БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав.ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял.кн.літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс.ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс.чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс.чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,
на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 47,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.
Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс.га, з іх асушана 8,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц.т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ,
горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс.ж. (1997).
Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёнаБССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс.ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦК,
горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс.ж. (1998).
З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст. горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.Глінскім (гл.Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.
Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛЯгайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЗА́МАК.
Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г.Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл.царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.
Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн. Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.А.Хаванскага. У час.Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.
Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.А.Ткачоў (1970), А.А.Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.К.Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.
Лідскі замак. Акварэль Ю.Пешкі канца 18 ст.Лідскі замак. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР,
гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст.наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Мірская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ЎЛЯ,
горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс.ж., школа, царква. З крас 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс.ж. (1941). У Вял.Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс.ж., у 1970—6,6 тыс.ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.
Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.
Да арт.Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. На аўтадарозе Мінск—Маладзечна. За 32 км ад Маладзечна, за 41 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Радашковічы. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву. 5,7 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1447, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. З 1499 уласнасць кн. В.М.Вярэйскага, Гаштольдаў, Боны Сфорца, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 да сярэдзіны 19 ст. штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 горад, 150 двароў, 18 корчмаў, майстэрні, Радашковіцкі замак. У 1569 Р. атрымалі магдэбургскае права, у 1792 — герб: на сярэбраным полі паясная выява св. Стафана, пабітага камянямі. З 1793 у Рас. імперыі, заштатны горад Вілейскага пав. Мінскай губ., з 1842 цэнтр воласці Віленскай губ. У 1897—2615 ж., гар. і рэальнае вучылішчы, бровар. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяв. У 1922—28 працавала Радашковіцкая беларуская гімназія. З канца 1939 у БССР. З 1940 гар. пасёлак і да 1960 цэнтр Радашковіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 6433 чал.; у 1941 у абарончых баях каля Р. вызначыліся экіпажы самалётаў Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэлы, Героя Рас. Федэрацыі А.С.Маслава і інш. З 1960 у Маладзечанскім р-не.
Працуюць Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка», хлебазавод, міжгасп. прадпрыемства керамічных вырабаў, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, М.Ф.Гастэлу, яго экіпажу, сав. лётчыкам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, Я.Купалу, Ядвігіну Ш. Помнікі архітэктуры: Радашковіцкі касцёл, царквапач. 20 ст.Археал. помнік — гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Расонскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Расона. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь на лініі Полацк — Невель. Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. 5,4 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як вёска Расоны («7 дымоў») у складзе Полацкага ваяв.ВКЛ. Уласнасць Ф.І.Корсака. З 1772 у Рас. імперыі ў Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У 1877 у вёсцы 12 дымоў. Працавалі прыватныя агульнаадук. вучылішчы (з 1866 жаночае, з 1869 мужчынскае), 2 царквы, карчма. У 1905 у Вазнясенскай вол. Полацкага пав У 1924 у Р. 135 ж., 26 двароў. У 1924—62 і з 1965 цэнтр Расонскага раёна, у 1924—30 і 1935—37 у Полацкай акрузе, з 1938 у Віцебскай вобл. 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 3750 чал.; дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле; 19.9.1942 партызаны разграмілі ў Р. варожы гарнізон (гл.Расонскі бой 1942); цэнтр Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Вызвалены 12.7.1944 часцямі 2-га Прыбалт. фронту ў ходзе Рэчыцка-Дзвінскай аперацыі 1944. У 1944—54 у Полацкай вобл. З 14.7.1958 гар. пасёлак, у 1962—65 у Полацкім р-не.
Працуюць малочны і сценавых матэрыялаў з-ды, прамкамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, камбінат быт. паслуг; сярэдняя школа, 4 дашкольныя ўстановы, Дом школьніка, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, 2 паліклінікі. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан. Магіла ахвяр фашызму, мемар. комплекс у гонар сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі: на месцах знішчэння сав. людзей у 1941—42 і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад; вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), Расонская сядзіба.