горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс.ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).
Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст.Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш.бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл.Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд.т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс.ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.В.Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял.Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл.Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).
Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.
паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.Р.Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.І.Шэдэль і П.І.Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.В.Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.П.Антропаў і Р.К.Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.Ф.Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.Дз.Коўнір і П.І.Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.І.Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.І.Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.І.Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.В.Берэці, І.В.Штром, Спаро; размалёўкі В.М.Васняцова, М.В.Несцерава, М.К.Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.А.Шротэр), будынкі Музея ўкр.выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.П.Байцоў і У.У.Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.В.Кобелеў і А.М.Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі, П.К.Клот, арх. К.А.Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.В.Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст.меламанум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.І.Грачына), помнік Т.Р.Шаўчэнку (1938, скульпт. М.Г.Манізер, арх Я.А.Левінсон). У Вял.Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.В.Уласаў, А.У.Дабравольскі, Б.І.Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.І.Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.Дз.Елізараў, Н.Б.Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.А.Марынчанка, І.Г.Вайнер, П.Н.Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1981, скульпт. Я.В.Вучэціч, В.З.Барадай, Ф.М.Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.В.Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л.Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л.Укр.т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.Р.Шаўчэнкі, гіст., укр.выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал.нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш.Рэсп. стадыён.
З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.І.Мурашкі створана маст. вучылішча.
Літ.:
Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;
Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;
Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.
Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.Берэці, І.Штром, П.Спаро. 1862—96.Плошча Незалежнасці ў Кіеве.Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі.Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.Гарадзецкі. 1902—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны да інш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры.Куляшоў.Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі?Глебка.Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак.Даніленка.// Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС.Лобан.Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі.Чорны.// Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі.Лужанін.// Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт.Калачынскі.
2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць.Дуброўскі.Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца.Брыль.
3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал.Дубоўка.//перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год.Чорны.Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу.Брыль.
4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць.Мяжэвіч.Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы.Прануза.// Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба.Маўр./убезас.ужыв.І, бач, зноў жа сабралася на дождж.М. Стральцоў.// Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.
5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі.Маўр.
6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу.Колас.// Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу.С. Александровіч.— Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці.Васілевіч.//зінф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася?Якімовіч.Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць.Скрыган.// Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.
7.(звычайнасасловамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху.Быкаў.Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі.Лынькоў.Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі.Галавач.І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам.Арабей.// Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася.Мележ.Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я.Бяспалы.
8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок.Лынькоў.Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк.Крапіва.// Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй.Чарнышэвіч.Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны.Кулакоўскі.
•••
Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму.М. Ткачоў.
Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.
Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.
Хмары сабралісянадкім-чымгл. хмара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.
1.‑у, Мна хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. □ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы.Брыль.Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру.Лынькоў.
2.‑у, Му хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. □ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны.«Звязда».Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі.Якімовіч.
3.‑у, Му хо́дзе; мн.хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса.// Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.
4.‑у, Мна хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма.// Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход.// Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду.//Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.
5.‑у, Му хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. □ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда.«Звязда».
6.‑у, Мна хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.
7.‑у; мн.хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. □ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі.«Маладосць».
8.‑у, Му хо́дзе; мн.хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. □ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну.Шамякін.Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход.Бураўкін.
9.‑у; мн.хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў.Кудраўцаў.
10.‑а; мн.хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. □ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход.Чорны.У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай.М. Стральцоў.
11.‑а; Му хо́дзе; мн.хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. □ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту.Мележ.Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце.Сачанка.
12.‑у; мн.хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу.Колас.
•••
Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.
Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.
Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.
Ведаць усе хады і выхадыгл. ведаць.
Даць задні ходгл. даць.
Даць ходгл. даць.
Ісці ў ходгл. ісці.
На хаду — мімаходам, хутка.
На хаду падноскі адарвацьгл. адарваць.
Не даць ходугл. даць.
Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.
Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).
Пусціць у ходгл. пусціць.
Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.
Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.
Ходу нямакаму-чамугл. няма.
Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мелаПаўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛЫ,
найбуйнейшы ў ВКЛ магнацкі род герба «Трубы» («Тромбы»), прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж., адм. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. У сярэдзіне 16—1-й пал. 18 ст. займалі 1-е месца сярод магнатаў ВКЛ па эканам. і паліт. значэнні. На Беларусі яны валодалі гарадамі, мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Лахва, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын; на Украіне — г. Алыка з дзесяткамі вёсак (Валынскае ваяв.); у Польшчы — г. Шыдловец з вёскамі (Сандамірскае ваяв.); у Літве — мястэчкамі Біржы, Дубінкі (Віленскае ваяв.), Кейданы (Жамойць) і інш. Адна з галін роду Р. у 15—16 ст.мела маёнткі з г. Ганёндз і Райград на Падляшшы. У 1612 да Р. перайшло Слуцкае княства. Акрамя ўласных спадчынных маёнткаў, Р. рэгулярна атрымлівалі разам з пасадамі старостаў у пажыццёвае карыстанне маёнткі (староствы); Ашмяны, Барысаў, Брэст, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш. У 1586 паміж братамі Мікалаем Крыштофам, Альбрыхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Р. заключана пагадненне пра стварэнне Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, пасля — толькі старэйшаму сыну). У 19 ст. ўтворана і Давыд-Гарадоцкая ардынацыя. Іншыя маёнткі Р. знаходзіліся на аладыяльным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У 16—18 ст. Р. мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужылых людзей — зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна»; мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і інш. — з гарнізонамі. У 1528 у маёнтках Р. налічвалася 18 240 дымоў, з якіх ставілі ў войска ВКЛ 760 коннікаў, у 1567 ад 28 170 дымоў выстаўлялі 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. У сярэдзіне 18 ст. Р. заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Напр., войска Гераніма Фларыяна налічвала 6 тыс.чал. (столькі ж мела ўся армія ВКЛ). Р. адыгрывалі значную ролю ў культ. і рэліг. жыцці. У 16—17 ст. частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Р. засталася католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы, б-кі (гл.Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы). Многія з іх вядомы як мецэнаты і кампазітары (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівілаў), заснавальнікі мануфактур, у т. л.Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У радаводах да аднолькавых імён Р. дадавалі парадкавыя нумары ці мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Заснавальнік роду — Радзівіл Осцікавіч, сын віленскага кашталяна Осціка. Яго сын Мікалай Стары меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду. Старэйшы сын Мікалай атрымаў 25.2.1515 тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі», яго лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1546. 2-і сын Мікалая Старога Ян стаў пачынальнікам сярэдняй, нясвіжска-алыцкай галіны роду. Яго сын Мікалай Чорны 10.12.1547 атрымаў імперскі княжацкі тытул для сябе і інш. прадстаўнікоў роду. Ён меў 4 сыноў, 3 з якіх заснавалі асобныя лініі гэтай галіны. Мікалай Крыштоф Сіротка — заснавальнік нясвіжскай лініі, якая ў старэйшым адгалінаванні згасла ў 1813 са смерцю нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма, а ў малодшых працягваецца і цяпер. Лінія 1-га клецкага ардыната Альбрыхта згасла са смерцю Станіслава Казіміра і Клецкая ардынацыя перайшла ў нясвіжскую лінію да канцлера Дамініка Мікалая, ад якога паходзілі нясвіжскія ардынаты з 1814. Малодшы сын Мікалая Чорнага Станіслаў стаў 1-м алыцкім ардынатам. Лінія згасла са смерцю яго малодшага сына Альбрыхта Станіслава, і Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай лініі. Ад 4-га сына Мікалая Старога Юрыя пачалася біржанска-дубінкаўская галіна роду Р., якая скончылася ў мужчынскай лініі са смерцю Багуслава, а ў жаночай — Людвікі Караліны. Уладанні гэтай галіны пасля 50-гадовага валодання імі нойбургскай (пфальцкай) лініі баварскага дома Вітэльсбахаў таксама перайшлі да нясвіжскай. Са смерцю ў 1813 Дамініка Гераніма, апошняга прадстаўніка гал. нясвіжскай галіны Р., яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам: ардынацыі — Антонію Генрыку, аладыяльныя маёнткі — дачцэ Стафаніі (1809—32), якую рас. імператар выдаў замуж за сына ген.-фельдмаршала П.Х.Вітгенштэйна Льва (гл.Вітгенштэйны). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. Р. ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі, Італіі. У Рас. імперыі княжацкі тытул Р. зацверджаны ў 1845 і 1899, у Прусіі — у 1859 і 1861, у Аўстрыі — у 1784, 1882 і 1905. Найб. вядомыя Р.:
Радзівіл Осцікавіч (?—1477). У 1420—28 маршалак гаспадарскі вял. князя Вітаўта. 15.10.1432 як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Ням. ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1-й пал. 1450-х г. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял.кн. Казіміра і ёй вылучаны кандыдатам на велікакняжацкі пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, з 1463 ваявода трокскі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я.Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя.
Мікалай (мянушка Стары: ?—1509), гл.Радзівіл М.
Мікалай (каля 1470—1521), сын Мікалая Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ВКЛ у 1505, ваявода трокскі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. У 1515 атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна I тытул князя «на Гонёндзы і Меделях».
Ян (каля 1474—1522), сын Мікалая Старога. Намеснік вількійскі ў 1495—1501 і слонімскі з 1505, маршалак гаспадарскі ў 1499—1514 і земскі ў 1514—22, кашталян трокскі ў 1522. Падпісаў Мельніцкі акт 1501. Пасол у Маскву ў 1507 і 1508.
Войцах (Альбрыхт; 1476—19.4.1519), сын Мікалая Старога. Біскуп луцкі з 1502, віленскі з 1507 (першы з магнатаў ВКЛ на гэтай пасадзе). Выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541), гл.Радзівіл Ю.
Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584), гл.Радзівіл М.
Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж — 28/29.5.1565), гл.Радзівіл М.
Ян (? — 1542), сын Мікалая. Падчашы ВКЛ з 1517 дзяржаўца маркаўскі ў 1520—34 і васілішскі з 1523, староста бельскі з 1522 і жамойцкі з 1535. У 1530—40-х г. трыумвірат у складзе Яна і Юрыя Р. і А.Гаштольда фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве Жыгімонта I Старога.
Ян (1516—27.9.1551), сын Яна. У 1544 увайшоў у склад Рады ВКЛ. Набліжаны да вял. князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Алыцы і Нясвіжы».
Барбара (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вял. княгіня ВКЛ, гл.Барбара Радзівіл.
Мікалай (каля 1546—18.12.1589), сын Мікалая Рудога. Лоўчы ВКЛ у 1574—80, ваявода навагрудскі з 1579. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, вызваленні Полацка ў 1579.
Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616), гл.Радзівіл М.К.
Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603), гл.Радзівіл К.
Юрый (Ежы; 31.5.1556, Вільня — 23.1.1600), сын Мікалая Чорнага. У 1574—81 каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа віленскага В.Пратасевіча. Біскуп віленскі ў 181—91, кардынал (1583). У 1582—84 адначасова намеснік караля ў Інфлянтах. З 1591 біскуп кракаўскі.
Альбрыхт (8.3.1558, Вільня — 13.7.1592), сын Мікалая Чорнага. З 1579 надворны маршалак ВКЛ, адначасова староста ковенскі. Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582. З 1586 вял. маршалак ВКЛ. У 1586 далучыўся да сямейнага дагавора Р. пра ўтварэнне родавых ардынацый і стаў 1-м клецкім ардынатам.
Станіслаў (12.5.1559, Вільня — 19.3.1599), сын Мікалая Чорнага. Маршалак вялікі ВКЛ у 1592—95, староста жамойцкі з 1595. У 1586 удзельнічаў у заснаванні 3 радзівілаўскіх ардынацый і стаў 1-м алыцкім ардынатам. Аўтар рэліг. твораў, перакладаў.
Юрый (14.12.1578—13.2.1613), сын Мікалая. З 1589 староста мазырскі, з 1590 дзяржаўца анішкінскі. Кашталян трокскі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у антыкаралеўскім мяцяжы М.Зебжыдоўскага 1606—07 у Польшчы.
Януш (21.7.1579, Вільня — 6 або 7.11.1620), сын Крыштофа Перуна. Падчашы ВКЛ у 1599—1619, кашталян віленскі з 1618, староста барысаўскі. У 1606—07 разам з Зебжыдоўскім узначаліў мяцеж супраць абсалютысцкай палітыкі караля. На сеймах адстойваў рэліг. і паліт. правы некатолікаў. З 1600 муж і спадкаемца Соф’і Алелькаўны.
Крыштоф (15.3.1585—19.9.1640), сын Крыштофа Перуна. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, перагавораў, якія скончыліся падпісаннем Палянаўскага міру 1634. За ваен. заслугі атрымаў пасады ваяводы віленскага (1633) і вял. гетмана (1635).
Ян Юрый (8.1.1588, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на — 18.12.1625), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. З 1613 кашталян трокскі, пасол на сейм 1611, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1616. Неаднаразова быў сенатарам-рэзідэнтам пры каралю.
Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 20.7.1636), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1614—20 староста рыжскі, стольнік ВКЛ у 1620, крайчы ВКЛ у 1622, кашталян трокскі ў 1626, кашталян віленскі ў 1633. Пасол на сеймы 1613 і 1615.
Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж — 5.11.1642), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода навагрудскі ў 1642.
Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656), сын Станіслава. Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З 1623 канцлер ВКЛ. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар твора «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» і падрабязнага «Дзённіка» за 1632—56 — каштоўнай крыніцы па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай.
Аляксандр Людвік (4.8.1594, г. Нясвіж — 23.3.1654), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. Стольнік ВКЛ з 1626, крайчы ВКЛ з 1630, ваявода брэсцкі з 1631, надворны маршалак ВКЛ з 1635, маршалак вялікі ВКЛ з 1637, ваявода полацкі ў 1654, староста слонімскі ў 1635—42, войт магілёўскі з 1632. З 1636 нясвіжскі ардынат.
Януш (2.12.1612, Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655), гл.Радзівіл Я.
Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча —31.12.1669), гл.Радзівіл Б.
Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), сын Аляксандра Людвіка. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, кашталян віленскі ў 1661—66, ваявода віленскі 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на сеймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 і алыцкі.
Міхал Кароль (?—1656), сын Януша. Харунжы вялікі ВКЛ у 1644, крайчы ВКЛ у 1645—53, падчашы ВКЛ з 1653; пасол на сеймы 1641, 1649, 1652. З 1641 ардынат клецкі.
Станіслаў Казімір(1648—8.12.1690), сын Міхала Караля. Стольнік ВКЛ у 1670—80, маршалак вялікі ВКЛ з 1680; пасол на сеймы 1664—65, 1670, 1678—79. З 1683 ардынат клецкі. Пасля яго смерці Клецкая ардынацыя перайшла ў лінію нясвіжскіх ардынатаў.
Дамінік Мікалай (1648 або 1653—27.7.1697), сын Аляксандра Людвіка. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677—81, падканцлер ВКЛ у 1681—90, канцлер ВКЛ з 1690; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Пасол на сеймы 1669, 1674, 1676, 1681, 1697. З 1690 ардынат клецкі.
Людвіка Караліна (27.2.1667—23.3.1695), дачка Багуслава. Пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма маркграфам Людвігам (1681) пераехала ў Берлін. Сваёй вял. латыфундыяй кіравала праз адміністратараў. Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінскія зборы ў Літве і Беларусі. Утрымлівала Слуцкую друкарню 1672—1705. У 1688 выйшла замуж за князя Нойбургскага Карла Філіпа. Пасля яе смерці латыфундыя, т.зв. «Нойбургскія маёнткі», стала аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і ням. князямі.
Ежы Юзаф (10.3.1668, г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяв., Польшча — 2/3.1.1689), сын Міхала Казіміра. Падчашы ВКЛ у 1685—88, ваявода трокскі з 1688; пасол на сейм 1688. З 1680 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1688 і алыцкі.
Кароль Станіслаў (27.11.1669, г. Кракаў, Польшча — 2.8.1719), сын Міхала Казіміра. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на сеймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі.
Ян Мікалай Аляксандр (17.5.1681—20.1.1729), сын Дамініка Мікалая. Крайчы ВКЛ у 1699—1706 і 1707—08, кашталян віленскі у 1706—07, ваявода навагрудскі з 1708. З 1697 ардынат клецкі.
Мікалай Фаўстын (21.5.1688, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 2.2.1746), сын Дамініка Мікалая. Чашнік ВКЛ у 1706—09, мечнік ВКЛ у 1710—29, ваявода навагрудскі з 1729; пасол на сеймы 1718, 1720, 1722, 1726; ген.-лейтэнант (1725). Выконваў абавязкі камандуючага войскамі ВКЛ.
Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка — 22.5.1762), гл.Радзівіл М.К.
Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.1.1782), сын Яна Мікалая Аляксандра. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапляўся алхіміяй. Верагодна, душэўна захварэў.
Удальрык Крыштоф (28.1.1712, г. Дзятлава — 21.7.1770), гл.Радзівіл У.К.
Геранім Фларыян (4.5.1715, г. Бяла-Падляска — 17.5.1760), сын Караля Станіслава. Падчашы ВКЛ у 1739—50, вял. харунжы ВКЛ з 1750. Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743—44. Заснаваў Слуцкі тэатр Радзівілаў.
Альбрыхт (25.3.1717, г. Дзятлава — пасля 1790), сын Мікалая Фаўстына. Пасол на пацыфікацыйны сейм 1736, у 1750 маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1740-х г. палкоўнік панцырнай кавалерыі ВКЛ, з 1755 ген.-маёр войска ВКЛ. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 абраны яе маршалкам у Рэчыцкім пав.; у 1743—73 староста рэчыцкі.
Ежы (4.2.1721—13.12.1754), сын Мікалая Фаўстына. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1744, пасол на сейм 1746, ваявода навагрудскі з 1746. Староста любашанскі і навагрудскі.
Станіслаў (3.5.1722, г. Дзятлава — 22.4.1787), сын Мікалая Фаўстына. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1750), ген.-лейтэнант кавалерыі (1765). Крайчы ВКЛ у 1752—59, падкаморы ВКЛ у 1759—79, пасол на сеймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1763.
Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж —21.11.1790), гл.Радзівіл К.С.
Юзаф Мікалай (13.11.1736, г. Кракаў — 1813), сын Марціна Мікалая Караля. Пісар вялікі ВКЛ у 1764—73, ваявода мінскі ў 1773—84, трокскі кашталян у 1784—88 і ваявода з 1788; пасол на сеймы 1760, 1764. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1782. З 1759 ардынат клецкі.
Міхал Геранім (29.9.1744—28.3.1831), сын Марціна Мікалая Караля. Мечнік ВКЛ у 1771—75, кашталян віленскі ў 1775—90, ваявода віленскі з 1790; пасол на сейм 1773, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—83 і 1793—94, чл.Адукацыйнай камісіі з 1783 (старшыня ў 1793). З 1823 ардынат клецкі. Сабраў у Нябораўскім палацы (Польшча) каштоўную калекцыю медалёў, б-ку (уключала прыватную б-ку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, збор гравюр.
Мацей (10.11.1749—2.9.1800), гл.Радзівіл М.
Геранім Вінцэнты (11.5.1759, г. Нясвіж — 18.9.1786), сын Міхала Казіміра Рыбанькі. Падкаморы ВКЛ з 1779, ротмістр гусарскай харугвы ў войску ВКЛ з 1780, староста мінскі з 1783, пасол на сеймы 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—83.
Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833), гл.Радзівіл А.Г.
Міхал Гедэон (24.9.1778, Варшава —24.5.1850), гл.Радзівіл М.Г.
Дамінік Геранім (4.8.1786, г. Бяла-Падляска — 11.11.1813), сын Гераніма Вінцэнтага. Камергер імператарскага двара. З 1810 у войску Варшаўскага княства У 1812 удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву, палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона. У 1813 удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам і Лейпцыгам, смяротна паранены пад Ганаў. Апошні прадстаўнік гал. нясвіжскай галіны Р.
Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869), гл.Радзівіл К.
Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Павел; 19.3.1797, Берлін — 5.8.1870), сын Антонія Генрыка. З 1813 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. пяхоты (1855). З 1833 ардынат нясвіжскі. Сабраў каштоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і ВКЛ, старшыня Нумізматычнага т-ва ў Берліне.
Антоні Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд Антоні; 31.7.1833, г. Цепліцы, Чэхія — 16.12.1904), сын Вільгельма. З 1852 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. артылерыі (1889), ад’ютант Вільгельма I, Фрыдрыха III, Вільгельма II. Меў вял. зямельныя ўладанні ў Прусіі, усе ардынацыі Р. на тэр. Беларусі і Украіны.
Станіслаў Вільгельм (6.2.1880, Берлін — 28.4.1920), сын Антонія Вільгельма. Валодаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыяй, прыняў рас. падданства. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, 1-й сусв. вайны. Адзін з заснавальнікаў польскай Нац.-кансерватыўнай партыі ў Петраградзе (кастр. 1917), сакратар арг-цыі партыі ў Мінску. У лют. 1919 уступіў у 3-і полк уланаў у складзе Літоўска-беларускай дывізіі. Загінуў у баі на Украіне.
Альбрыхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм; 30.10.1885, Берлін — 18.12.1935), сын Ежы Фрыдэрыка (1860—1914). У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Пасля абвяшчэння Бел.Нар. Рэспублікі разам з Р.Скірмунтам ездзіў у Берлін і Швейцарыю, каб забяспечыць ёй падтрымку. Пазней — адзін з лідэраў кансерватыўнага лагера землеўладальнікаў, віцэ-прэзідэнт Саюз абаронцаў «крэсаў усходніх». З 1922 фінансаваў віленскую газ. «Słowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886—8.4.1959) — апошні ардынат нясвіжскі і клецкі (да 1939). Памёр у Парыжы.
Літ.:
Kotłubaj E. Galerja Nieświeżska portretów Radziwilłowskich. Wilno, 1857;
Bartoszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa;
Kraków, 1928. SajkowskiA. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI w. Warszawa;
Poznań, 1985;
Polski słownik biograficzny. T. 30. Wrocław etc. 1987;
Miscellanea historicoarchivistica. T. 3, 7. Warszawa;
Łódź, 1989, 1997. Mackiewicz S. Dom Radziwiłłów, Warszawa, 1990;
Канановіч У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3;
Badania księgozbiorów Radziwúuiow. Warezawa, 1995;
Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwilłów od początku XVI do połowy XVII w. Lublin, 1995;
Radziwiłłowie herbu Trąby. Warszawa, 1996.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Радзівілы. Ян Радзівіл (каля 1474—1522). Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.Да арт.Радзівілы. Юрый Радзівіл (1556—1600).Да арт.Радзівілы. Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мелаТ-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ды1, злучнік.
I.спалучальны.
1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада.Брыль.І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара.Чарот.// Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.
2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі.Якімовіч.Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна.Колас.
II.супраціўны.
1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна.Колас.Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў.Брыль.І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць.Танк.// У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу.Бялевіч.Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца.Шамякін.// Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка.Прыказка.// У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа.Якімовіч.
2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы.Колас.
III.далучальны.
1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед.Крапіва.Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі.Кулакоўскі./ У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна.Лынькоў.Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам.Асіпенка./ У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся.Шамякін.Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае.Чарот.// Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах.Кулакоўскі.
2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі!Колас.Біўся, біўся ды з сілы выбіўся.Крапіва.
3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць.Колас.
•••
Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве.Брыль.
Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.
ды2, часціца,узмацняльная.
Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі?// У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра.Гартны.Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік.Колас.// Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ...Якімовіч.— Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба!Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)