ілю́зія, ‑і, ж.
Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.
[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Узяцца добра гарэць. Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь. Колас. [Муха] лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Баранавых.
2. Стаць агніста-чырвоным. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Шамякін.
3. перан. Стаць чырвоным, гарачым (ад узбуджэння, хвалявання і пад.). Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаравы] разгарэліся. Колас.
4. перан. Дайсці да стану моцнага ўзбуджэння, узрушэння, пранікнуцца якім‑н. пачуццём. — Самому табе не месца ў калгасе! — разгарэўшыся, крычала .. [Вера]. Дуброўскі. [Незнаёмы:] Не ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да святла пацягне. Купала.
5. перан. Развіваючыся, узмацняючыся, дасягнуць вялікага напружання, вялікай сілы. Апетыт разгарэўся. □ Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Колас. Настрой у мяне быў цудоўны, стары мне вельмі спадабаўся, фантазія мая разгарэлася, і я пачаў маляваць будучае Асіповіч. Рамановіч. Сама што разгарэлася работа на полі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.
1. што. Апрацоўваць паверхню металу, шкла, драўніны і пад. абразіўнымі матэрыяламі, каб зрабіць яе гладкай, з дакладнымі памерамі, надаць ёй пэўную форму. Я лічыў у маленстве суседа багатым: Груд камення ляжаў у яго на двары. Кожны камень рукою ён мацаў шурпатай, Шліфаваў пад страхой ад зары да зары. Ляпёшкін. [Антон Максімавіч:] — Памятай, алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён стаў брыльянтам. Рамановіч. // Знішчаць якія‑н. няроўнасці, рабіць гладкай, роўнай, чыстай паверхню чаго‑н. у працэсе трэння. Скарбы мора збірала вякамі, шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч.
2. перан.; каго-што. Удасканальваць, паляпшаць. Нарэшце падышоў час, калі трэба было першы свой «матэрыял» паказаць сакратару. [Максім] доўга і старанна працаваў, шліфаваў, намагаючыся, каб першы твор атрымаўся як мага лепшы. Машара. Жыццё шліфавала мяне і часам з надзвычайным болем зразала з мяне розныя лішнія, непатрэбныя каросты. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эма́ль, ‑і, ж.
1. Непразрыстая шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў з мэтай захавання іх ад акіслення, а таксама глазура для пакрыцця мастацкіх вырабаў. У невялічкім.. [пакоі] з мяккай мэбляю і сінімі сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі і ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Караткевіч. // Паверхня з такога рэчыва ці слой яго на чым‑н. Цяпер палавіна вучняў нашай школы носіць гэтыя значкі з чырвоным крыжам на белай эмалі. Жычка. // перан. Пра гладкую бліскучую паверхню, якая нагадвае такую масу. У шырокім марскім прасторы белымі чайкамі плавалі яхты. Сярод ярка-зялёных далін былі відаць белыя будынкі сядзіб і санаторыяў; кудлатыя, як авечкі, хмаркі беглі па ўступах гор. Усё нібы ззяла золатам, зялёнай, блакітнай і белай эмаллю. Рамановіч.
2. Мастацкі выраб, пакрыты такой масай. Калекцыі эмалей.
3. Цвёрдае бліскучае рэчыва, якое пакрывае знешнюю частку зубоў.
4. Разм. Эмалевая фарба.
[Фр. émail.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недарэ́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Сказаны, зроблены неўпапад, не да месца, недарэчы. [Юрка] хмурыўся і з прыкрасцю адмахваўся ад сясцёр, якія.. прыставалі з недарэчнымі роспытамі. Карпаў. Каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, [Аніс] узяў пад локці Макара і Есіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.
2. Неразумны, бяссэнсавы. Недарэчныя думкі. Недарэчная балбатня. □ Прэч усе недарэчныя разважанні, усе крыўды і дробныя непаладкі! Рамановіч. Самы факт, калі смерць вырывае са строю чалавека, які не прайшоў і паловы таго, што мог прайсці, здаецца недарэчным і несправядлівым. Хадкевіч. // Які робіць падобныя ўчынкі. Недарэчныя людзі.
3. Няўклюдны, няскладны (знешне). Маленькі, недарэчны яфрэйтар Кугель, які ляжаў у шпіталі ў мінулым годзе, выхваляўся, што ўласнымі вачыма бачыў крамлёўскія вежы. Дудо. Прайшлі апошнія рады [вясковых хлопцаў] — самых нізкарослых, крыху недарэчных, у вялікіх, не па росту шынялях. Арабей.
4. Які не адпавядае сітуацыі, абставінам. Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.
1. Прыгарнуць, прыхіліць да сябе з ласкай, пяшчотай. Маёр пасадзіў большых дзяцей насупраць жанчын, а маленькую дзяўчынку прытуліў да грудзей, няўмела гушкаючы на руках. Даніленка. Грушка развітаўся з Тамараю на вакзале, прытуліў яе апошні раз. Яна сказала: — Пішы... Пестрак. Стэпа сцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Гартны. // Шчыльна прыціснуць, прыперці да каго‑, чаго‑н. Зазваніў тэлефон. Кавалёў зняў трубку і прытуліў яе да вуха. Чарнышэвіч. Прытуліўшы галаву да самае шыбіны, Галіна голасна, каб яе пачулі, запытала: — Ці сходу не было ў вас? Галавач.
2. Даць прыстанішча, прытулак. Павел Іванавіч пойдзе па хатах, самымі ласкавымі словамі будзе ўпрошваць гаспадынь прытуліць будаўнікоў. Кулакоўскі. Старажытны Томск прытуліў нас, бежанцаў вайны з Беларусі. Рамановіч. // перан. Узяць каго‑н. пад сваю апеку; прыгрэць. Сваіх дзяцей у Зосі не было, яна прытуліла дзесяцігадовага пляменніка Алёшу. Хадкевіч. Артылерысты прытулілі .. [Лёньку Лазарчыка] як сірату-бежанца. Грамовіч.
•••
Прытуліць галаву — знайсці прыстанішча дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.
1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.
2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Прыпынак, часовае знаходжанне дзе‑н. на шляху руху, у паходзе і пад. Дастаткова сказаць, што стаянкі ля [святлафораў] скараціліся на 25 працэнтаў. Жычка. // Месца прыпынку, часовага знаходжання, жыхарства каго‑, чаго‑н. Стаянка зімоўшчыкаў. □ У адзін з панядзелкаў група .. [Людмілы], цяпер ужо дзесяцікласнікаў, адпраўлялася ў паход да Белага возера, месца былой партызанскай стаянкі, за сорак пяць кіламетраў ад Парэчча. Радкевіч.
2. Стаянне транспарту ў перапынках паміж яго работай. Цягнік стаяў у ляску. Каляда не разлічваў на стаянку і нагнаў шмат пары. Гурскі. Рух паступальны — поспеху залог, Таму і забаронены стаянкі На скрыжаванні вуліц і дарог. Жычка. // Месца, дзе стаіць транспарт, чакаючы пасажыраў. Стаянка таксі. □ Спыніўшыся,.. [«Масквіч»] даў задні ход і, падруліўшы да стаянкі аўтамашын, лоўка прыстроіўся ў іх шарэнгу. Рамановіч.
3. Месца пасялення людзей каменнага веку. У 1929 годзе стаянка была абследавана мінскім археолагам Палікарповічам. В. Вольскі. Пры раскопках земляных умацаванняў... археолагі знайшлі сляды стаянак першабытных людзей і .. ганчарныя печы, якімі карысталіся некалькі тысяч гадоў назад. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расцягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падоўжыцца, павялічыцца ад нацягвання. Гумка расцягнулася. Пальчаткі расцягнуліся. □ Кофта расцягнулася, асабліва на локцях і на грудзях. Арабей. // Пашкодзіцца ад моцнага напружання, удару, неасцярожнага руху (пра сухажылле, звязкі і пад.).
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухаючыся, размясціцца доўгім, рэдкім з прамежкамі радам. Калона з пяці фурманак расцягнулася на цэлы кіламетр. Рамановіч. Выйшлі [партызаны] апаўдні. Расцягнуліся ланцугом між сосен. Навуменка. // Размясціцца паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Стары горад расцягнуўся ўздоўж Прыпяці на трынаццаць кіламетраў. В. Вольскі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прадоўжыцца да якога‑н. часу або доўгі час; зацягнуцца. Работа расцягнулася на тыдзень. □ Расцягнулася размова, каб закончыцца на згодзе. Дубоўка.
4. Легчы выцягнуўшыся. Сяргей расцягнуўся на траве воддаль вогнішча, узіраўся ў зорнае летняе неба. Машара. Сцёпка прывязаў каня да біла калёс, сам расцягнуўся на возе. Хомчанка. // Упасці ўсім целам. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. Халуста імгненна апынуўся каля дзвярэй, зачапіўся нагой за парог і расцягнуўся на зямлі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.
2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.
3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)