АНТРАПАМАРФІ́ЗМ

(ад антрапа... + грэч. morphē форма, від),

прыпадабненне да чалавека, надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, нябесных целаў, жывёлін, міфічных істот. Узнік як першапачатковая форма светапогляду чалавека на ранніх ступенях развіцця грамадства (гл. Анімізм). Антрапамарфізм уласцівы большасці рэліг. уяўленняў пра багоў і інш. звышнатуральных істот (багі т.зв. вышэйшых рэлігій, язычніцкія багі і інш.). Антрапаморфныя паняцці выкарыстоўваюць і ў сучаснай навук.-тэхн. л-ры (камп’ютэр «запамінае», «рашае задачу» і г.д.), для эмацыянальнай выразнасці ў выяўл. мастацтве, паэзіі, прозе («зямля спіць», «мора хвалюецца»).

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)