авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).
Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ ШРЫФТ,
шрыфт, уведзены ў Расіі для друкавання свецкіх выданняў у выніку праведзенай у 1708 Пятром I рэформы рус. пісьменства. Крыніца — маскоўскае пісьменства канца 17 — пач. 18 ст. на аснове кірыліцы і лац. шрыфту антыква. Пры стварэнні грамадзянскага шрыфту з кірыліцы былі выключаны непатрэбныя для рус. мовы грэч. літары «псі», «ксі», «амега», «іжыца», лігатура «от», знак націску (моцы), скарачэнняў (цітлы), «юсы» (вял. і малы, якія служылі для перадачы насавых гукаў). У алфавіце быў узаконены новы абрыс літар «э», «я», замест абазначэння лічбаў літарамі сталі выкарыстоўваць араб. лічбы. Эскізы малюнкаў літар грамадзянскага шрыфту, верагодна, рабіў сам Пётр, шрыфт маляваў Куленбах. Літары грамадзянскага шрыфту былі адліты ў Амстэрдаме і на Маскоўскім друкарскім двары. Мяркуюць, што ў падрыхтоўцы рэформы рус. пісьменства і ўзораў шрыфтоў прымаў удзел І.Ф.Капіевіч. Першая кніга, набраная грамадзянскім шрыфтам, — «Геометриа славенски землемерие» (1708). У 18—19 ст. грамадзянскі шрыфт узяты за аснову балг. і сербскага, у 20 ст. — манг. алфавітаў. Пад яго ўплывам сфарміраваліся бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы, а таксама некат. народаў Расіі.
Літ.:
Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт: Вопр. истории и практика применения. 2 изд. М., 1985.
М.Б.Батвіннік.
Да арт.Грамадзянскі шрыфт. Старонка рускай грамадзянскай азбукі з уласнаручнымі паметамі Пятра I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (парт.псеўд.Стах, Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),
бел.паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел.камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл.ЦККПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦККПЗБ (гл.Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.І.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Змест ’тэма, сутнасць’. Укр.зміст. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова змѣщати (Сіноніма) ’умяшчаць’ ад кораня měst‑ (гл. места) з суфіксам ‑ja‑ і прэфіксам з‑ < *sъ‑. Тэрмін замацаваўся ў пачатку XX ст., у прыватнасці ў творах М. Багдановіча (1911 г.). Жаўтобрух (Мова укр. періодичної преси, 1970, 160) фіксуе ўкр.зміст у 1909 г. Не выключаны ўкр. уплыў на замацаванне ці ўтварэнне тэрміна ў бел., паколькі цяжка ўявіць незалежнасць гэтых слоў. Першаснае (магчыма, не актуалізаванае) значэнне ’тое, што змяшчаецца ў нейкай з’яве’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прабо́й ’металічная дужка, на якую навешваецца замок’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.; шчуч., Сл. ПЗБ), пробо́й верхняя частка вулля-калоды’ (Анох.). Рус.пробо́й, укр.пробій, польск.przebój, серб.-харв.пробо́ј, славен.probój, балг.пробой у розных значэннях — ’прабоіна, прарыў (куды-небудзь)’ і г. д. У значэнні ’металічная дужка, на якую навешваецца замок’ з’яўляецца бел.-рус. семантычнай ізаглосай. Прасл.*probojь — аблаўтны дэрыват ад *probiti < *biti ’біць’. Не выключаны аднак, што гэта больш позняя аналагічная форма па тыпу *bojь < *biti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Але́сіца ’лухта, глупства’ (Нас.), алесіць ’гаварыць прывабна, гаварыць лухту’ (Нас.) з акалесіца. Параўн. рус.околёсица лухта, глупства’, околёсная ’тс’, околёсина ’след кола пры павароце’. Усё гэта да калёсы (Міклашыч, 124). Семантычна параўн. лац.delīrus ’вар’ят’ (= які сышоў з баразны) да līra ’баразна’ і бел.зʼехаць з глузду (Мартынаў, Лекс. Палесся, 14). Значэнне ’гаварыць прывабна’ ў дзеяслова алесіць, відаць, пад уплывам лесціцца (гл.). Не выключаны таксама ўплыў куралесы ’небыліца’ (гл.). Нас., 363, перакладае алесіць ’куролесить, нести вздор’ (Мартынаў, SlW, 65–65).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тсцёў, тсьця́ ‘цесцеў’, тсцёўскі ‘ўласцівы цесцю’, тсцёўшчына ‘спадчына пасля цесця’ (Нас., Гарэц.). Да цесць (гл.), якое з прасл.*tьstь ‘цесць’. Названыя беларускія формы ўзыходзяць да фанетычна і граматычна правільнай формы (ускосных склонаў, у прыватнасці Р. скл.) тсьці (í‑асновы) < прасл.*tьsti, якая падверглася ўплыву ‑jĭ‑асноў і набыла форму *tьstʼa ‘цесця’. У сучаснай беларускай мове парадыгма скланення выраўнялася паводле Н. скл. цесць, цесця і г. д. Не выключаны таксама ўплыў польскай мовы, параўн. ст.-польск.cieść, ćcia/cieścia ‘цесць’ (XV ст.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАЛЬМО́НТ (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),
рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус.сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.Б.Шэлі (Поўн. зб.тв.), П.Кальдэрона, У.Уітмена, Э.По, П.Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.