ЛІТАГРА́ФІЯ

(ад літа... + ...графія),

від тыражнай графікі; спосаб плоскага друку, твор, выкананы літаграфскім спосабам. Друкарскай формай у Л. з’яўляецца гладкая (для ўзнаўлення пёравай графікі) або зярністая (для ўзнаўлення алоўкавага малюнка) паверхня літаграфскага каменю, часам цынкавай ці алюм. пласцінкі, на якую нанесена выява тлустай тушшу (пяром або пэндзлем) ці літаграфскім алоўкам. Часам выяву пераносяць на камень з малюнка, выкананага на спец. пераводнай паперы — корнпапіры. Пасля спец. хім. апрацоўкі каменю, паслядоўнага нанясення на яго паверхню вады і фарбы праводзяць друкаванне. Л. ўласцівы вял. свабода аўтарскага выканання, разнастайнасць маст. сродкаў пры вял. дакладнасці ўзнаўлення, параўнальная прастата тэхнікі. Мадыфікацыі Л. аўталітаграфія, амаграфія, хромалітаграфія і інш.

Вынайдзена А.Зенефельдэрам у Германіі ў 1798. У 19—20 ст. Л. адыграла важную ролю ў развіцці карыкатуры, ілюстрацыі, плаката, прыкладной графікі. Сярод вядучых майстроў 19 ст. П.Гаварні, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Ф.Гоя, Т.Жэрыко. Новыя маст. магчымасці Л. былі адкрыты майстрамі імпрэсіянізму (Э.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга, К.Пісаро), ням. экспрэсіяністамі (М.Ліберман), мастакамі ЗША (Дж.Уістлер). У канцы 19 — пач. 20 ст. асаблівую вастрыню. драматызм і адначасова дэкар. выразнасць прыўнеслі ў Л. Э.Вюяр, П.Пікасо, А.Рэдон, А. дэ Тулуз-Латрэк у Францыі, Ф.Ропс у Бельгіі, Э.Мунк у Нарвегіі, Р.Кент у ЗША, Я.Кібрык, П.Кузняцоў, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, М.Радзіёнаў у Расіі.

На Беларусі Л. існуе з 1-й пал. 19 ст. У яе развіцці значную ролю адыграла Віленская літаграфская майстэрня, засн. ў 1819—21. Сярод першых літографаў Ф.Славецкі, Я.Рустэм, К.Кукевіч. Да Л., у т.л. каляровай, звярталіся Ю.Азямблоўскі, К.Бахматовіч, А.Бартэльс, Я.Дамель, М.Кулеша, Н.Орда, І.Хруцкі і інш. У 1920-я г. літаграфская майстэрня ўзнікла пры Віцебскім маст.-практычным ін-це (з 1923 маст. тэхнікум). У 1920—40-я г. ў тэхніцы Л. працавалі Я.Горыд, Н.Галоўчанка, П.Гуткоўскі, М.Малевіч, Н.Сасноўская, М.Філіповіч, Ф.Фогг, М.Чураба. Вял. значэнне для развіцця бел. Л. мела стварэнне эстампных майстэрняў пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953) і Маст. фондзе Беларусі (1956). Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды, ілюстрацыі, экслібрысы і інш. выкананы бел. мастакамі В.Александровічам, Л.Асецкім, У. і М.Басалыгамі, С.Волкавым, Ю.Выхадцавым, С.Герусам, П.Дурчыным, Ю.Зайцавым, А.Кашкурэвічам, А.Лось, Г. і Н. Паплаўскімі, А.Паслядовіч, У.Пашчасцевым, У.Піменавым, С.Раманавым, І.Раманоўскім, У.Савічам, У.Сакаловым, М.Селяшчуком, Ю.Тышкевічам, В.Шаранговічам і інш. Л. — адна з гал. форм бел. эстампа. Іл. гл. таксама да арт. Графіка.

Літ.:

Суворов П.И. Искусство литографии. 4 изд. М., 1964;

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979.

В.Я.Буйвал, І.Л.Чэбан.

Да арт. Літаграфія. Я.Кібрык. Ласачка. Ілюстрацыя да рамана Р.Ралана «Кала Бруньён». 1934—36.
Да арт. Літаграфія. А. дэ Тулуз-Латрэк. Японская канапа. 1893.
Да арт. Літаграфія. Р. Кент. Вяршыня.
Да арт. Літаграфія. Н.Паплаўская. Нядзеля. 1993.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)