ПАДШЫ́ПНІКАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання па вытворчасці падшыпнікаў. Узнікла ў сувязі з развіццём мех. транспарту, станкабудавання і інш. галін машынабудавання. Упершыню вытв-сць падшыпнікаў арганізавана ў Германіі ў 1883. Потым прадпрыемствы гэтай галіны з’явіліся ў ЗША, Швецыі. У наш час найб. развітую П.п. маюць ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Расія, Чэхія. На Беларусі першае падшыпнікавае (рамонтнае) прадпрыемства створана ў 1939 у Гомелі. У 1948—51 у Мінску пабудаваны падшыпнікавы завод. На Беларусі (2000) дзейнічаюць 2 прадпрыемствы П.п. — акцыянернае прадпрыемства Мінскі падшыпнікавы завод (выпускае падшыпнікі шарыкавыя радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя, ролікавыя радыяльныя сферычныя двухрадавыя, ролікавыя ігольчастыя, шарыкавыя ўпорна-радыяльныя шматрадавыя, ролікавыя ўпорна-радыяльныя сферычныя аднарадавыя і інш.) і акцыянернае прадпрыемства Гомельскі падшыпнікавы завод (выпускае ў асн. шарыкі стальныя і падшыпнікі веласіпедныя). У 1990 імі выпушчана 148, у 1995—21, у 1998—23 млн. штук падшыпнікаў. Іх прадукцыя выкарыстоўваецца на маш.-буд. прадпрыемствах Беларусі і экспартуецца.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ВІЧ Гіпаліт (псеўд. Г.​Няміга; 23.7.1907, Міншчына — 24.10.1997),

грамадска-культурны дзеяч бел. эміграцыі, гісторык. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску, пед. ін-т у Ленінградзе (1932). У 1936—40 па падазрэнні ў «нацдэмаўшчыне» зняволены ва Ухта-Іжэлескім лагеры (Рэспубліка Комі, Расія). Пасля вызвалення настаўнічаў у Беларусі. З 1944 у амер. акупац. зоне ў Германіі, выкладаў гісторыю, кіраваў драм. гуртком у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—50). У 1950-я г. супрацоўнічаў з Ін-там па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (г. Мюнхен). Пераехаў у ЗША, дзе скончыў ун-т (1962), працаваў у сістэме б-к Нью-Йорка, адзін з арганізатараў бел. тэатр. груп у рэгіёне Нью-Йорк—Нью-Джэрсі, бел. каталіцкага руху ў ЗША. Аўтар артыкулаў па гісторыі адукацыі, навукі і культуры БССР (апубл. ў «Беларускім зборніку»), кн. «Інстытут беларускай культуры — Беларуская Акадэмія навук — Акадэмія навук БССР» (Мюнхен, 1957). Друкаваўся ў эмігранцкіх часопісах, газетах.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,

спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш. спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл. раздз. Узброеныя сілы ў арт. Расія), мабільныя сілы і інш. спец. ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр. умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш. неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКЕНІ́ЦКІ (Sukiennicki) Віктар (25.7.1901, каля г. Каўнас, Літва — крас. 1983),

польскі гісторык. Д-р права (1927). Вучыўся ў Віленскім і Парыжскім ін-тах. Дацэнт НДІ Усх. Еўропы пры Віленскім ун-це. З 1934 на навук. стажыроўцы ў СССР. У 1941 арыштаваны органамі НКУС і сасланы ў Краснаярск. У 1942 вызвалены, працаваў у польскім пасольстве ў СССР. З 1943 у Вялікабрытаніі, выкладаў у польскім ун-це ў г. Оксфард. З 1952 рэдактар на радыёстанцыі «Свабодная Еўропа». З 1959 у ЗША, працаваў у Гувераўскім ун-це пры Станфардскім ун-це. Аўтар прац: «Эвалюцыя ладу Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік...» (т. 1—3, 1938—39), «Сучасныя ідэі і палітычныя і грамадскія рухі» (ч. 1—2, Лондан, 1951—54), «Прычыны і пачатак польска-савецкай вайны, 1919—1921» (Лондан, 1963), «Усходне-Цэнтральная Еўропа ў час 1-й сусветнай вайны» (т. 1—2, ЗША, 1984) і інш.

т. 15, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ЛЕР (Fuller) Рычард Бакмінстэр (12.7.1895, г. Мілтан, ЗША — 1.7.1983),

амерыканскі архітэктар, дызайнер, інжынер. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (1913—15). Працаваў у буд. кампаніі ў Чыкага, з 1959 ва ун-це Паўд. Ілінойса. Распрацаваў праект зборнага алюмініевага дома, падвешанага да мачты, т.зв. машыну для жылля (1927); 3-колавы аўтамабіль (1933). Вынайшаў новую картаграфічную праекцыю свету (1942, складаецца з 6 прамавугольнікаў і 8 трохвугольнікаў, мае шэраг пераваг у параўнанні з глобусам). Распрацоўваў прасторавую канструкцыю «геадэзічнага купала» (паўсферы, што збіраліся з тэтраэдраў): «Залаты купал» для Амер. выстаўкі ў Маскве (1959), павільён ЗША на Сусв. выстаўцы ў Манрэалі (1967) і інш., у 1966—67 распрацаваў праект горада, які плавае, для 300 тыс. жыхароў. Аўтар кніг «Тэхнічнае настаўленне для касмічнага карабля «Зямля» (1969), «Сінергетыка: даследаванні геаметрыі мыслення» (1974), аўтабіяграфіі «Ідэі і цэласнасць» (1963). Імем Ф. названа адна з форм вугляроду — фулерэны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 16, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Э́КСАН»

(Exxon Corp.),

найбуйнейшая нафтавая манаполія ЗША, займае 2-е месца па аб’ёме продажу сярод прамысл. кампаній свету. Уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Ажыццяўляе разведку, здабычу, перапрацоўку, транспарціроўку нафты і прыроднага газу, здабычу вугалю, уранавай сыравіны, руд каляровых металаў (медзь, цынк, свінец, малібдэн, золата), разведку і распрацоўку радовішчаў бітумінозных пяскоў і сланцаў, вырабляе хім. і нафтахім. прадукцыю (адзін з найб. у ЗША вытворцаў этылену, прапілену, пластмас, спец. каўчукоў, растваральнікаў, пластыфікатараў і інш.). Засн. ў 1882 пад назвай «Стандард ойл компані (Нью-Джэрсі)». Сучасная назва з 1973. У 1979 набыла шэраг кампаній, якія выпускаюць электратэхн. абсталяванне і электронныя прыборы. «Э.» належыць 36 нафтаперапр. з-даў у 23 краінах, 19 н.-д. цэнтраў, 39 з-даў па вытв-сці прамысл. абсталявання і прыбораў, сетка магістральных трубаправодаў, танкерны флот. Даччыныя і асацыіраваныя прадпрыемствы ў 80 краінах. У вытв-сці занята каля 146 тыс. чал.

т. 18, кн. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ГЕТ (Leggett) Энтані Джэймс (н. 26.3.1938, Лондан),

англа-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1980), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1996). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1997), Рас. АН (1999). Скончыў Оксфардскі ун-т (1964). З 1967 ва ун-це Сусекса (Вялікабрытанія; з 1978 праф.), з 1983 праф. ва ун-це штата. Ілінойс (г. Урбана-Шампейн, ЗША). Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур і кандэнсаваных асяроддзяў, квантавых вадкасцях, звышцякучасці і звышправоднасці, статыст. фізіцы, квантавай тэорыі вымярэнняў, эксперым. абгрунтаванні квантавай механікі. У 1970-я г. распрацаваў тэорыю ўзаемадзеяння і ўпарадкавання атамаў у звышцякучым стане. Прадказаў эфект макраскапічнага квантавага тунэлявання ў звышправодных пераходах Джозефсана. Нобелеўская прэмія 2003 (з А.А.Абрыкосавым; гл. Дадатак, В.Л.Гінзбургам).

Тв.:

Рус. пер. — Шредингеровская кошка и ее лабораторные сородичи // Успехи физ. наук. 1986. Т. 148, вып. 4;

The Problems of Physics. Oxford, 1994.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Легет.

т. 18, кн. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫРО́НДАК (Adirondack),

горны масіў у сістэме Апалачаў, у ЗША. Выш. да 1628 м (г. Марсі). Рэльеф сярэднягорны са згладжанымі ледавіковымі формамі. Складзены з крышт. пародаў. Шмат азёраў, горных рэк. На схілах хваёвыя і мяшаныя лясы. Раён турызму. Курорт Лейк-Плэсід, цэнтр Зімовых Алімпійскіх гульняў (1932, 1980).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ ФОНД РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Fond; АФР). Створаны ў 1972. Уваходзяць 20 краін, у т. л. Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, ФРГ. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — мабілізаваць дадатковыя сродкі і рэсурсы для эканам. і сац. развіцця краін Афрыкі і крэдытавання іх на льготных умовах.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІЧА́НЕ,

нацыя, асн. насельніцтва Вялікабрытаніі (43,49 млн. чал.). Жывуць таксама ў Канадзе (каля 1 млн. чал.), Аўстраліі (больш за 944 тыс. чал.), ЗША (661 тыс. чал.), ПАР, Новай Зеландыі і інш. краінах. Агульная колькасць 47,22 млн. чал. (1987). Гавораць на англійскай мове. Паводле рэлігіі пераважна англікане.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)