галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.
Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл.Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл.Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш.Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн.драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі і Бел.тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.
Літ.:
Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;
Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ ФІ́ЗІКА,
галіна ядзернай фізікі, якая ахоплівае даследаванні розных з’яў з удзелам нейтронаў. Вывучае ўзаемадзеянне нейтронаў з рэчывам (ядз. рэакцыі, дыфузію, запавольванне і інш.), даследуе ўласцівасці саміх нейтронаў (структуру, працэсы распаду, эл.-магн. характарыстыкі і інш.). Праяўленні хвалевых уласцівасцей нейтронаў даследуюцца ў нейтроннай оптыцы. Мае шматлікія дастасаванні пры вызначэнні структуры рэчыва (гл.Нейтронаграфія, Нейтронная спектраскапія).
Пачала развівацца пасля адкрыцця нейтрона (1932). Першыя эксперыменты з нейтронамі, праведзеныя ў 1934—40, прывялі да адкрыцця працэсу дзялення ядраў нейтронамі і магчымасці ажыццяўлення ланцуговай ядзернай рэакцыі і на яе аснове стварэння ядз. зброі і ядз. рэактараў. Некаторыя ядз. рэакцыі, выкліканыя нейтронамі, выкарыстоўваюцца для вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, у т. л. для перапрацоўкі радыеактыўных адходаўядз. рэактараў пераўтварэннем доўгачасовых (з вял. перыядам паўраспаду) ізатопаў у кароткачасовыя. Ствараюцца спецыялізаваныя крыніцы нейтронаў: імпульсныя і даследчыя ядз. рэактары, а таксама розныя буйнатокавыя паскаральнікі зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, дэйтронаў), якія выкарыстоўваюцца для даследаванняў і атрымання адз. паліва ў прамысл. маштабах. Важным кірункам даследаванняў Н.ф. з’яўляецца вывучэнне законаў прыроды пры люстраным адбіцці прасторы і пры змене знака часу. У шматлікіх эксперыментах даказана адсутнасць люстраной сіметрыі ўзаемадзеянняў элементарных часціц, у прыватнасці, паказана залежнасць каэфіцыента паглынання нейтронаў у аднародным і ізатропным рэчыве ад арыентацыі спіна нейтрона адносна яго імпульсу. Адным з выяўленняў неінварыянтнасці часу з’яўляецца меркаванне аб наяўнасці ў нейтрона эл. дыпольнага моманту.
На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.ф. праводзяцца ў НДІядз. праблем пры БДУ, Ін-це фізікі і Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН.
Літ.:
Гуревич И.И., Тарасов Л.В. Физика нейтронов низких энергий. М., 1965;
Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;
Александров Ю.А. Фундаментальные свойства нейтрона. 3 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя матэрыялы (вырабы) каменепадобнай будовы і зробленыя з іх канструкцыйныя элементы (будаўнічыя канструкцыі). Шырока выкарыстоўваюцца для ўзвядзення і аддзелкі жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў, пры буд-ве дарог, гідратэхн., інж. і інш. збудаванняў.
Каменныя матэрыялы бываюць прыродныя (атрымліваюць з гранітаў, базальтаў, пясчанікаў і інш. горных парод мех. апрацоўкай або без яе) і штучныя (вырабляюць з мінер. сыравіны). Асн. разнавіднасці прыродных матэрыялаў: пясок і жвір (атрымліваюць прасейваннем і прамыўкай рыхлых парод); друз, каменныя крошка і мука, мінер. парашкі (атрымліваюць драбленнем і размолваннем горных парод); бутавы камень, шашка для брукавання (атрымліваюць выбуховым спосабам і расколваннем вапняку, пясчаніку і інш. асадкавых парод); пілаваныя камяні, блокі (атрымліваюць выпілоўваннем каменярэзнымі машынамі з лёгкіх горных парод); абліцовачныя камяні, пліты, брусчатка, бартавы камень, арх. фасонныя вырабы і дэталі (атрымліваюць распілоўваннем, расколваннем, шліфоўкай скальных парод у працэсе каменеапрацоўкі; гл. таксама Абліцовачныя матэрыялы). Штучныя каменныя матэрыялы атрымліваюць тэхнал. перапрацоўкай горных (пераважна асадкавых) парод ці адходаўпрамысл. вытв-сці. Гэта бетон, жалезабетон, цэгла, будаўнічая кераміка, многія вогнетрывалыя матэрыялы, гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы, прадукты каменнага ліцця, шкло і шкляныя вырабы, сіталы і шклосіталы, цеплаізаляцыйныя матэрыялы, будаўнічыя растворы і інш. Каменныя матэрыялы выкарыстоўваюцца як запаўняльнікі пры вытв-сці асфальта- і цэментабетонаў і як сыравіна ў вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу. Каменныя канструкцыі бываюць нясучыя і агараджальныя: фундаменты, сцены, аркі, скляпенні, перакрыцці, слупы, перамычкі, дымавыя трубы і інш. Яны даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, архітэктурна выразныя, могуць вырабляцца з мясц.буд. матэрыялаў. Вядомыя са старажытнасці (гл.Архітэктура). Для муравання выкарыстоўваюць гліняную і сілікатную цэглу, керамічныя і бетонныя камяні і блокі (суцэльныя і пустацелыя; гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), камяні з вапняку, пясчаніку, туфу, ракушачніку, буйныя блокі са звычайнага (цяжкага), сілікатнага і лёгкага бетону (гл.Буйнаблочныя канструкцыі).Асн. недахопы каменных канструкцый — вял. маса і недастатковая трываласць на расцяжэнне і выгін, значная працаёмістасць каменных работ. Для павышэння трываласці муроўкі і змяншэння яе масы выкарыстоўваюць комплексныя (узмоцненыя жалезабетоннымі элементамі) і армакаменныя канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для сан. ачысткі населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання гар. дарог і будынкаў, догляду за зялёнымі насаджэннямі.
Для збору і вывазу цвёрдых быт.адходаў (ЦБА) прызначаны машыны на шасі аўтамабіляў і трактароў: збіральныя з бакавой або тарцовай загрузкай (абсталёўваюцца захопамі-маніпулятарамі для падняцця і выгрузкі кантэйнераў у герметычны кузаў, дзе ЦБА ушчыльняюцца спец. плітой ці ротарам); транспартныя, закрытыя кузавы якіх маюць люкі для загрузкі ЦБА у пунктах перагрузкі або сарціроўкі. Для ачысткі калодзежаў ліўневай каналізацыі выкарыстоўваюць глеясосныя машыны з герметычнай цыстэрнай, помпавай устаноўкай і шлангам для забору глею; для прачысткі труб гар. каналізацыі — машыны гідрадынамічнай ачысткі (складаюцца з цыстэрны з вадой, помпавай устаноўкі, напорных шлангаў з насадкамі для прамыўкі). Рамонт гар. дарог (ямачны рамонт, ускрыццё асфальтабетоннага пакрыцця, укладка асфальту або брусчаткі) робіцца машынамі на шасі аўтамабіляў або трактароў з выкарыстаннем спец. абсталявання для рэзкі асфальту або грунту, прыгатавання і размеркавання пакрыццяў (бітумных масцік), укладкі і прыкочвання асфальту ці брусчаткі (гл.Дарожныя машыны). Для ўтрымання дарог у летні перыяд выкарыстоўваюць машыны паліва-мыечныя (маюць цыстэрну для вады і прыстасаванні для яе распылення) і падмятальна-ўборачныя (маюць шчотачнае абсталяванне, мех. або вакуумны вузел загрузкі пылу і смецця ў герметычную цыстэрну і прыстасаванне пылаўлоўлівання), у зімовы перыяд — снегаўборачныя машыны, універсальныя пагрузчыкі, пескараскідальнікі (абсталяваны бункерам для пясчана-саляной сумесі, механізмам раскідвання і плужна-шчотачным абсталяваннем), лёдасколвальнікі. Пры рамонце фасадаў будынкаў выкарыстоўваюць спец. вышкі і пад’ёмнікі, падвясныя люлькі, малагабарытныя ўстаноўкі для рамонту мяккіх дахаў і прыгатавання бітумных масцік непасрэдна на даху. Для догляду за газонамі і зялёнымі насаджэннямі выкарыстоўваюць газонакасілкі, апырсквальнікі, ямабуры, машыны для выдалення пнёў і здрабнення галінак і інш.
На Беларусі асн. распрацоўшчыкі К.м. — канструктарскія аддзелы НВА «Жылкамунтэхніка», вытворцы — Асіповіцкі з-д «Каммаш» і ВА «Белкамунмаш». Асобныя віды К.м. вырабляюць прамысл. прадпрыемствы (МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор», «Белдартэхніка»), а таксама імпартуюцца з Расіі, Германіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),
раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл.Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.
Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.
На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;
Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;
Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал. трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.
На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і З рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн.м³ драўніны. У Вял.Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс.га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн.м³, у т. л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т. л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс.м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс.м³ трэсак і пілавіння.
Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.
комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл.Ільноапрацоўка).
Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл.Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.
На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл.Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс.т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс.т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,
Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-тядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага (з 1986 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар.час. «Heat and Mass Fransfer» і амер.час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц. тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым. даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМСССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.П.Валошын (дырэктар у 1952—56), акад.АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна 1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн.га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.
Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс.га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс.т (гл.табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.
Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.
Н.І.Жураўская.
Пасяўная плошча і валавыя зборы цукровых буракоў у Беларусі (на тэхнічныя мэты)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Радно́, радні́на ’тоўстае палатно з пянькі або льняной пражы, а таксама выраб з такога палатна’ (ТСБМ), ’грубае саматканае палатно’ (Арх. Федар.), ’саматканая посцілка з грубай пражы’ (Сцяшк.), ’палатно, тканае ў чатыры ніты’ (Варл.), ’тканіна з рыззя, посцілка’ (гродз., ваўк., беласт., чэрв., Сл. ПЗБ), ’грубае ільняное палатно, рэдка вытканае; прасціна або накрыўка на ложак з такога палатна’ (Федар.), ’атрэп’е’ (чэрв., Сл. ПЗБ), родно́ ’тс’ (ТС; драг., ЖНС), радні́на, радны́на ’грубае, даматканае палатно’ (Сл. ПЗБ, Касп.), радня́ны ’зроблены з радна’ (ТСБМ), радня́ны, радніно́вы ’зроблены з грубага палатна’ (пін., паст., Сл. ПЗБ), радня́ніца ’ніткі з адходаў ільну’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, радавы́ ’зроблены з грубай ільняной пражы’, радаво́е ’тканіна, вытканая ў рады’ (Сл. Брэс.), радаво́я ’пачаскі’ (баран., Сл. ПЗБ), ст.-бел.рядно, редно, рѧдно ’тоўстае палатно з ільняной або канаплянай пражы’, рус.дыял.редно́, рядно́, редни́на, редови́на, рядови́тина, редчи́на ’грубае палатно на рэдкай аснове для посцілак, мяшкоў’, польск.дыял.radno ’тканае ў рады палатно з дрэнных нітак’ (з беларускай мовы). Існуе некалькі версій паходжання слова. Даль звязвае назву са словам рэдкі (Даль, 3, 1763), гл. Праабражэнскі (2, 230) падае як утварэнне ад рад (гл.). Чумакова сцвярджае, што слова з’яўляецца назвай складанага спосаба ткання ўручную, пры якім атрымліваецца тканіна з перапляценнем у выглядзе касых прыступкавых радкоў, параўн.: рядны́й — тканый нарочито рядами (Нас., 571). Улічваючы гэта, яна прапануе разглядаць слова радно як субстантываваную форму прыметніка ра́дны, які быў утвораны на базе назоўніка рад, звязанага з абазначэннем асобай тэхнікі ткання і асобай фактуры тканіны. Такое тоўстае і шчыльнае палатно выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэбаў — на посцілкі, мяшкі, і з часам набыло значэнне ’грубая саматканая тканіна для гаспадарчых патрэбаў’. Замацаванню утварэння на ‑но (радно) спрыяла тое, што ў групе назваў саматканак ужо былі тэрміны тыпу сукно, палатно (Чумакова, Этимология–1968, 171–175). Аднак формы тыпу радаво́я ’пачаскі’ і асабліва радно́ ’атрэп’е’, параўн.: як трапаеш — атходзіць радно (чэрв., Сл. ПЗБ), сведчыць пра першаснае аднясенне назвы да працэсу апрацоўкі ільну або пянькі для аддзялення матэрыялу больш высокай якасці ад звычайнага, радавога, параўн. ст.-слав.издрѧдьнъ ’надзвычайны’, рус.из ряда (вон) ’вышэйшай якасці, выдатны’.