
бел. пісьменнік. Праф. (1933). З 1926 вучыўся ў БДУ, скончыў Камуніст. акадэмію ў Маскве (1930). У пач. 1920-х г. удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, чл.КПЗБ. З 1924 у БССР. Быў сакратаром Расонскага райкома КП(б)Б, удзельнічаў у рабоце полацкай філіі «Маладняка». У 1925 у Слуцку, рэдактар акр. газеты, арганізатар філіі «Маладняка». З 1926 у Мінску, ініцыятар стварэння «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», рэдактар час. «Росквіт». З 1928 у Маскве. У 1930—31 палітрэдактар у Галоўліце СССР, заг. кафедры метадалогіі мастацтва Ін-та кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік бел. секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У вер. 1930 арыштаваны, праз месяц вызвалены. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзідэнт Дзярж. акадэміі мастацтваў. З 1936 у Маскве. У 1938 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1925. Першая і адзіная кніга паэзіі — «Акрываўленая зямля» (1930), у якую ўвайшлі вершы, паэмы «Акорды дзён» і «Партызанка Люба». У крытычных артыкулах арыентаваўся на ідэйна-эстэт. платформу час. «Новый ЛЕФ», займаў ваяўнічую і непрымірымую бальшавіцкую пазіцыю, зыходзячы з якой крытыкаваў паэзію А.Вольнага, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, П.Труса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ЦЫЯ (Dalmacija),
гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э.рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах.Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст.росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст.ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).
Літ.:
Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),
адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп. дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп.літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦІ́ЦКІ Іларыён Сямёнавіч (7.4.1876, г. Буск Львоўскай вобл., Украіна — 18.9.1956),
украінскі філолаг-славіст, мовазнавец. Д-рслав. філалогіі (1902). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1899), Пецярб.археал.ін-т (1900). Арганізатар і дырэктар (1905—52) Львоўскага Нац. музея (Музей укр. мастацтва). Для бел. аддзела сабраў 23 слуцкія паясы, 12 кніг «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. старадрукі, рукапісныя кнігі, граматы, акты, абразы і інш. У кн. «Адраджэнне беларускага пісьменства» (1908) даў высокую ацэнку развіццю новай бел. л-ры, у дадатку да яе змясціў забароненыя ў Расіі вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». Гісторыі бел. культуры і л-ры прысвяціў працу «Асновы адраджэння беларускага пісьменства» (1914), адлюстраваў гэтыя праблемы і ў кн. «Пачатак кнігадрукавання на землях Украіны 1573—1791» (1924) і інш.Кн. «Росквіт культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» (1928) — першае ў Зах. Украіне даследаванне бел. л-ры.
Тв.:
Опись музея Ставропигийского института во Львове. Львов, 1908;
Лавришевское Евангелие начала XIV в. // Изв Отд.рус. яз. и словесности имп. Акад. наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1;
Нариси про мову пам’яток староруського письменства XI в. // Питання слов’янського мовознавства. Львів, 1948.
Літ.:
Панізнік С. Іларыён Свянціцкі // Полымя. 1968. № 3;
Яго ж. Чатыры сцяжыны паэта // Дзень паэзіі-72. Мн., 1972;
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;
Рагойша В. «Шчырапаважаны прафесар...» // Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),
нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.А.Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.А.Бенда, К.Г.Нефе, І.Ф.Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.В.Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян.камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар.аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л.т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.Дзітэрсдорфа, В.Мюлера і асабліва В.А.Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.Бетховен («Фідэліо»), Ф.Шуберт, К.М.Вебер, А.Лорцынг, О.Нікалаі, у венскай аперэце І.Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.Вейля).
Літ.:
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;
Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.