успамі́н, ‑у, м.

1. Узнаўленне ў думках таго, што захавалася ў памяці. Вярнуўшыся ў купэ, Рыта зноў падсела да акна і аддалася ўспамінам аб сваіх нядаўніх універсітэцкіх сябрах. Васілевіч.

2. толькі мн. (успамі́ны, ‑аў). Запіскі, расказы аб мінулым, перажытым. Пісаць успаміны. Вечар успамінаў. □ Усе слухалі ўспаміны старога, нібы казку, — жывы летапіс сваіх мясцін. Новікаў. — Ну, калі на тое пайшло, што заняліся ўспамінамі, — усміхнуўшыся, загаварыў Катлярэвіч, — то і мне ёсць пра што сказаць. Гурскі.

•••

Лёгкі на ўспамін гл. лёгкі.

На ўспамін — для таго, каб доўга помнілі, не забывалі каго‑, чаго‑н. (даць, падарыць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Раптоўнае загаранне, непрацяглы бляск, нядоўгае ззянне. Успышка бензіну. □ Зноў на рэйках нікога няма, а ад участка да ўчастка пакаціліся вогненныя ўспышкі. Васілеўская. Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. І следам за ўспышкай зарніц Даносіла ветрам здалёку Дыханне бурлівых крыніц. Кірэенка.

2. Раптоўнае кароткачасовае і моцнае праяўленне чаго‑н. Успышка тыфу. □ Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. // Нечаканае праяўленне раздражнення, абурэння. Валенда панура маўчаў. Успышка гневу не зрабіла яго цвярозым. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утулі́ць, утулю, утуліш, утуліць; зак., што.

1. Схаваць унутр чаго‑н. Жанчына падышла, .. асцярожненька, спакваля села і раптам утуліла твар у адварот халата, ціха заплакала. Кулакоўскі. Сінічкін.. падняў каўнер свайго габардзінавага плашча, утуліў у яго вушы. Пестрак.

2. Уцягнуць, увабраць унутр чаго‑н. (пра галаву). Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы, нібы на яго замахнуліся кіем. Шамякін.

3. Прыціснуць вушы да галавы (пра каня і пад.). Конь зноў ірвануў угору галаву, утуліў вушы і неяк вінавата маргнуў вялікімі, кожнае па лапцю, павекамі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.

2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.

3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарва́ркі, ‑рак; адз. шарварка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Грамадская працоўная павіннасць пераважна па будаўніцтву і рамонту дарог, мастоў, грэбляў, панскіх будоўляў у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай у 15–18 стст., а таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921–39 гг. Вёска не хадзіла адбываць шарваркі, не плаціла падаткаў. Пестрак. Вызначалі [панскія начальнікі] фурманкі і людскую сілу на шарварку для рамонту мастоў і дарог, што праходзілі па панскай зямлі, зноў збіралі сход. Машара. На сялян сыпаліся шматлікія штрафы і прымусовыя павіннасць па рамонту дарог і мастоў (шарваркі), якія ператварылася ў сапраўдную дарожную паншчыну. Палуян.

[Польск. szarwark ад ням. Scharwerk.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго-што.

Правяраць веды па якім‑н. вучэбным прадмеце. [Ірына] спрабуе пажартаваць: — Вы мяне быццам экзаменуеце. А я ўсе экзамены здала, Платон Назаравіч. Шамякін. Прафесар, які гатоў быў ісці, безнадзейна махае рукой і зноў садзіцца ў сваё крэсла. Такіх музыкантаў яму яшчэ не даводзілася экзаменаваць. Вітка. // Разм. Падрабязна распытваць, дапытвацца пра што‑н. Кожную нядзелю Гена экзаменуе мяне. Пры цётцы Куліне ён наўмысля мяне хваліць, кажа, што ў школе я быў бы ўдарнікам вучобы. Жычка. Слухаю, — а той [Вейс] Зінчанку строга так экзаменуе. Шынклер. // Правяраць на трываласць, надзейнасць. Тэхніку экзаменуе ўраджай. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

энцыклапе́дыя, ‑і, ж.

1. Навуковае даведачнае выданне ў выглядзе слоўніка, дзе звычайна даюцца асноўныя звесткі па ўсіх або па асобных галінах ведаў. Музычная энцыклапедыя. Медыцынская энцыклапедыя. Вялікая Савецкая Энцыклапедыя. □ Наталля Пятроўна, зноў сеўшы ў крэсла, праглядала том энцыклапедыі. Шамякін. // Мастацкі твор, які шырока і ўсебакова адлюстроўвае жыццё. «Новую зямлю» [Я. Коласа] справядліва называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага селяніна канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Навуменка.

2. Кніжн. Прыведзены ў сістэму агляд розных раздзепаў, галін якой‑н. навукі, уводзіны ў курс якой‑н. навукі. Экзамен па энцыклапедыі права.

[Ад грэч. enkýklios paidéia — навучанне па ўсяму кругу ведаў.]

•••

Хадзячая энцыклапедыя — пра адукаванага чалавека, які валодае самымі разнастайнымі ведамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сойти́сь сов., в разн. знач. сысці́ся, мног. пасыхо́дзіцца, пасхо́дзіцца;

уча́стники состяза́ния сошли́сь на стадио́не удзе́льнікі спабо́рніцтваў сышлі́ся (пасыхо́дзіліся) на стадыёне;

на́ши мне́ния сошли́сь на́шы ду́мкі сышлі́ся;

сойти́сь хара́ктерами сысці́ся хара́ктарамі;

концы́ ремня́ не сошли́сь канцы́ папру́гі не сышлі́ся;

полови́цы сошли́сь до́шкі ў падло́зе сышлі́ся (пасыхо́дзіліся);

ли́нии сошли́сь в одно́й то́чке лі́ніі сышлі́ся ў адны́м пу́нкце;

они́ не оди́н раз расходи́лись, а сейча́с сно́ва сошли́сь яны́ не адзі́н раз разыхо́дзіліся, а цяпе́р зноў сышлі́ся.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сысці́ся сов., в разн. знач. сойти́сь;

спартсме́ны сышлі́ся на стадыёне — спортсме́ны сошли́сь на стадио́не;

на́шы ду́мкі сышлі́ся — на́ши мне́ния сошли́сь;

с. хара́ктарамі — сойти́сь хара́ктерами;

канцы́ папру́гі не сышлі́ся — концы́ ремня́ не сошли́сь;

масні́чыны сышлі́ся — полови́цы сошли́сь;

лі́ніі сышлі́ся ў адны́м пу́нкце — ли́нии сошли́сь в одно́й то́чке;

яны́ не адзі́н раз разыхо́дзіліся, а за́раз зноў сышлі́ся — они́ не оди́н раз расходи́лись, а сейча́с сно́ва сошли́сь;

свет клі́нам (не) сышо́ўся — свет кли́ном (не) сошёлся

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1919—23, 1934—41. Засн. 28.1.1919 М.Шагалам. Назва неаднаразова мянялася (у 1919—20 Першае вышэйшае нар. маст. вучылішча, у 1920—21 свабодныя дзярж. маст. майстэрні, у 1921—22 Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні, у 1922—23 Дзярж. маст. практычны ін-т). Факультэты: жывапісны, скульптурны, арх.-тэхнічны. Спец. падрыхтоўка навучэнцаў у 1920—21 ажыццяўлялася ў майстэрнях: падрыхтоўчай (Н.​Коган), жывапіснай (В.Ермалаева, К.Малевіч, Ю.Пэн, Шагал), скульптурнай (Д.​Якерсон), графікі (Л.Лісіцкі), дынамікі (на арх.-тэхн. ф-це, Лісіцкі). Узначальвалі вучылішча М.Дабужынскі (1919), Шагал (1919—20), Ермалаева (1920—22), І.​Гаўрыс (1922—23); выкладчыкі — Шагал, Я.​Тыльберг, Ж.​Пуні, К.​Багуслаўская, Пэн, Ермалаева, Коган, Якерсон, Лісіцкі, Малевіч, Гаўрыс, Р.​Фальк, С.Юдовін. Выкладчыкі прадстаўлялі розныя маст.-стылявыя кірункі. З прыходам у вучылішча Малевіча (1919) вял. колькасць вучняў трапіла пад уплыў супрэматызму. У лютым 1920 створана група УНОВІС. Пры вучылішчы працаваў музей сучаснага мастацтва (да 1923), маст.-дэкар. майстэрні. У маі—чэрв. 1922 значная частка выкладчыкаў — прадстаўнікоў авангардных кірункаў у мастацтве разам з Малевічам і вучнямі ад’ехала ў Петраград. 1.9.1923 вучылішча рэарганізавана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1934 зноў адноўлена на базе тэхнікума. Захаваўся маст.-пед. профіль установы, склад яе выкладчыкаў; тэрмін навучання павялічаны да 5 гадоў. Дзейнічала маст.-пед. аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура, графіка (факультатыўна), маст.-графічнае і клубна-афарміцельскае. Вучылішча з’яўлялася адзінай маст. установай на Беларусі ў перадваенны час. Сярод яго выпускнікоў нар. мастакі Беларусі П.​Масленікаў, С.​Селіханаў, засл. дзеячы маст. Беларусі Н.​Воранаў, А.Гугель, Р.Кудрэвіч, мастакі М.Блішч, У.Кухараў, З.Паўлоўскі, І.Пешкур, П.Явіч і інш.

Літ.:

Машковцев И. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. Мн., 1990;

Шагаловский сборник. Витебск, 1996.

А.​Г.​Лісаў.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)