НІ́МФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЕЙДО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

некта́р

(гр. nektar)

1) напітак багоў у старажытнагрэчаскай міфалогіі, які даваў ім бессмяротнасць;

2) салодкі сок, які выдзяляюць кветкі меданосных раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АБУ́-СІМБЕ́Л,

мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал. стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.

Калосы Рамсеса II у Абу-Сімбеле.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭМО́Н (Entremont),

стараж. кельта-лігурыйскі абарончы і культавы цэнтр каля г. Экс-ан-Праванс (Францыя), сталіца плямёнаў соліяў. Пабудаваны ў 3 ст. да н.э., разбураны рымлянамі ў 124 да н.э. Гар. сцены з вежамі, складзеныя з каменных блокаў, захаваліся на выш. да 4 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі чатырохвугольных каменных дамоў, каналізацыі. У найб. высокім месцы знаходзілася свяцілішча, дзе захаваліся каменныя слупы з выявамі мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў, рэшткі шматлікіх скульптур — фігур воінаў і, верагодна, багоў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́БА, Гебея,

у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.​Кайзера, К.​В.​Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.

Геба. Скульптура А.​Кановы. 1801.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́ ВЕК,

у старажытных уяўленнях многіх народаў самая ранняя пара існавання чалавецтва, калі людзі заставаліся вечна маладыя, не ведалі турбот і засмучэнняў, былі падобныя да багоў, але падуладныя смерці, якая прыходзіла да іх як салодкі сон, З.в. называюцца таксама час росквіту культуры, мастацтва, л-ры, навукі і інш. Адпаведна гіст. працэсам развіцця ў розных краінах перыяды З.в. не супадаюць храналагічна і тыпалагічна. Для Беларусі некат. даследчыкі З.в. называюць 16—1-й пал. 17 ст., што прыпадае на бел. Адраджэнне.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

міф

(гр. mythos = паданне)

1) старажытнае народнае паданне пра легендарных герояў, багоў, пра паходжанне свету і з’яў прыроды;

2) перан. вымысел, выдумка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэургі́я

(гр. theurgia = цуд)

від магіі; дзеянні, пры дапамозе якіх веруючыя намагаюцца паўплываць на волю багоў і духаў, каб змяніць ход падзей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эгі́да

(гр. aigis, -gidos)

шчыт Зеўса ў старажытнагрэчаскай міфалогіі як сімвал заступніцтва і гневу багоў;

пад эгідай — пад чыім-н. заступніцтвам, абаронай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)