ГА́РДЗІ, Хардзі (Hardy) Томас (2.6.1840, Апер-Бакхэмптан, графства Дорсет, Вялікабрытанія — 11.1.1928), англійскі пісьменнік. Вывучаў архітэктуру ў Лонданскім ун-це. Працаваў пам. архітэктара ў Лондане (1862—67). З 1880 прафесійны літаратар. У яго раманах, напісаных у рэчышчы крытычнага рэалізму з элементамі натуралізму, дзейнічаюць сяляне і мяшчане з выдуманай мясцовасці Уэсекс («Пад дрэвам Грынвуда», 1872; «Далёка ад шаленства натоўпу», 1874; «Вяртанне сваяка», 1878; «Гарадскі галава Кэстэрбрыджа», 1886; «Тэс, сапраўдная жанчына з д’Эрбервіляў», 1891, і інш.). З імі тэматычна звязаны зб-кі вершаў «Вершы пра Уэсекс і іншыя» (1898) і навел «Грымасы лёсу» (1904). У эпічнай драме «Дынасты» (ч. 1—3, 1903—08), прасякнутай духам фаталізму, паўстае Еўропа напалеонаўскіх войнаў. У апошнія гады жыцця Гардзі сімпатызаваў пісьменнікам левага кірунку (зб. вершаў «Пазнейшая і ранейшая лірыка», 1922).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РЫН М., Гарын-Міхайлоўскі
[сапр.Міхайлоўскі Мікалай Ягоравіч (Рыгоравіч); 20.2.1852, С.-Пецярбург — 10.12.1906],
рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1878). Працаваў у Мін-ве шляхоў зносін. У 1886 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку ў Самарскай губ., дзе беспаспяхова спрабаваў змяніць жыццё сялян шляхам гасп. і культ. пераўтварэнняў. Вярнуўся на службу. Шмат падарожнічаў. Літ. дзейнасць пачаў з канца 1880-х г. Большасць яго твораў маюць аўтабіягр. аснову. Па-мастацку перапрацоўваючы асабістыя ўражанні, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз сучасніка. Аўтар тэтралогіі «Дзяцінства Цёмы» (1892), «Гімназісты» (1893), «Студэнты» (1895), «Інжынеры» (выд. 1907), цыклаў нарысаў «Некалькі гадоў у вёсцы» (1892), «Па Карэі, Маньчжурыі і Ляадунскім паўвостраве», «Вакол свету» (абодва 1899), «Вайна. Дзённік сведкі» (1904). Асобныя творы Гарына на бел. мову пераклала У.Сакалоўская.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1957—58.
Літ.:
Юдина И.М. Н.Г.Гарин-Михайловский. Л., 1969;
Н.Г Гарин-Михайловский в воспоминаниях современников. Новосибирск, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К (Аляксандр Якімавіч) (23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),
украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.Мацяш, М.Рудкоўскі, Р.Семашкевіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;
У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;
Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМІ́ (Абдурахман Нураддзін ібн Ахмад) (7.11.1414, с. Джам, каля г. Нішапур, Іран — 9.11.1492),
персідскі і таджыкскі пісьменнік і вучоны. Настаўнік і сябар Алішэра Наваі. Вучыўся ў Самаркандзе і Гераце, дзе пражыў усё жыццё. Кананізаваны. Завяршыў перыяд развіцця паэзіі ўсх. краін на мове фарсі. Майстар віртуознай паэт. формы. Выступаў у шматлікіх паэт. жанрах (газель, рубаі, касыды, месняві і інш.). Раннія творы Дж. — празаічныя суфійскія і свецкія трактаты, дапаможнік па складанні рэбусаў, шарад. Аўтар прац па філасофіі, тэалогіі, л-ры, гісторыі, рыторыцы, музыцы, цыкла з 7 паэм (семярыца) «Сем карон», або «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1480—87), зб-каў газелей «Пачатак юнацтва» (1479), «Сярэдзіна жыццёвай ніці» (1479), «Завяршэнне жыцця» (1491), зб. прытчаў «Бахірыстан» (1487) і інш. Ад ідэй рэліг. нецярпімасці і абскурантызму Дж. ўзняўся да пратэсту супраць дэспатызму і сац. несправядлівасці, ад містычнай абмежаванасці да філас. абагульненняў і пропаведзі гуманіст. ідэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎ (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Ілья Данілавіч) (26.4.1899, в. Замосце Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1972),
бел.пісьменнік. Засл. дз. культ.БССР (1969). Скончыў БДУ (1932). З 1924 у Галоўліце БССР, Галоўрэперткоме, у Галоўмастацтве БССР. У 1935—41 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у Вял.Айч. вайну — газ. «За свабодную Беларусь» і сатыр. лістка «Партызанская дубінка», у 1944—60 — час. «Беларусь». Друкаваўся з 1926. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930), «Маці» (1934), «Хлеб» (1948), «Свае людзі» (1950) і інш. У артыкулах 1930-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. Асн. тэмы пасляваен. Творчасці: барацьба з ням.-фаш. захопнікамі (апавяданні, аповесць «Лясныя салдаты», 1945, раман «У агні», 1952, новая рэд. 1959), Кастр. рэвалюцыя ў Петраградзе і на Зах. фронце, у Беларусі (раман-хроніка «Вецер веку», 1966). Аўтар рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1969). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага, А.Чэхава, М.Твэна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Антон Юзаф) (1817, маёнтак Шчорсы каля г. Навагрудка — 30.6.1866),
бел. фалькларыст, пісьменнік. Працаваў у Шчорсаўскай б-цы Храптовічаў. З 1844 жыў у Вільні, дзе рэдагаваў «Виленские губернские ведомости». З 1863 перакладчык у газ. «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). Быў знаёмы з У.Сыракомлем, В.Каратынскім, А.Кіркорам і інш. літаратарамі і даследчыкамі бел. фальклору. Аўтар «Польскага казачніка» (т. 1—4, 1853) — зб. апрацаваных бел.нар. казак, анекдотаў, апавяданняў, былічак з ваколіц Навагрудка (Шчорсы і Нягневічы). Сярод іх казачныя сюжэты, запісы якіх вельмі рэдкія: «Дзяўчына-кветка», «Прададзены чорту становіцца свяшчэннікам», «Мяне маці забіла, бацька мяне з’еў» і інш. У зб. уключаны таксама пераробкі вядомых вершаваных казак В.Жукоўскага і А.Пушкіна. На сюжэт казкі пра папараць-кветку з яго зборніка Ф.Багушэвіч напісаў баладу «Хцівец і скарб на святога Яна». Зборнік Глінскага перакладзены на чэш., франц., англ. і ням. мовы. На польскай мове перавыдаваўся 11 разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКА́ЎСКАС ((Žukauskas) Альбінас) (25.1.1912, в. Бубеле, Сувалкаўскае ваяв., Польшча — 10.8.1987),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1972), засл. работнік культ. Беларусі (1973). Вучыўся ў Віленскім ун-це і Варшаўскай вышэйшай школе журналістыкі (1935—39). Аўтар зб-каў вершаў «Часы і людзі» (1938), «Цяжкая радасць» (1970), «Сонцаварот» (1973), «Прыбярэжныя водмелі» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1976), «Прамаці» (1981), «Бяздомная любоў» (1983), кніг навел і апавяданняў «Зямля плыве на поўдзень» (1939), «Паветраны калодзеж» (1964), «Добрыя камяні» (1973), «Чаму плакаў хлеб» (1980), у якіх асэнсоўвае рэаліі гіст. мінулага літ. вёскі, людскія лёсы, паказвае стойкасць народа, хараство роднага краю. На літ. мову пераклаў кнігі выбранай лірыкі Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, М.Танка, асобныя творы П.Броўкі, З.Бядулі, М.Гарэцкага. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Васілевіч, С.Грахоўскі. М.Калачынскі, А.Разанаў, Я.Семяжон, М.Танк, Н.Тарас, М.Хведаровіч, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТКО́Ў (Барыс Сцяпанавіч) (11.9.1882, г. Ноўгарад, Расія — 19.10.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1906), Петраградскі політэхн.ін-т (1916). Працаваў іхтыёлагам, капітанам н.-д. судна, штурманам парусніка, рабочым-металістам, кіраўніком тэхн. вучылішча, быў марскім афіцэрам і інш. Друкаваўся з 1924. Аўтар марскіх аповесцей (зб-кі «Злое мора», 1924; «Марскія гісторыі», 1925—37), п’ес («Пяты мост», 1927, «Сем агнёў», 1929), навук.-маст. кніг («Пра гэтую кнігу», 1927, «Параход», 1935, і інш.), «Апавяданняў пра жывёл» (1935). Стварыў дзіцячую аповесць-энцыклапедыю «Што я бачыў» (1939) і інш. На бел. мову творы Ж. пераклаў С.Міхальчук і інш.