Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія), дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс.км². Нас. 64,8 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.
Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).
Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).
Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае 2/3пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс.км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-растудз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн.чал.) і краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым.імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх.ч. — Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.
З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Пры егіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц.фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп.нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп.нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш.араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят.арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп, рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш.араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.
Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.
Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн.га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс.т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс.т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля 1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн.ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс.т (1993). Вырошчваюць таксама (млн.т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс.т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасцінайб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн.т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд.м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн.т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш.Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд.кВт∙гадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш.вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн.т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн.т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сцьнац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сцьмінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш.хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сцьчыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн.т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс.км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс.км, з іх 15 тыс.км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс.км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн.т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн.т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд.дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд.дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд.дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс.чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс.чал.), ВПС (110 тыс.чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс.чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс.чал.), нац. гвардыі (60 тыс.чал.), пагран. корпуса (12 тыс.чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс.чал.), берагавой гвардыі (7 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс.чал. (канец 1994).
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец.ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш.Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп.нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) пры н.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.
Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.
Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.Мубарака, А.Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.С.Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.Сану, Ісхака Адзіба, В.Йекуна, А.Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.Шэкспіра, П.Карнеля, Мальера, В.Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.Х.Хайкаля і зб, апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.Нагі, А.М.Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.Х.Саіда, М.Т.Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.Х.Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).
Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп.нац. музея ў Каіры (1902, франц.арх. М.Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер.арх. Дж.Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.Карым, А.Сідкі, Н.Хебіб, М.Амар і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап.маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж.нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.Сабры, М.Нагі, М.Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.Сіры, С.Абдэль Расула, Т.Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.
Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт.Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап.муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз.т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г.прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.Б.Хайрат, М.Р.Гарана, ГА.Рахім і інш.Нац.муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-тараб. музыкі, Каірскі ін-тмуз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.
Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.Шэкспіра, П.Карнеля і інш.Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб.тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж.Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-тт-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш.Найб. вядомыя калектывы; Нац.т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.Алям, Х.Рыяд, А.Фарыс, А.Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-ттэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.
Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.Шаукі, Э.Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.Хамама, Магда, С.Хусні, Н.Ібрахім, рэжысёраў — С.Іса, А.Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».
Літ.:
Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;
Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;
Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;
Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг.М., 1989;
Герб і сцяг Егіпта.Да арт.Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.Да арт.Егіпет. М.Саід. Горад.Да арт.Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.Да арт.Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.Да арт.Егіпет. Х.Фаўзі. Праца.Да арт.Егіпет. Г.Сіры. Ніл каля вострава Замалек.Да арт.Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.Да арт.Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Сялянка са збанам.Да арт.Егіпет. С.Рэда. Лялька.Да арт.Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН,
ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.
Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап. традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.
Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.
Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 за ваен. заслугі на знакі гэтага і інш.рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш.рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл.Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя за ваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.
У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх 0. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш.б.сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).
У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).
З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;
Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.
І.І.Сінчук.
Знакі ордэнаўРас.імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.ОрдэныСССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.ОрдэныСССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі.Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас.імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНК (ад італьян. banco крама мянялы),
фінансавая ўстанова, спецыялізаваная на акумуляцыі грашовых сродкаў і зберажэнняў (укладаў), крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і інш.банкаўскіх аперацыях у адпаведнасці з заканадаўствам. Мае статутны і рэзервовы фонды. Паводле формаў уласнасці банкі бываюць: акцыянерныя, партнёрскія, індывідуальныя, кааператыўныя (узаемныя), муніцыпальныя (камунальныя), дзяржаўныя (нац.), змешаныя (з удзелам дзяржавы), сумесныя (з удзелам замежнага капіталу), замежныя, міждзяржаўныя; паводле функцый і характару аперацый — камерцыйныя банкі, ашчадныя банкі, інвестыцыйныя, іпатэчныя, знешнегандлёвыя банкі і інш., якія на чале з цэнтр. банкам утвараюць банкаўскую сістэму краіны; цэнтр. банк у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай. Пры ажыццяўленні знешнеэканам. аперацый адрозніваюць банкі-рэзідэнты (зарэгістраваныя на нац. тэрыторыі) і банкі-нерэзідэнты (замежныя). Банкі, якія выпускаюць уласныя каштоўныя паперы, наз. банкамі-эмітэнтамі.
Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўвання каштоўных металаў у карпарацыях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадстве. Як самаст. ўстановы банкі ўзніклі ў сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і буйных феадалаў. У 16 ст. ў буйных гандл. цэнтрах (Амстэрдам, Гамбург) з’явіліся банкі новага тыпу — т.зв. жырабанкі, якія ажыццяўлялі безнаяўныя разлікі паміж сваімі кліентамі. Сучасныя прынцыпы банкаўскай справы найперш сфарміраваліся ў Англіі. У Расіі пачалі стварацца з 1750-х г.
Першы на Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы, меў філіялы ў Гомелі, Літве, на Украіне. У 1881—84 у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзярж. банка Расіі (іх баланс на 1.1.1914 — 32,5 млн.руб.). У канцы 19 — пач. 20 ст. адкрыты філіялы рас. акцыянерных камерц. Банкаў. Да 1-й сусв. вайны на Беларусі дзейнічалі аддзяленні банкаў Рас.імперыі: Злучанага (баланс на 1.1.1914 — 5,6 млн.руб.), Руска-Азіяцкага (13,1 млн.), Віленскага прыватнага (11,5 млн.), Азоўска-Данскога (7,3 млн.), Маскоўскага (1,4 млн.), Руска-Французскага (2,8 млн.). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на Беларусь ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з інш. рэгіёнаў Расіі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў на 1.1.1914 склаў 38,6 млн.руб.). Дзейнічалі таксама т-вы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гар. грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы бел. прам-сці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў: акцыянерных зямельных Віленскага, Маскоўскага, С.-Пецярбургска-Тульскага, дзярж. Сялянскага пазямельнага (аперацыі з 1883) і Дваранскага зямельнага (з 1885). Сав. банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 з адкрыццём Бел. канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 засталіся Бел. канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.
З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (снежань, 1990) пачалося фарміраванне нац. банкаўскай сістэмы. Яна складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і камерцыйных банкаў, якіх на 1.1.1996 было 42, з іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду; млн.руб. і тыс. ЭКЮ): акцыянерны ашчадны Беларусьбанк (184970,1 і 12555,1), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), Белпрамбудбанк (49942,5 і 3389,9), Знешэканомбанк (47823,2 і 2960,7), акцыянернае т-ва «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), Белбізнесбанк (40334,2 і 2737,7), Белаграпрамбанк (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), Белсувязьбанк (31681,6 і 2150,4), «Мінск-транзіт банк» (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Бел. біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны Тэхнабанк (30518,2 і 2071,5), Б.н.банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).
На сучасным этапе дзейнічаюць банкаўскія сістэмы: нацыянальная (адной краіны, як правіла, на чале з цэнтр. банкам, з адной грашовай адзінкай, ажыццяўляе сувязь з інш.нац. сістэмамі), рэгіянальная (забяспечвае інтарэсы некалькіх краін і ва ўзаемных разліках звязана асобнымі эканам. адносінамі) і міжнар. (для разлікаў у міжнар. маштабе). Сярод нац. банкаўскіх сістэм асабліва вядомыя швейцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нейтралітэту гэтай краіны строга захоўваюць тайну банкаўскіх укладаў, маюць вял. залатыя рэзервы і таму прыцягальныя для кліентаў усяго свету. Да рэгіянальных банкаўскіх сістэм адносяцца еўрап., ціхаакіянская і інш.; некаторыя з іх (Еўрап. Валютная Сістэма) па ўзроўні інтэграцыі набліжаюцца да нац. банкаўскіх сістэм. Аснову міжнар. банкаўскай сістэмы складаюць Міжнародны валютны фонд, Міжнарод. банк рэканструкцыі і развіцця, Банк міжнародных разлікаў. Найбольшыя банкі краін свету: «Сумітома банк», «Фудзі банк» (Японія), «Сіці карпарэйшэн», «Чэйз Манхатан банк», «Банкамерыка карпарэйшэн» (ЗША), «Барклейс банк», «Нэшанал Вестмінстэр банк», «Мідленд банк» (Вялікабрытанія), «Амстэрдам-Ротэрдам банк» (Нідэрланды), «Інстытута банкарыо сан паўла ды Тарына» (Італія), «Роял банк оф Канада» (Канада), «Рэдзі агрыколь», «Банк насьёналь дэ Пары», «Сасьетэ жэнераль» (Францыя), «Дойчэ банк», «Дрэзднер банк», «Комерцбанк» (Германія), «Юньён банк швітцэрланд», «Сюіс банк карпарэйшэн» (Швейцарыя). У дзесятку найбуйнейшых банкаў свету ўваходзіць найбольш японскіх, сярод якіх самы буйны «Сумітома банк». Сучасная банкаўская справа мае высокі ўзровень тэхн. аснашчанасці: у сусв. маштабе выкарыстоўваюцца электронная сістэма разлікаў тыпу SVIFT, безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавых картак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас.імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас.імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр. рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр. рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас.імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’езд КПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас.імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял.Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia),
Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс.км². Нас. 1042 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).
Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.—кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-раліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.
Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс.чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс.ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.
18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.К.Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл.ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.
Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам 2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс.т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс.т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс.т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (1997), гарадскога 46%. Сярэдняя шчыльнасць 31 чал. на 1 км². Жывуць карачаеўцы (31,2%), чэркесы (9,7%), рускія (42,4%), абазіны (6,6%), нагайцы (3,1%) і інш. Сталіца — г.Чэркеск. Гарады: Карачаеўск, Усць-Джэгута, Тэберда.
Прырода. Размешчана на Паўн. Каўказе. Больш за 2/3 тэрыторыі займаюць горы і перадгор’і. На Пн вузкая паласа ўзгорыстых раўнін, над якой уздымаюцца куэставыя грады — Сычовы горы, хрыбты Пашавы і Скалісты. На Пд — хрыбты Галоўны, або Водападзельны, з вяршынямі Пшыш (3790 м), Дамбай-Ульген (4046 м), Гвандра (3983 м) і Бакавы з найвыш.г. Эльбрус (5642 м, на мяжы з Кабардзіна-Балкарыяй). Гал. перавалы — Клухорскі і Марухскі. Карысныя выкапні: медна-калчаданавыя і поліметалічныя руды, каменны вугаль, граніт, мармур, гіпс. Мінер. крыніцы. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C у перадгор’ях да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 21 °C і 8 °C. Ападкаў 550—2500 мм за год. На вяршынях і грэбені Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта — сучаснае зледзяненне. Гал. рака — Кубань з прытокамі Тэберда, Вял. і Малы Зеленчукі, Уруп, Вял. Лаба, багатыя гідраэнергіяй. Кубанскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, з вышынёй пераходзяць у горна-лясныя бурыя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах — шыракалістыя (бук, граб, дуб) і хваёвыя (хвоя, елка, піхта) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. На тэр. К.-Ч. — Тэбердзінскі запаведнік і ч. Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Продкі карачаеўцаў і чэркесаў жылі на тэр. К.-Ч. са стараж. часоў. У 5—13 ст. адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феад. адносін. Да 10 ст. сфарміравалася адыгейска-чэркеская народнасць, у 13—14 ст. — карачаеўская народнасць. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. У 10 ст.тэр. К.-Ч. ўваходзіла ў раннефеад. дзяржаву Аланія, якая падтрымлівала паліт. і эканам. сувязі з Візантыяй, хазарамі, грузінамі. У 14—16 ст. на тэр. К.-Ч. з Абхазіі перасяліліся абазіны, у 17 ст. з Прыазоўя і Паволжа — нагайцы. У 15—18 ст. на землі К.-Ч. ўчынялі набегі крымскія татары і туркі. У 1552, 1555 і 1557 прадстаўнікі К.-Ч. накіроўвалі пасольствы ў Маскву для заключэння паліт. саюзу з Расіяй. У 1790 армія пры ўдзеле атрадаў горцаў разбіла ў раёне сучаснага Чэркеска тур. корпус Баталпашы. У 1-й пал. 19 ст.тэр. К.-Ч. далучана да Расійскай імперыі. У 1858—61 тут заснаваны казацкія станіцы, якія разам з ауламі Карачая і Чэркесіі ўключаны ў Баталпашынскі пав., пазней — аддзел Кубанскай вобл. У 1868 тут скасавана прыгоннае права. Пазней створаны шахты і руднікі, невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Вясной 1920 у К.-Ч. ўстаноўлена сав. ўлада. 12.1.1922 утворана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. У 1926 К.-Ч. падзелена на Карачаеўскую аўт. вобласць і Чэркескую нац. акругу, у 1928 ператвораную ў аўт. вобласць. Да 1934 у Чэркесіі і да 1938 у Карачаі праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял.Айч. вайну Чэркеская і Карачаеўская вобласці акупіраваны ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У канцы 1943 Карачаеўская аўт. вобласць скасавана, а карачаеўцы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі, дэпартаваны ў Цэнтр. Азію (пераважна ў Казахстан). Пасля іх рэабілітацыі ў 1957 створана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. З 1991 рэспубліка. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (па аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца): хім. і нафтахім. (27,7%), буд. матэрыялаў (25,8%), харч. (13,5%), энергетыка (12,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (8,3%). Развіты гарнарудная, лёгкая, дрэваапр., мукамольна-крупяная прам-сць. Хім. і нафтахім. прадпрыемствы размешчаны ў г. Чэркеск (хім.ВА, з-д гумава-тэхн. вырабаў). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, вапна, чарапіца) у Чэркеску, Карачаеўску, Усць-Джэгуце і станіцы Зелянчукскай. Харч.прам-сць (цукр.з-д у Эркен-Шахары, мяса- і хлебакамбінаты, кансервавы і масласыраварныя з-ды ў Чэркеску, Карачаеўску). Гарнарудная прам-сць прадстаўлена Урупскім медным горна-абагачальным камбінатам. Здабываюць каменны вугаль (50 тыс.т, 1995). Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1995).
Асн. цэнтры машынабудавання і металаапрацоўкі ў Чэркеску (з-ды халадзільнага абсталявання і нізкавольтнай апаратуры) і Карачаеўску (інстр.з-д). Ёсць абутковая, швейная і мэблевая вытв-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і авечкагадоўля (танкарунная і паўтанкарунная). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, птушак. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 165,8, свіней — 14,1. Конегадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1995) мяса 23 тыс.т, малака 146 тыс.т, воўны 1480 т. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 663 тыс.га, у т. л. пад ворывам каля 25%, пад пашай каля 50%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя (кукуруза на сілас, травы), агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа 160, сланечніку 11, цукр. буракоў 194, бульбы 154. Развіта арашэнне (Вял. Стаўрапольскі канал). Чыгунка Нявіннамыск — Усць-Джэгута. Па тэр. К.-Ч. праходзяць аўтадарогі: Ваенна-Сухумская (Чэркеск — Сухумі), Чэркеск — Стаўрапаль, Чэркеск — Пяцігорск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2730 км. Курорты: Тэберда, кліматычныя курортныя мясцовасці Архыз, Дамбай; горны турызм, альпінізм.
Літ.:
Алексеева Е.П. Древняя и средневековая история Карачаево-Черкесии. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),
народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас.імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.