ПАНЦЮРКІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная дактрына, паводле якой усе цюркскія народы з’яўляюцца адзінай нацыяй і павінны аб’яднацца ў адзіную дзяржаву — «Вялікі Туран». Узнік у Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытэза асманізму з яго ідэяй «адзінага асманскага народа». Ідэі П. выкладаліся ў працах З.Гёкальпа, Х.Эдыба, Ю.Акчура і інш. Быў ідэйнай асновай руху младатуркаў, якія кіравалі Асманскай імперыяй у 1908—18. Напачатку П. меў антырас. кірунак. У 1 -ю сусв. вайну ў Стамбуле быў заснаваны «Камітэт па абароне мусульм. цюрка-татарскіх народаў Расіі» (1915). Пасля паражэння Турцыі ў вайне і перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 першы прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі М.К.Атацюрк афіцыйна адмовіўся ад П. і супрацьпаставіў ёй ідэю ўласна тур. нацыяналізму. Пэўны ўздым панцюркісцкіх настрояў назіраўся ў Турцыі пасля смерці Атацюрка (1938) і ў 2-ю сусв. вайну. У пач. 1990-х г. з пазіцый П. выступалі асобныя тур. паліт. партыі (Партыя нацыяналіст. руху, Партыя росквіту). Элементы П. (спасылкі на асобы характар сувязей) назіраюцца ў адносінах сучаснай Турцыі з цюркамоўнымі народамі Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі, хоць афіцыйна лічыцца, што ён супярэчыць тур. канстытуцыі і не вызначае знешняй палітыкі Турцыі. Ідэі П. паўплывалі на працэс развіцця цюркскіх народаў Крыма, Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі. У 1990-я г. элементы ідэалогіі П. выкарыстоўвалі асобныя партыі і рухі ў дзяржавах Закаўказзя і Цэнтр. Азіі (Нар. фронт Азербайджана, «Бірлік» ва Узбекістане, «Жалтаксан» і «Алаш» у Казахстане).
Літ.:
Еремеев Д.Е. Кемализм и пантюркизм // Народы Азии и Африки. 1963. № 3;
Гасанова Э.Ю. Общественная мысль в Турции // Современная философская и социологическая мысль стран Востока. М., 1965;
Пантюркизм в России // Азия и Африка сегодня. 1992. № 7—8;
Левин З.И. Общественная мысль на Востоке: Постколониал. период. М., 1999.
А.В.Ціхаміраў.
т. 12, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)