ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.

А.​А.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ́, Карбюзье

[Le Corbusier Corbusier; сапр. Жанерэ-Гры (Jeanneret-Gris) Шарль Эдуар; 6.10.1887, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя — 27.8.1965],

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.​Гофмана ў Вене (1907), А.​Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.​Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.​Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.​Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр. буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.​Дж.​Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).

Тв.:

Рус. пер. — Планировка города. М., 1933;

Творческий путь. М., 1970;

Модулор. М., 1976;

Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.

Літ.:

Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;

Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.

В.​Я.​Буйвал.

Ле Карбюзье.
Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.​Гольбейн, А.​Дзюрэр, Ф.​Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.​Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.​Вато, Ф.​Гвардзі, К.​Ларэн, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант, У.​Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.​Гоя, Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, А.​Матыс, А.​Менцэль, П.​Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.​А.​Энгр і інш.; у Расіі — К.​Брулоў, А.​Венецыянаў, А.​Кіпрэнскі, В.​Сяроў, М.​Урубель, У.​Фаворскі, А.​Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.​Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.​Аляшкевіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, Я.​Дамель, Ф.​Рушчыц, Н.​Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.​Аксельрод, А.​Астаповіч, В.​Букаты, С.​Герус, П.​Гуткоўскі, М.​Гуціеў, В.​Дваракоўскі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, Г.​Змудзінскі, С.​Раманаў, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, М.​Тарасікаў, А.​Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.​Александровіч, Л.​Асецкі, В.​Баранаў, М. і У.​Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, Я.​Жылін, М.​Карпук, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Г.​Лось, Л.​Марчанка, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Савіч, М Селяшчук, Р.​Сітніца, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Славук, В.​Шаранговіч і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Да арт. Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.​Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.​Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.​Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.​Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й (ад грэч. museion храм муз),

навукова-даследчая і культурна-асветная ўстанова, якая ажыццяўляе камплектаванне, улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі і культуры, прыродных аб’ектаў. Паводле формы ўласнасці падзяляюцца на дзярж., грамадскія і прыватныя, паводле профілю — на гістарычныя (археал., этнагр., ваенна-гіст., нар. славы і інш.), прыродазнаўчыя, мастацкія, літаратурныя, тэхнічныя, музычныя і інш. Прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя М.

Перадмузейныя зборы вядомы з глыбокай старажытнасці ў Афінах, Трэзене, Пергаме, Антыёхіі. Найб. вядомы стараж. Александрыйскі мусеян. У сучасным разуменні М. узнік у Фларэнцыі (Італія) у эпоху Адраджэння. У 16—17 ст. маст. і гіст. каштоўнасці зберагаліся ў Капіталійскім М. (Рым), «Антыкварыуме» (Мюнхен), Збраёўні герояў (замак Амбрас, Аўстрыя), Кунсткамеры (Дрэздэн) і інш. У 18 ст. вядомы Брытанскі музей (Лондан), Луўр (Парыж), Уфіцы (Фларэнцыя), Эрмітаж (С.-Пецярбург). Хуткае павелічэнне колькасці М. у 19 ст. абумоўлена развіццём навук і спецыялізацыі ведаў, культам нац. старажытнасцей. Адбываецца сістэматызацыя музейных збораў, утвараюцца новыя тыпы М (скансэн, музей-панарама і інш), іх профілі (навукі і тэхнікі, літ., мемарыяльныя і інш.). У 20 ст. павялічваецца ўрадавая фін. падтрымка, узмацняецца роля ўлад у каардынацыі дзейнасці М., адбываецца прафесіяналізацыя музейнай дзейнасці. З 1946 каардынацыяй М займаецца Міжнар. савет музеяў (ІСОМ). На мяжы 3-га тыс. ў свеце больш за 40 тыс. М. Найб. развітую сетку М. маюць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Італія і Францыя.

На Беларусі ў 14—15 ст. існаваў перадмузейны збор пры канцылярыі вял. кн ВКЛ, дзе нешматлікім наведвальнікам дэманстраваліся вайск. трафеі, творы выяўл. мастацтва, габелены, дываны, медалі, манеты. Музейныя зборы мелі Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Алелькавічы, Войны, Слушкі, Хадкевічы, некат. заможныя шляхціцы, мяшчане, навуч. ўстановы. Да 1-й сусв. вайны існавала больш за 50 М., якія ствараліся стат. к-тамі, навук. т-вамі, земствамі, царк.-археал. к-тамі і навуч. ўстановамі (гл. арт. пра віцебскі, магілёўскі, мінскі, мсціслаўскі царк.-археал. М., Мінскі гарадскі музей, Магілёўскі музей). У 1921 у БССР утворана музейная камісія (Галоўмузей), якая ўпершыню паставіла задачу стварэння дзярж. музейнай сеткі з цэнтр. кіраўніцтвам. Да пач. Вял. Айч. вайны працавала каля 60 М., дзейнасць якіх была звязана з краязн. рухам. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР музейны фонд БССР папоўніўся каштоўнымі калекцыямі, лепшая з якіх належала Беларускаму музею ў Вільні. Важнымі падзеямі ў гісторыі музейнага будаўніцтва былі Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (1926) і Усебел. нарада музейных работнікаў (Мінск, 1932). У Вял. Айч. вайну музейны фонд панёс вял. страты. У пасляваенны час да 1950 працавала 20 М., асаблівая ўвага ў дзейнасці якіх аддавалася ваенна-паліт. тэматыцы. Пастановай ЦК КПСС «Пра павышэнне ролі музеяў у камуніст. выхаванні працоўных» (1964) былі замацаваны ўжо сфарміраваныя да таго часу асн. кірункі музейнай палітыкі: канцэнтрацыя ўвагі на стварэнні аддзелаў гісторыі сав. перыяду, адлюстраванне перамог камуніст. будаўніцтва ў СССР, пашырэнне прапагандысцкай работы і інш. На канец 1999 на Беларусі 130 дзярж. М. сістэмы Мін-ва культуры (каля 3 млн. адзінак фонду). Дзейнічаюць таксама М. інш. мін-ваў і ведамстваў, грамадскія (у школах, навук. і навуч. установах), колькасць якіх перавышае колькасць дзярж. М. Мін-ва культуры. З 1997 існуе Бел. асацыяцыя М., якая накіроўвае дзейнасць М. усіх форм уласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Гл. таксама Музеязнаўства, Музеі гістарычныя, Музеі літаратурныя, Музеі мастацкія, Музеі музычныя, Музеі прыроды, Музеі тэатральныя.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бало́на1 ’шкло ў раме’, бало́нка (Гарэц., Др.-Падб., БРС, Касп., Бяльк.). Рус. дыял. боло́на, боло́нка ’тс’, укр. боло́на ’шкло ў ахне’, болонка́рь ’шкляр’, польск. błona ’тс’, чэш. blána прамасленая папера ў акне (замест шкла)’ і г. д. Слова, ідэнтычнае па паходжанню з прасл. bólna, bolnь ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána і г. д., гл. балонкі ’перапонкі’). У некаторых славянскіх мовах гэтае слова азначае і ’аконнае шкло’. Мабыць, зыходзіць трэба ад значэння ’плеўка’ (замест шкла раней ужываліся плеўкі з пузыроў жывёлін і пергаментная папера). Параўн. блона і абалонка1 (гл.).

Бало́на2, бало́нка ’палянка на нізкай лугавой мясціне’ (Гарэц.), бало́нне ’ўскраіна лесу’ (Інстр. III), ’багна, нізіна’ (Касп.), бало́ння ’заліўны луг, вельмі нізкі’ (Янк. Мат.), балу͡онне ’плёс’ (Лысенка, ССП). Рус. болонь, боло́нье ’поймавы луг, нізіна’, укр. боло́ня, боло́нє і да т. п. ’раўніна, паша, выган і г. д.’, польск. bl̃oń, błonie, błonia, чэш. blana, балг. блана́ ’роўнае месца, поплаў’ і г. д. Прасл. bolnь, bolna, bolnьje. Далейшыя сувязі слова не вельмі ясныя. Паводле Фартунатава, AfslPh, 4, 579, ёсць сувязь з прасл. bolto ’багна’ (гл. бало́та), літ. báltas ’белы’, balà ’тарфянік’ (гл. і Слаўскі, 1, 37), а таксама з прасл. bólna плеўка і г. д.’ (гл. бало́на1 і бало́нкі ’перапонкі’): усё гэта далей да *bělъ ’белы’. Гэту версію падтрымліваў Траўтман, 25 (які зыходзіў з балта-слав. праформы *bālna‑ ’белы’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 189. Падрабязна пра форму, семантыку і магчымую гісторыю слав. форм гл. Талстой, Геагр., 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кішэ́нь1, кішэ́ня ’ўшыты ў адзенне мяшочак для дробных рэчаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. II, Сл. паўн.-зах., ТС, Мал., Ян., Грыг., Яруш., Др.-Падб., Мядзв.). У апошняй крыніцы адзначана як запазычанне з польскай мовы (параўн. Кюнэ, Poln., 64). Ст.-бел. кешаня, кішеня (з 1555 г.) (Булыка, Запазыч., 154), кишеня ’жывот’, польск. kieszeń ’кішэня’, чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa. Рус. кишеня ’жывот’ семантычна не суадносіцца з іншымі паралелямі і ў той жа час адпавядае палаб. tʼèsin ’страўнік’ (< *kъsenь), хоць апошняе мае іншую фанетычную структуру. Калі *kyšenʼa (= рус. кишеня) < *kyxenʼa < *kysenʼa, архетып, да якога ўзводзіцца палаб. форма, не рэалізаваў пераход s > x пасля й, што трэба лічыць неверагодным. Таму палаб. *kъsenь < *kъšenь, што тлумачыцца вядомым спарадычным пераходам š > s у палабскіх дыялектах. Такім чынам, прасл. kъšenь/kyšenʼa. Формы чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa — запазычанні з польскай мовы, дзе рэфлекс ъ > e рэгулярны (kieszeń). На беларускай і ўкраінскай моўнай глебе наглядаецца падвойны рэфлекс і кантамінацыя форм kъšenь і kyšenʼa (параўн. ст.-бел. кешеня і кішеня). Булыка (Запазыч., 154) разглядае іх як запазычанні з польскай мовы. З гэтым трэба пагадзіцца, але вывядзенне польск. kieszeń з тур. késé не адпавядае рэчаіснасці, бо храналагічна немагчымае (параўн. Слаўскі, 2, 158). Прасл. kъšenь, kyšenʼa аднаго паходжання з прасл. kyšьka (Бернекер, 503). Гл. кішка1.

Кішэ́нь2 ’малая ўкладка снапоў’ (ДАБМ). Да кішэнь1. Малая ўкладка складалася з пастаўленых снапоў каласамі ўгору і была пакрыта зверху адным або двума снапамі каласамі ўніз нібы шапкай (гл. каментарыі да ДАБМ, карта 286). Такая ўкладка падобна да кішэні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казаці́на ’казакін’ (БРС, ТСБМ). Словаўтварэнне празрыстае — адаптацыя запазычанага слова, уключэнне яго ў сістэму дэрыватаў з ‑іна, паколькі арыгінал — франц. casaquin натуральна патрабуе такой пераробкі суфікса пры ўключэнні ў слав. сістэму. Няясна, аднак, у якой мове адбыліся трансфармацыі: польск. мова ведала форму kazakina, kasakina (зафіксавана ў Ліндэ), вядомыя таксама і палес. козачына, козачіна. Па сутнасці, адказам на пытанне было б прыняцце версіі, на якой казаціна — беларуская інавацыя на базе вядомага бел. усх.-палес. казачына, казачіна, якія ў выніку ад’ідэацыі да козак утвораны або ад козак ’адзенне, адзенне казацкае’, або ад козакін у тым жа значэнні. Не выключана, што ўсх.-палес. казачына адлюстроўвае вядомую ўкр. форму. Калі меркаваць, што ў бел. казаціна ‑ц‑ не было вынікам уласна фанетычных працэсаў, можна меркаваць аб уплыве як дэрыватаў, так і верагодных выразаў з казацкі, дзе ‑ц‑ з’яўляецца заканамерным. Ва ўсякім разе любая з прапанаваных версій прадугледжвае пераўтварэнне слова ў беларускіх гаворках, а гэтаму пярэчаць крыніцы літаратурнай мовы, дзе яно адзначана, хаця слова не мае яўна літаратурнага характару. І ўсё-такі можна думаць, што ў казаціна ‑ц‑ не з ‑ч‑ і не з ‑к‑ (па другой версіі), а з ‑тʼ‑. Гэта вымушае звярнуцца да матэрыялаў рус. гаворак, для якіх тʼ < кʼ — працэс рэгулярны. Рус. гаворкі (раст., смал., цвяр., чэрап., наўг.) ведаюць форму казатин ’мужчынскае адзенне, казакін’ (разан., караган., алан.) ’жаночая паддзёўка’ (кірыл., наўг.), казатина ’мужчынскае верхняе адзенне, казакін’ (алан., наўг. і інш.), казакитинка ’разнавіднасць мужчынскай і жаночай паддзёўкі’. Гэтыя факты дазваляюць меркаваць, што бел. казаціна паходзіць менавіта з такіх форм, што вызначае крыніцу літар. слова ва ўсх.-бел. або паўн.-усх.-бел. гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАПІТАЛІ́ЗМ,

адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст. манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл. Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл. Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыі гасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв. інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.

У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала ​2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.

У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;

Капитализм на исходе столетия. М., 1987;

Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

В.​П.​Панюціч.

т. 8, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЯСТВО́,

рамяство і промысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац. вытв. традыцыі народа.

У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст. вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц. нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.

У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел. нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)