драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў вял. масівах высакастволых увільготненых лісцевых і мяшаных лясоў каля вадаёмаў. На Беларусі адзначаны ў паўд., усх. і паўн. частках; рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела каля 75 см, маса каля 3,2 кг, самкі большыя за самцоў. Апярэнне аднатоннае, цёмна-бурае, патыліца і надхвосце святлейшыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Гнёзды на вял. дрэвах, на выш. 12—20 м, выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Выседжвае 1—3 птушанят. Корміцца пераважна дробнымі грызунамі, птушкамі, жабамі, насякомымі. Добра пераносіць няволю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ
(Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУПаўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,
спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; віддугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.
Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНІК
(Epipactis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П
(Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ, эфектыўнае значэнне,
сярэднеквадратычнае за перыяд значэнне перыядычнай эл. велічыні (сілы току, напружання і інш.). Напр., Дз.з. сілы пераменнага току вызначаецца цеплавым дзеяннем току (Джоўля—Ленца закон захоўвае свой від, калі пад сілай пераменнага току разумеюць яго Дз.з.). Для велічынь, якія змяняюцца па сінусаідальным законе, Дз.з. ў √2 разоў меншае за амплітуду (найб. значэнне). У электратэхніцы Дз.з. напружання, электрарухальнай сілы і сілы току запісваюць без якіх-н. адзнак (усе амперметры і вальтметры вымяраюць Дз.з. току і напружання), напр., калі ў эл. сетцы напружанне 220 В, то менавіта 220 В — Дз.з. напружання, а яго амплітуднае значэнне (двойчы за перыяд) роўнае 220 √2 В.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЛЬКВА, зельква (Zelkova),
род кветкавых раслін сям. ільмавых. 5—7 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Азіі (Кітаі, Японіі і Карэі), па 1 віду трапляецца ў Паўн. Іране, на в-ве Крыт і ў Закаўказзі. Найб. вядомы трацічны рэліктавы від — Дз. грабалістая (у Закаўказзі захаваліся 200-гадовыя дрэвы).
Дрэва з гладкай цёмна-шэрай карой, выш. да 25, зрэдку да 40 м. дыям. ствала да 2 м. Жыве да 400 гадоў. Лісце чаргаванае, цэласнае, простазубчастае. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя (адзіночныя) і тычынкавыя (у пучках). Плады — крылатыя арэшкі. Драўніна гнуткая, шчыльная, трывалая, дэкар., устойлівая да гніення, выкарыстоўваецца ў буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮГО́НЬ
(Dugong dugon),
воднае млекакормячае сям. дзюгоневых атр. сірэн; адзіны від. Жыве ў Індыйскім і зах.ч. Ціхага ак. каля берагоў Усх. Афрыкі, Паўд. Азіі, а-воў Рукю, Маршалавых і Саламонавых. Зрэдку заходзіць у вусці рэк. Трымаецца па адным або парамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 2,5—3,2 м (да 5,8 у самцоў), маса да 170 кг Тулава верацёнападобнае. Спіна зеленаватая, шаравата-бураватая або чарнаватая, бруха ружаватае або белаватае. Хваставы плаўнік двухлопасцевы, гарызантальны. Галава невял., маларухомая. У кожнай сківіцы 1 пара разцоў і 2 пары карэнных зубоў. У самцоў верхнія разцы ператварыліся ў біўні даўж. 20—25 см. Корміцца воднай расліннасцю. Нараджае 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ГЗІНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 28 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,67 км², даўж. 1,78 км, шыр. 690 м, найб.глыб. 9,3 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м, на Пн і З нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Берагі на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, глыбей за 2,5 м дно выслана сапрапелямі. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. каля 60 м, на зах. плёсе расце ахоўны від флоры ў Беларусі — наяда марская. Упадае ручай з воз. Какісіна, выцякае ручай Праскавея ў р. Дзіва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́К
(Adenophora),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі пераважна на ПдУ трапляецца З. лілеялісты (A lilifolia) — рэдкі рэліктавы еўрасібірскі від. Расце ў зарасніках хмызнякоў па далінах рэк. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі вырошчваецца З. Ламарка (A. lamarckii).
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным карэнішчам і прамастойным простым ці галінастым густааблісцелым сцяблом выш да 120 см. Лісце амаль сядзячае, чаргаванае, зубчастае, падоўжана-авальнае і ланцэтнае. Кветкі званочкавыя, светла-блакітныя, светла-ліловыя або белыя, дробныя, паніклыя, у пірамідальных гронкападобных ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — павіслая адваротна-грушападобная каробачка. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.