«Э́КСАН»

(Exxon Corp.),

найбуйнейшая нафтавая манаполія ЗША, займае 2-е месца па аб’ёме продажу сярод прамысл. кампаній свету. Уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Ажыццяўляе разведку, здабычу, перапрацоўку, транспарціроўку нафты і прыроднага газу, здабычу вугалю, уранавай сыравіны, руд каляровых металаў (медзь, цынк, свінец, малібдэн, золата), разведку і распрацоўку радовішчаў бітумінозных пяскоў і сланцаў, вырабляе хім. і нафтахім. прадукцыю (адзін з найб. у ЗША вытворцаў этылену, прапілену, пластмас, спец. каўчукоў, растваральнікаў, пластыфікатараў і інш.). Засн. ў 1882 пад назвай «Стандард ойл компані (Нью-Джэрсі)». Сучасная назва з 1973. У 1979 набыла шэраг кампаній, якія выпускаюць электратэхн. абсталяванне і электронныя прыборы. «Э.» належыць 36 нафтаперапр. з-даў у 23 краінах, 19 н.-д. цэнтраў, 39 з-даў па вытв-сці прамысл. абсталявання і прыбораў, сетка магістральных трубаправодаў, танкерны флот. Даччыныя і асацыіраваныя прадпрыемствы ў 80 краінах. У вытв-сці занята каля 146 тыс. чал.

т. 18, кн. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)