МАЛЧА́НАВА (Лідзія Аляксандраўна) (н. 15.7.1921, в. Бузанава Астроўскага р-на Кастрамской вобл., Расія),

бел. этнограф. Д-р гіст. н. (1969). Скончыла Ленінградскі ун-т (1944). З 1948 у Ін-це гісторыі, з 1957 — Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную культуру беларусаў (нар. жыллё, земляробчую тэхніку, адзенне). Аўтар манаграфій «Беларуская народная архітэктурная разьба» (1958), «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968), «Народная метралогія» (1973), «Нарысы матэрыяльнай культуры беларусаў XVI—XVIII стст.» (1981). Адна з аўтараў нарыса «Беларусы» для шматтомнага выдання «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964), рэгіянальнага гіст.-этнагр. атласа Украіны, Беларусі і Малдавіі, прац «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988).

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЮРКІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная дактрына, паводле якой усе цюркскія народы з’яўляюцца адзінай нацыяй і павінны аб’яднацца ў адзіную дзяржаву — «Вялікі Туран». Узнік у Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытэза асманізму з яго ідэяй «адзінага асманскага народа». Ідэі П. выкладаліся ў працах З.​Гёкальпа, Х.​Эдыба, Ю.​Акчура і інш. Быў ідэйнай асновай руху младатуркаў, якія кіравалі Асманскай імперыяй у 1908—18. Напачатку П. меў антырас. кірунак. У 1 -ю сусв. вайну ў Стамбуле быў заснаваны «Камітэт па абароне мусульм. цюрка-татарскіх народаў Расіі» (1915). Пасля паражэння Турцыі ў вайне і перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 першы прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі М.К.Атацюрк афіцыйна адмовіўся ад П. і супрацьпаставіў ёй ідэю ўласна тур. нацыяналізму. Пэўны ўздым панцюркісцкіх настрояў назіраўся ў Турцыі пасля смерці Атацюрка (1938) і ў 2-ю сусв. вайну. У пач. 1990-х г. з пазіцый П. выступалі асобныя тур. паліт. партыі (Партыя нацыяналіст. руху, Партыя росквіту). Элементы П. (спасылкі на асобы характар сувязей) назіраюцца ў адносінах сучаснай Турцыі з цюркамоўнымі народамі Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі, хоць афіцыйна лічыцца, што ён супярэчыць тур. канстытуцыі і не вызначае знешняй палітыкі Турцыі. Ідэі П. паўплывалі на працэс развіцця цюркскіх народаў Крыма, Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі. У 1990-я г. элементы ідэалогіі П. выкарыстоўвалі асобныя партыі і рухі ў дзяржавах Закаўказзя і Цэнтр. Азіі (Нар. фронт Азербайджана, «Бірлік» ва Узбекістане, «Жалтаксан» і «Алаш» у Казахстане).

Літ.:

Еремеев Д.Е. Кемализм и пантюркизм // Народы Азии и Африки. 1963. № 3;

Гасанова Э.Ю. Общественная мысль в Турции // Современная философская и социологическая мысль стран Востока. М., 1965;

Пантюркизм в России // Азия и Африка сегодня. 1992. № 7—8;

Левин З.И. Общественная мысль на Востоке: Постколониал. период. М., 1999.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ма́сла, ма́сло ’харчовы тлушч са смятанкі ці смятаны’, ’мінеральнае тлустае рэчыва’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Вешт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. ма́сло, ст.-рус. масло, польск. masło, н.-луж. masło, чэш. maslo, славац. maslo, славен. máslo, серб.-харв. ма̏сло, макед. масло, ст.-слав. масло ’масла’. Прасл. maslo < maz‑slo, утворанае ад mazati ’мазаць’ (гл.) (Бернекер, 2, 23; Фасмер, 2, 578). Масла, выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі як мазь, якой націралі цела, валасы; некаторыя народы ім мазалі калёсы. Аналагічна ў германцаў: ст.-в.-ням. ancho ’масла’, роднаснае да лац. unguentum ’мазь’ (Махэк₂, 353). Сюды ж ма́слены ’які з масла, падобны на масла’ (ТСБМ, Кліх), ’ліслівы’, ма́сліцца ’блішчаць, ільсніцца’, ’лашчыцца’, ’валаводзіцца, няньчыцца, цацкацца’, ма́сліць ’задобрываць, схіляць ласкамі і падарункамі’ (Нас., ТСБМ; жлоб., Нар. словатв.) і ўтворанае ад якаснага прыметніка масленіцца (Васілеўскі, БЛ, 10, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вандрава́ць

(польск. wędrować, ад с.-в.-ням. wandem)

1) весці неаселы спосаб жыцця, пераязджаць з месца на месца; качаваць (пра плямёны, народы);

2) доўга хадзіць, ездзіць дзе-н.; блукаць, падарожнічаць;

3) пераходзіць ад аднаго ўладальніка да другога на працягу доўгага часу (аб прадметах).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (10.12.1822, Арлоўская губ. — 19.11.1885),

расійскі прыродазнавец, адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства і панславізму. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847). За ўдзел у руху петрашэўцаў у 1849—52 праследаваўся ўладамі. Удзельнік (1853—57) і кіраўнік (1858—71) шэрагу навук. экспедыцый па даследаванні стану рыбалоўства ў Расіі. Распрацаваў канцэпцыю культ.-гіст. тыпаў (цывілізацый), у якой абгрунтаваў курс Расіі на барацьбу супраць Захаду за ўплыў на слав. і інш. народы Еўропы, з пазіцый тэлеалогіі крытыкаваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна. Аўтар паліт. і эканам. артыкулаў.

Тв.:

Россия и Европа. М., 1991.

Літ.:

Захарова АА Россия в философско-исторической концепции Н.​Я.​Данилевского. Томск, 1986;

Авдеева Л.Р. Русские мыслители: Ап.Л.​Григорьев, Н.​Я.​Данилевский, Н.​Н.​Страхов: Филос. культурология второй половины XIX в. М., 1992.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САВА ПО́ЛЕ,

міжгорная катлавіна каля г. Прышціна ў былым аўт. краі Косава (Сербія), дзе 15.6.1389 адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднаным войскам сербаў і баснійцаў пад камандаваннем сербскага кн. Лазара (15—20 тыс. чал.) і тур. арміяй султана Мурада I (27—30 тыс. чал.). Пасля ўпартых баёў, у ходзе якіх загінулі Мурад I і Лазар, перамаглі туркі. У выніку паражэння на К.п. Сербія стала васалам Турцыі (з 1459 у складзе Асманскай імперыі), сербы і інш. балк. народы трапілі пад тур. панаванне больш як на 400 гадоў. Бітва на К.п. адлюстравана ў сербскіх песнях, былінах і паданнях як адна з найб. трагічных і гераічных падзей у гісторыі сербаў. У кастр. 1448 на К.п. таксама пацярпела паражэнне венг. войска на чале з Я.Хуньядзі (разбіта тур. арміяй султана Мурада II).

т. 8, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

меч, мяча, м.

Старадаўняя халодная зброя, падобная на вялікі нож, востры з абодвух бакоў. / у перан. ужыв. Дык чуйце, народы, ў паход на бандыта, На меч перакуйце свой плуг. Колас.

•••

Дамоклаў меч — пастаянная небяспека, пагроза (са старажытнага падання пра сіракузскага тырана Дыянісія, які ў час банкету пасадзіў на сваё месца зайздроснага Дамокла і павесіў над ім на конскім воласе меч).

Падняць меч гл. падняць.

Скрыжаваць мячы гл. скрыжаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРАМЛЕ́Й (Юліян Уладзіміравіч) (21.2.1921, Масква — 4.6.1990),

рускі гісторык-славіст і этнограф. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1966), д-р гіст. н. (1965), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1966 дырэктар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Чл. выканкома (1970—80) і віцэ-прэзідэнт (з 1980) Міжнар. саюза антрапал. і этнагр. навук; чл. Бюро Адміністрацыйнага савета (1968) і віцэ-прэзідэнт (з 1982) Міжнар. т-ва этналогіі і фальклору Еўропы. Даследаваў сярэдневяковую гісторыю Харватыі: «Сялянскае паўстанне 1573 г. ў Харватыі» (1959), «Станаўленне феадалізму ў Харватыі» (1964); тэорыю этнасу і этнічных працэсаў, гісторыю першабытнага грамадства, тэарэт. пытанні і сучасную праблематыку этнагр. навукі: «Сучасныя праблемы этнаграфіі» (1981), «Нарысы тэорыі этнасу» (1983), «Тэарэтычная этнаграфія» (1984, на англ. мове), «Чалавецтва — гэта народы» (з Р.​Р.​Падольным, 1990) і інш. У этнагр. працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. Дзярж. прэміі СССР 1981, 1987.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калату́ша, ‑ы, ж.

Разм.

1. Размешаная гразь. Зямля размякла і ператварылася ў ліпкую калатушу, з якой цяжка было выцягнуць ногі. Дудо. // Пра ўсякую негустую масу. На палях снегу амаль не было, толькі ў разорах ды ў канавах ляжала мокрая калатуша, падобная на аўсяны кісель. Грахоўскі.

2. Негустая страва з раскалочанай у вадзе ці ў малацэ мукі.

3. Бойка, калатня, вайна. [Багатыры] не пагадзіліся між сабою, кінулі свае народы, сялянства і рабочых у гэтую крывавую калатушу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КІРЫЛЮ́К (Яўген Прохаравіч) (18.3.1902, Варшава — 24.6.1989),

украінскі літ.-знавец. Чл.-кар. АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.​Р.​Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр. літ. сувязей.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)