КАЦЫ́ГІН Віталь Віктаравіч (6.12.1926, Кіеў — 26.5.1997),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1949). З 1954 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (Мінск; з 1954 заг. лабараторыі, у 1962—72 і 1975—87 нам. дырэктара, у 1972—75 дырэктар). Навук. працы па абгрунтаванні аптымальных параметраў трактароў і с.-г. машын, распрацоўцы праблемы абгрунтавання энергет. сродкаў і механізацыі меліярацыйных работ, па пытаннях устойлівага руху і энерганасычанасці глебаапрацоўчых прылад.

Тв.:

Скоростные энергонасыщенные тракторы. Мн., 1979 (разам з М.​С.​Крынко, Я.​С.​Мельнікавым);

Перспективные мобильные энергетические средства (МЭС) для сельскохозяйственного производства. Мн., 1982 (у сааўт.);

Эффективность эксплуатации МТП. Мн., 1984 (разам з Я.​Л.​Бейдэрманам, М.​А.​Кірсісам).

Я.​С.​Мельнікаў.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛПІКАЎ Мікалай Васілевіч (1888, Пензенская вобл., Расія — 28.2.1964),

расійскі і бел. вучоны ў галіне мед. і вет. навук. Д-р мед. і вет. н., праф. (1942). Скончыў Казанскі вет. ін-т (1915), мед. ф-т Юр’еўскага ун-та (1917). З 1920 у Саратаўскім ун-це, адначасова выкладчык Казанскага ун-та. У 1924—27 дырэктар Архангельскага палярнага хіміка-бактэрыял. ін-та. З 1928 у БДУ (заснаваў і ўзначаліў кафедру паталаг. фізіялогіі). З 1935 у Крымскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях імуналогіі, тэрапіі эксперым. пухлін і прамянёвай хваробы і інш.

Літ.:

Кривчик А.А., Шишко Е.И. Научная деятельность основателя кафедры патологической физиологии медфака БГУ профессора Н.​И.​Колпикова: (К 80-летию со дня рождения) // Отчетная науч. конф. Минск. мед. ин-та. Мн., 1969.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІЛАСО́ФІІ І ПРА́ВА Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т філасофіі АН БССР. У 1935 аб’яднаны з Ін-там сав. буд-ва і права АН БССР і перайменаваны ў І.ф. і п. У гады Вял. Айч. вайны не працаваў. З 1946 у АН БССР існаваў сектар філасофіі, у 1947 адноўлены як І.ф. і п., у 1958—65 з ін-та быў вылучаны сектар права ў самастойны ін-т. Аспірантура з 1931. Аддзелы: логікі і метадалогіі навук. пазнання (з сектарам філас. праблем прыродазнаўства і тэхнікі), філас. праблем чалавека, філас. праблем міжнац. і міжнар. адносін, гісторыі філасофіі; тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзярж. права і кіравання, прац. і гасп. права, с.-г. і экалагічнага права; сектар сац. экалогіі.

Асн. кірункі даследаванняў: аналіз сутнасці дзяржавы, яе структуры і гіст. форм, заканамернасцей сац.-культ. развіцця, гуманізацыі грамадскіх адносін, метадалогіі пазнання; гісторыя філас. думкі Беларусі; тэндэнцыі паліт.-прававога абнаўлення рэспублікі; складанне заканадаўства, канстытуцыйных прынцыпаў арганізацыі і функцыянавання суд. улады і інш. Выдадзены працы: «Дыялектычны матэрыялізм як метадалогія прыродазнаўчанавуковага пазнання» (1965), «Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі» Дз.​І.​Шыраканава (1969), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» А.​С.​Майхровіча (1977), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі» С.​А.​Падокшына (1990), «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991), «Прававая рэформа: Павышэнне дзейнасці заканадаўства» (1992), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), «Земскае самакіраванне па Беларусі (1905—1917 гг.)» В.​П.​Слабажаніна (1994) і інш. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі С.​Я.​Вальфсон (першы дырэктар ін-та), В.​А.​Сербента, К.​П.​Буслаў, акад. АН СССР Г.​Ф.​Аляксандраў, чл.-кар. АН Беларусі І.​М.​Ільюшын, І.​М.​Лушчынскі, С.​П.​Маргунскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі Дз.​І.​Шыраканаў, чл.-кар. А.​С.​Майхровіч (дырэктар з 1994), А.​І.​Савасцюк, В.​І.​Семянкоў, М.​І.​Сторажаў, В.​І.​Шабайлаў.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́С Сяргей Альбертавіч (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг. муз. часткі Дзярж. рус. т-ра Беларусі, з 1966 — Бел. т-ра імя Я.​Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал. муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктар—маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.​Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.​Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.​Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.​Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.​Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел. нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак. цыклы на вершы А.​Вярцінскага, М.​Танка («Закон захавання матэрыі»), У.​Шэкспіра, Ф.​Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Літ.:

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978;

Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.​Картэса «Джардана Бруна» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;

Аладава Р.М. Опера С.​Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.

А.​А.​Саламаха.

С.А.Картэс.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕР (Mahler) Густаў (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.​Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар. т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.​Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.

Літ.:

Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;

Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;

Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;

Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.

Т.​А.​Шчарбакова.

Г.Малер.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя П.​І.​Чайкоўскага,

вышэйшая музычная навуч. ўстанова Расіі. Адкрыта ў 1866 на базе арганізаваных у 1860 Муз. класаў Рас. муз. т-ва. З 1940 — імя Чайкоўскага. Заснавальнік і першы дырэктар М.Рубінштэйн (у 1866—81 дырэктар, праф., дырыжор). У ёй выкладалі П.​Чайкоўскі, С.​Танееў В.​Сафонаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, Ф.​Лаўб, І.​Гржымалі; сярод выхаванцаў С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Зілоці, З.​Паліяшвілі, А.​Брандукоў, Л.​Нікалаеў, Р.​Гліэр, А.​Няжданава, Н.​Абухава, А.​Гальдэнвейзер, К.​Ігумнаў, А.​Гедыке, М.​Галаванаў, С.​Васіленка і інш. кампазітары, выканаўцы і педагогі. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: гісторыка-тэарэтыка-кампазітарскі, фартэпіянны, аркестравы, вакальны, ваенна-дырыжорскі, павышэння кваліфікацыі; аспірантура; асістэнтура для кампазітараў і выканаўцаў. Пры М.к. існуюць муз. вучылішча (з 1934) і Цэнтр. дзіцячая муз. школа (з 1936), праблемная н.-д. лабараторыя, Музей імя М.​Рубінштэйна (з 1995), оперная студыя і сектар пед. практыкі з вячэрняй муз. школай-дзесяцігодкай, навук. б-ка імя Танеева, інфармацыйна-выліч. цэнтр, лабараторыя гуказапісу і інш. М.к. мае Вял., Малую і Рахманінаўскую канцэртныя залы. Сярод выпускнікоў М.к. інструменталісты і дырыжоры Л.​Аборын, В.​Барысоўскі, Ю.​Башмет, Р.​Гінзбург, В.​Дулава, Я.​Зак, Л.​Коган, М.​Плятнёў, М.​Пятроў, Г.​Раждзественскі, М.​Растраповіч, С.​Рыхтэр, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, Я.​Фліер, Дз.​Цыганоў; кампазітары Дз.​Кабалеўскі, А.​Хачатуран, В.​Шабалін, Р.​Шчадрын і інш.; музыказнаўцы Ю.​Келдыш, В.​Конен, В.​Левашова, Т.​Ліванава, Л.​Мазель, І.​Несцьеў, У.​Пратапопаў, С.​Скрабкоў, Ю.​Халопаў, Ю.​Цюлін, Б.​Ярустоўскі і інш. Значны ўклад у развіццё бел. муз. культуры зрабілі выпускнікі М.к. піяністы І.Алоўнікаў, А.Клумаў, Г.Пятроў, В.Сямашка, І.Цвятаева, скрыпачы А.Амітон, М.Браценнікаў, віяланчэліст Б.Скабло, валтарніст Я.Сцягенны, кампазітар Р.Пукст, музыказнаўцы Л.Мухарынская, М.​Шыфрын, спевакі Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, хормайстар М.Маслаў і інш.

Літ.:

Московская консерватория. 1866—1966. М., 1966;

Келдыш Ю.В. 100 лет Московской консерватории [М., 1966];

Воспоминания о Московской консерватории. М., 1966;

Федосюк Ю.А. Улица Герцена, 13. М., 1988.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ Сымон Аляксандравіч (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЭНС (Behrens) Петэр (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),

нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням. Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.

П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІАДУ́ХО Мікалай Фёдаравіч (10.12.1878, г. Чэрвень — 13.1.1935),

бел. геолаг. Акад. АН Беларусі (1928), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1903). З 1922 нач. Горнага аддзела Упраўлення СНГ Беларусі, заг. кафедры геалогіі БДУ. З 1926 узначальваў Камісію па вывучэнні прадукц. сіл рэспублікі, з 1929 старшыня Прадстаўніцтва Геал. к-та на Беларусі. З 1929 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі Бел. АН. Навук. працы па геалогіі і карысных выкапнях Беларусі. Узначальваў экспедыцыю па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адклады і фасфарыты на р. Сож. Абгрунтаваў пастаноўку геафіз. даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску і інш. Паводле вынікаў геамагнітнай здымкі зрабіў прагноз на выяўленне жалезарудных канцэнтрацый у нетрах Беларусі. Упершыню склаў геал. карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.

Тв.:

Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым БССР. М., 1952.

М.Ф.Бліадухо.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМЛЕ́Й Юліян Уладзіміравіч (21.2.1921, Масква — 4.6.1990),

рускі гісторык-славіст і этнограф. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1966), д-р гіст. н. (1965), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1966 дырэктар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Чл. выканкома (1970—80) і віцэ-прэзідэнт (з 1980) Міжнар. саюза антрапал. і этнагр. навук; чл. Бюро Адміністрацыйнага савета (1968) і віцэ-прэзідэнт (з 1982) Міжнар. т-ва этналогіі і фальклору Еўропы. Даследаваў сярэдневяковую гісторыю Харватыі: «Сялянскае паўстанне 1573 г. ў Харватыі» (1959), «Станаўленне феадалізму ў Харватыі» (1964); тэорыю этнасу і этнічных працэсаў, гісторыю першабытнага грамадства, тэарэт. пытанні і сучасную праблематыку этнагр. навукі: «Сучасныя праблемы этнаграфіі» (1981), «Нарысы тэорыі этнасу» (1983), «Тэарэтычная этнаграфія» (1984, на англ. мове), «Чалавецтва — гэта народы» (з Р.​Р.​Падольным, 1990) і інш. У этнагр. працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. Дзярж. прэміі СССР 1981, 1987.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)