род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40°паўн. ш. і 35—45°паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл.Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.
Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн.т вінаграднага віна, найб. (1994; млн.т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн.т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.
Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1 млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).
Да арт.Вінаробная прамысловасць. На заводзе па выпуску херасу НВА «Ялавены» (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АМФІ́БІЯ»,
1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.
Да арт.«Амфібія». Аўтамабіль-«амфібія».Да арт.«Амфібія». Паплаўковы гідрасамалёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),
Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 69Ga (61,2%) і 71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).
Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).
Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮНКЕ́РКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва «Дынама»),
марская эвакуацыя саюзных (брыт. экспедыцыйных, часткі франц. і бельг.) войск з раёна г. Дзюнкерк (Францыя) у Вялікабрытанію 26.5—4.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Праведзена пасля прарыву ням.-фаш.танк. злучэнняў да ўзбярэжжа Ла-Манша каля г. Абвіль (20 мая), у выніку чаго ў Паўн.Францыі і Бельгіі пад пагрозай знішчэння апынуліся 18 франц., 12 бельг., 10 брыт. дывізій, якія не здолелі злучыцца з асн. сіламі франц. арміі (знаходзіліся на Пд ад р. Сома). Пад націскам 43 герм. дывізій саюзныя войскі адышлі да Дзюнкерка і стварылі вакол яго абарончы плацдарм. 26 мая пачалася эвакуацыя брыт. экспедыцыйных сіл, а 28 мая (пасля капітуляцыі Бельгіі) — саюзных франц. і бельг. войск. Эвакуацыю прыкрывалі брыт.ВПС і саюзная зенітная артылерыя. Усяго 26 мая — 4 чэрв. на 860 розных (пераважна брыт.) суднах вывезена 278,8 тыс.чал. (з іх 139,8 тыс. англічан, 139 тыс. французаў і бельгійцаў), а з улікам вывезеных перад аперацыяй 59,3 тыс. англічан — больш за 338 тыс.чал. У Дз. а. англічане страцілі 68 тыс.чал., 302 самалёты, 224 караблі, французы — каля 60 суднаў, 40 тыс.чал. палоннымі і інш.; на беразе засталася баявая тэхніка саюзнікаў.
Літ.:
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 1, т. 2 С 333—357.
Да арт.Дзюнкеркская аперацыя 1940. Набярэжная ў Дзюнкерку пасля эвакуацыі брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск.
французскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў франц. оперы 19 ст.Чл. Ін-та Францыі (1866). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1836—38). Рымская прэмія (1839) за кантату «Фернан». У 1840—43 жыў у Італіі, Вене, Германіі. У 1843—48 царк. арганіст і рэгент у царкве Замежных місій у Парыжы, пісаў духоўную музыку. У 1870—75 жыў у Лондане, з 1871 дырыжор Каралеўскага хар.т-ва. Сярод ранніх опер («Сафо», 1850; «Акрываўленая манашка», 1854) вылучаецца камічная опера «Лекар паняволі» (паводле Мальера, 1857). Гуно — заснавальнік новага жанру ў франц. оперным мастацтве — лірычнай оперы. Яго лепшы твор — опера «Фауст» (1859; 2-я рэд. — з рэчытатывамі замест размоўных дыялогаў, 1869), у якой кампазітар адмовіўся ад філас. праблематыкі літ. крыніцы (аднайм. трагедыя І.В.Гётэ) і зрабіў акцэнт на любоўную драму гераіні. Ён інтанацыйна абнавіў оперу, звярнуўшыся да меладычнага строю тагачаснага быт. раманса. Сярод інш. твораў: оперы «Мірэйль» (1863) і «Рамэо і Джульета» (паводле У.Шэкспіра, 1865); 4 араторыі, кантаты, месы, рэквіем і інш. творы для хору з арк.; 2 сімфоніі (1854, 1855); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы; больш за 200 рамансаў і песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Выступаў як муз. пісьменнік і крытык.
Літ.:
Комбарьё Ж. А.Тома и Ш.Гуно // Французская музыка 2-й половины XIX в.: Пер. с фр.М., 1938;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ЦЫЯ (Dalmacija),
гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э.рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах.Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст. росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст.ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).
Літ.:
Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),
рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст. школе М.Д.Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар.маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ.т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.Асеева, М.Венгерава, І.Крылова (усе 1920-я г.), І.В.Гётэ, М.Сервантэса, М.Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.
Літ.:
Ковтун Е. Художница книги В.М.Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;
Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;
Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.
А.Г.Лісаў.
В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЗІБА́Р (Zanzibar),
востраў у Індыйскім ак., каля ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі (аддзелены ад мацерыка пралівам шыр. 36 км). Уваходзіць у склад Танзаніі. Пл. 1658 км². Нас. каля 700 тыс.чал. (1995), пераважна суахілі (каля 80%), а таксама арабы і індыйцы. Выш. да 120 м, акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены з каралавых вапнякоў, развіты карст. Клімат экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя т-растудз. 28 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год з двума максімумамі (крас.—май, ліст.—снежань). Натуральная расліннасць — другасныя хмызнякі, на ўзбярэжжы месцамі мангры. Плантацыі гваздзіковага дрэва (каля 70—80% сусв. вытв-сці), какосавых пальмаў. Гал. горад і порт — Занзібар (158 тыс.ж., 1988).
Тэр. З. здаўна заселена чалавекам. У 7—10 ст. каланізаваны арабамі і персамі; цэнтр гандлю золатам, слановай косцю і рабамі. У 1528 захоплены партугальцамі, якіх у 18 ст. выцеснілі арабы Аманскага султаната. У 1818 пачалася вытв-сць гваздзікі і гваздзіковага алею — асн. прадуктаў экспарту. З 1856 З. — незалежны султанат. Яго эканам. развіццю садзейнічала буд-ва Суэцкага канала, у выніку чаго востраў ператварыўся ў важнейшы гандл. цэнтр усёй Усх. Афрыкі. У канцы 19 ст. З. стаў аб’ектам экспансіі Германіі, Італіі, Францыі і Англіі, якія ў 1886—90 падзялілі паміж сабой яго землі. У 1890 над З. устаноўлены брыт. пратэктарат. У 1963 Вялікабрытанія дала З. незалежнасць, перадала ўладу султану, рэжым якога скінуты ў 1964, і З. аб’яднаўся з Танганьікай у адзіную дзяржаву Танзанія.