старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам I у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст.ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст. вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш.Б-ка (з 1386).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з вер. 1941 да ліп. 1944 у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім р-нах Гродзенскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала больш за 30 чал., 2 групы: у в. Явар (20 чал., кіраўнікі С.І.Белы, Б.І.Белы), в. Зачэпічы (М.П.Сніціч, Н.П.Сніціч). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты; вясной 1942 пашкодзілі тэлеф. сувязь паміж вёскамі Нясілавічы і Гезгалы; здабылі звесткі пра размяшчэнне варожага гарнізона ў г.п. Казлоўшчына, з іх дапамогай партызаны восенню 1942 разграмілі гарнізон; з групай партызан праводзілі дыверсіі на чыгунцы, падпалілі склады на ст. Наваельня. У канцы 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),
адзін з кіраўнікоў белага руху (гл.Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАБО́РЫ, духаборцы,
сектанцкая плынь, адзін з кірункаў духоўных хрысціян. Узнікла ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. Назва паходзіць ад «барацьбіты за дух і ісціну». Асновы вучэння Д. выкладзены ў псалмах «Жывотнай кнігі», дзе трактуецца галоўнае для іх паняцце: Бог — усюдыісны дух. Д. не прызнавалі таінствы, абрады (акрамя шлюбу), святароў, манаства, адмаўлялі свецкую і духоўную ўладу, выступалі супраць дзяржавы і Рус.правасл. царквы. За непадпарадкаванне ўладам і адмаўленне ад воінскай службы праследаваліся царскім урадам, неаднаразова зведвалі дэпартацыі. У канцы 19 ст. частка Д. перасялілася ў Канаду. Невял. групамі жывуць на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, у Растоўскай, Тамбоўскай, Арэнбургскай абл. Расіі, на Д. Усходзе, Украіне і ў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,
род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.
Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.
Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬТАПЛА́Н (ад дэльта + план),
балансірны планёр з гнуткім (мяккім) крылом трохвугольнай (дэльта- або трапецападобнай) формы. Мае трубчасты каркас (звычайна з дзюралюмінію), тросавыя расцяжкі і нясучую паверхню — крыло (з дакрону або лаўсану). Выкарыстоўваецца ў дэльтапланёрным спорце.
Пілот прывязваецца да Д. рамянямі. Узлёт адбываецца ў выніку разбегу з высокага месца, кіраванне палётам — зменай паставы цела з дапамогай ручкі-трапецыі. Абрыс Д. даў Леанарда да Вінчы, патэнт на Д. атрымаў Ф.Рагала ў 1951 (ЗША). Першыя палёты адбыліся ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. у ЗША, Аўстраліі, СССР і інш. Створаны Д. «Славуціч» (Кіеў), «Сокал» (Ленінград), «Масквіч» (Масква) і інш.Найб. зафіксаваная працягласць палёту на Д. 28 гадз, далёкасць — каля 165 км (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).