Жлу́кта 1 ’драўляная пасудзіна’. Рус. дыял. смал., паўд., зах., кур., белгарад. жлу́кта ’тс’, укр. жлу́кто ’тс’, польск. żłukto з літ. žlùgtas, žlùktas ’пасудзіна, у якой мыюць бялізну’ і ’намочаная бялізна’ (Буга, Rinkt., 2, 685–688; Міклашыч, 412; Фасмер, 258; Кіпарскі, Аткупшчыкоў, Талстой у кн. Лексічныя балтызмы 14, 32, 48; Урбуціс, Baltistica, V, 1, 60). Сумненні Праабражэнскага (1, 234–235) пра балт. паходжанне слова наўрад ці апраўданы. Пра этымалогію балт. слова гл. Фрэнкель, 1318.

Жлу́кта 2 ’той, хто многа п’е’ (ТСБМ). Рус. дыял. кур., смал. ’тлусты, неахайны чалавек; хто многа п’е’. Перанос значэння з жлукта 1 (гл.). Ва ўкр. засведчана такая магчымасць шляхам параўнання (Сл. укр. мови): круглий, як жлу́кто.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывёла ’жывая істота’, зборн. ’свойская скаціна’ (ТСБМ). Польск. żywioła ’свойская скаціна’. Параўн. славен. živâl ’жывёла’. Слав. мовы захоўваюць асобныя словы з суф. ‑ela, ‑ola (напр., чэш. mrtvola ’труп’). Аднак не хапае падстаў для атаясамлівання славен. слова з бел., хаця наяўнасць літ. gývolis, gyvulỹs ’жывая істота, жывёла’ ўказвае на магчымасць яшчэ прасл.-балт. узаемадзеяння (Безлай, Radovi XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, 12. Sarajevo, 1969, 92) і нават уплыву. Ст.-бел. ведала живиолъ, живелъ ’стыхія’ (XVI ст. Скарына; Булыка, Запазыч., 114) з польск. żywioł, дзе, як сведчыць Брукнер (670), так у XVI ст. тлумачылі і лац. animal (а не толькі element). Таму бел. жывёла, відаць, таксама з польск. Лаўчутэ, Сл. балт., 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Змага́цца ’адстойваць, спаборнічаць, імкнуцца перамагчы’. Укр. змагати́ся ’тс’, польск. zmagać się ’змагчы, імкнуцца перамагчы’, в.-луж. (ці сюды?) zmahać ’хвалявацца (аб вадзе), развявацца (аб флагу)’, н.-луж. zmognuś se ’мацавацца, акрыяць’, чэш. zmáhati ’перамагаць’, zmáhati se ’авалодваць (пра цялесныя і духоўныя станы)’, уст. ’напружвацца’, славац. zmáhať sa ’павялічвацца, умацоўвацца, набываць магчымасць’, славен. zmȃgati ’змагчы, дапамагаць’, zmȃgati se ’перамагаць, перамагацца’, серб.-харв. сма́гати, смо̀ћи ’змагчы, саўладаць, мець у дастатку’, балг. смо̀гвам, макед. смогне ’змагчы’. Ст.-рус. съмогати ’дапамагаць’ (XVI ст.). Прасл. sъmagati (sę) з коранем mag‑/mog‑, гл. магчы; прэфікс sъ дае значэнне ’змагчы’, а чаргаванне o/a пераводзіць дзеяслоў у незакончанае трыванне, выражае працягласць дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыно́с, мн. л. прыно́сы ’падарункі’ (пух., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. принос ’ахвяра; прынашэнне’. Узыходзіць да прасл. *prinosъ < *nositi (sę) (гл. насі́ць, а таксама ЭССЯ, 25, 206–210; зрэшты, не выключана і іншая магчымасць, а менавіта: *prinosъ < *nosъ 2 з адпаведнай семантыкай, гл. ЭССЯ, там жа, 216). Ст.-слав. приносъ ’прынашэнне; ахвяра, дар; прыбытак, даход’, ст.-рус. приносъ ’прынашэнне; ахвяра, дар; пасаг (?)’ (Сразн.), польск. przynos, балг. при́нос, рус. дыня. прино́с ’у вясельным абрадзе — падарунак (нявесце, маладым, бацькам маладых)’, прино́сный ’падораны’, укр. при́нос ’падарунак; прынашэнне, ахвяраванне; ахвяра’, прино́сини ’падарунак; прынашэнне’. Параўн. цікавае каш. bradło ’пасаг’ з “адваротнай” семантыкай — ’тое, што бяруць’ (SEK, 1, 138). Гл. таксама БЕР, 5, 726.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пацца ‘часта хадзіць у хату і з хаты, часта адчыняць дзверы’ (дзярж., карэліц., Нар. сл.), вы́скрыпаць хату ‘выстудзіць хату, часта ходзячы то на двор, то са двара’ (там жа). Магчыма, да скрыпе́ць (гл.); параўн. пару прасл. *skripěti — *skripati ‘скрыпець, скрыгітаць’ (SEK, 4, 301), але Варбат (Этимология–1981, 19) бачыць магчымасць пры параўнанні з літ. skrýbauti ‘хутка рухацца’, роднаснага з літ. skriebti ‘чыркаць’, узнікнення значэння ‘часта хадзіць’ на базе ‘рэзаць’ у гняздзе і.-е. *(s)krei‑; г. зн. ‘рэзаць хуткімі шматразовымі рухамі’, ‘скрабсці’ — ‘хадзіць туды-сюды’, што пацвярджаецца, на яе думку, балг. скри́пъл ‘жывое рухавае дзіця’. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скрыпа́цца ‘блытацца’: ніткі скрыпа́юцца (віц., ЛА, 4). Да крыпаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варава́ць 1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць 2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць 1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць 3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йка ’перакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус. аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск. aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczować ’віншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ. ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з комі atʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; даў, дала́, дало́; дай; да́дзены; зак.

1. каго-што каму. Уручыць, перадаць з рук у рукі непасрэдна.

Д. кнігу.

Д. грошы на дарогу.

2. Паведаміць, перадаць.

Д. свой адрас.

3. Заплаціць якую-н. суму.

Колькі дасі за боты?

4. што або з інф., каму. Аддаць у карыстанне, забяспечыць чым-н.

Д. кватэру.

Д. работу.

Д. дарогу.

Д. магчымасць што-н. зрабіць.

5. што каму. Прынесці як вынік чаго-н.

Зямля дала багаты ўраджай.

6. што каму і без дап. Арганізаваць для каго-н. якое-н. мерапрыемства.

Д. абед.

Д. канцэрт у гонар госця.

7. што каму-чаму. Вызначыць узрост.

На выгляд яму не дасі і сарака гадоў.

8. што. З назоўнікам утварае спалучэнне са знач. таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка.

Д. асечку.

Д. званок.

Д. асадак.

Д. абяцанне.

Д. паказанне.

Д. згоду.

9. што. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення (разм.).

Д. спагнанне.

Спірыду за хуліганства далі год.

10. Нанесці ўдар (разм.).

Д. поўху.

Д. у зубы.

11. у знач. часц. дай. Абазначае спробу зрабіць што-н. або подступ да дзеяння (разм.).

Дай, думаю, сяду, адпачну.

◊

Даць аб сабе знаць — прыслаць аб сабе вестку; абазвацца.

Дай бог ногі (разм.) — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль-н.

Дай бог чутае бачыць (разм.) — пажаданне здзейсніць абяцанне.

Даць волю рукам — біць каго-н., біцца.

Даць галаву на адсячэнне — паручыцца сваім жыццём.

Даць дразда (разм.) — вызначыцца ў працы, танцах, гульні.

Даць драла (дзёру, драпака, лататы) (разм.) — пусціцца наўцёкі.

Даць дуба (разм.) — памерці.

Даць дулю (разм.) — нічога не даць.

Даць дыхту (разм.) — сурова расправіцца.

Даць зразумець — намякнуўшы, даць магчымасць здагадацца.

Даць кругу (разм.) — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.

Даць па руках — пакараць; рашуча папярэдзіць.

Даць пачатак — з’явіцца крыніцай чаго-н., адпраўным пунктам.

Даць пытлю (разм.) — адлупцаваць каго-н.

Даць слова —

1) дазволіць выступіць на сходзе;

2) цвёрда паабяцаць.

Даць у лапу (разм.) — падкупіць каго-н. хабарам.

Даць цягу (разм.) — уцячы.

Не даць (сябе) у крыўду — заступіцца, абараніць.

Не даць ходу — затрымаць што-н.

|| незак. дава́ць, даю́, дае́ш, дае́; даём, даяце́, даю́ць.

|| наз. да́ча, -ы (да 8 знач.).

Д. паказанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

даро́га, -і, ДМ -ро́зе, мн. -і, -ро́г, ж.

1. Паласа зямлі, прызначаная для язды і хадзьбы, якая злучае асобныя пункты мясцовасці, а таксама ўсякі камунікацыйны шлях.

Марская д.

Прасёлачная д.

Грунтавая д.

Асфальтавая д.

2. Адлегласць, якую трэба праехаць або прайсці.

Прайсці палавіну дарогі.

3. Месца для праходу, праезду, а таксама доступ куды-н.

Даць дарогу каму-н. (таксама перан.: даць магчымасць расці, развівацца каму-н.). Д. да сэрца (перан.).

4. Знаходжанне ў дарозе, падарожжа.

Усю дарогу праспаў.

5. перан. Накіраванасць, напрамак дзейнасці.

Ісці сваёй дарогай.

6. у знач. прысл. даро́гай. У час язды.

Пагутарым дарогай.

◊

Апошняя дарога — пра смерць, пахаванне каго-н.

Бітая дарога — уезджаная дарога.

Збіцца з дарогі — пачаць весці заганны спосаб жыцця.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленным жыццём.

Шчаслівай дарогі! — добрае пажаданне ў дарогу.

|| памянш.-ласк. даро́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (да 1 знач.), даро́жачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.) і даро́жанька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек, ж. (да 1 знач.).

|| прым. даро́жны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).

Дарожнае будаўніцтва.

Дарожнае знаёмства.

Дарожныя нататкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адпусці́ць, -пушчу́, -пу́сціш, -пу́сціць; -пу́шчаны; зак.

1. каго-што. Дазволіць каму-н. пайсці, паехаць куды-н.

А. дзяцей дадому.

Абслужыўшы, даць магчымасць пайсці.

А. пакупнікоў.

А. машыну.

2. каго-што. Вызваліць, выпусціць.

А. затрыманых.

А. на волю птушку.

3. што. Аслабіць, зрабіць менш нацягнутым, заціснутым.

А. дзягу.

А. лейцы.

4. перан., каго-што, звычайна безас. Пра хваробу, боль, надвор’е і пад., стаць больш слабым, сціхнуць, аслабець, памякчэць, паменшыцца (разм.).

Пад раніцу хвароба адпусціла.

5. што. Прадаць, выдаць пэўную колькасць чаго-н.

А. тавар.

А. прадукты.

6. што. Выдзеліць для якой-н. мэты.

А. сродкі на будаўніцтва школы.

7. што. Адгадаваць валасы, пазногці і пад.

А. вусы.

А. бараду.

8. што. Сказаць нечакана (разм., жарт.).

А. вострае слоўца.

А. трапны жарт.

9. што. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт (металу; спец.).

А. сталь.

10. што. Дараваць (грэх, віну і пад.).

А. грахі.

|| незак. адпуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. во́дпуск, -у, м. (да 3—6 і 9 знач.), адпуска́нне, -я, н. (да 1—7 знач.) і адпушчэ́нне, -я, н. (да 10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)