КА́БАК (Сяргей Львовіч) (н. 13.7.1953, г. Старгард-Шчэцінскі, Польшча),

бел. вучоны ў галіне анатоміі і эмбрыялогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1979. Навук. працы па эмбрыялогіі чалавека, эксперым. тэраталогіі, вывучэнні прыроджаных заган развіцця апорна-рухальнага апарату зародкаў чалавека. Пераклаў з англ. мовы «Кішэнны атлас анатоміі чалавека» Х.​Феніша і падручнік «Анатомія і фізіялогія для медсясцёр» Э.​Пірс (абодва 1996) разам з В.​В.​Рудзянком.

Тв.:

Костно-суставная система: морфол. и биохим. аспекты формирования. Мн., 1990 (разам з АП.​Аніськовай, С.​П.​Фешчанкам).

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Ануфрыевіч) (14.8.1842, с. Шусцяны Прэйльскага р-на, Латвія — 28.4.1883),

расійскі прыродазнавец, заснавальнік эвалюц. палеанталогіі. Брат А.А.Кавалеўскага. Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч.​Дарвіна. У 1869—74 працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, з 1875 у Пецярбургскім ун-це, з 1880 дацэнт Маскоўскага ун-та. Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюц. вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыян. змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геал. пераўтварэннямі. Пераклаў на рус. мову шэраг работ Дарвіна.

Тв.:

Собр. науч. тр. Т. 1—2. М., 1950—56.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 2.5.1947, в. Новая Вёска Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Адначасова ў 1986—94 у апараце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, з 1994 у Асацыяцыі камерцыйных банкаў Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па сістэмным аналізе, аптымальным кіраванні, макраэканоміцы, інфарм. тэхналогіях. Распрацаваў шэраг камп’ютэрных сістэм для аналізу, экспертызы і прагнозу развіцця ваен.-эканам. сітуацый.

Тв.:

Дискретная оптимизация. Мн., 1977;

Матроиды в дискретной оптимизации. Мн., 1987, Анализ финансового состояния банка. Мн., 1998 (разам з І.​Ц.​Шыбека).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Юрый Канстанцінавіч) (н. 7.1.1928, Масква),

расійскі і бел. эканаміст. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1974), д-р эканам. н. (1968), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1951). У 1958—71 у Цэнтр. эканам. НДІ Дзяржплана РСФСР, Ін-це эканомікі АН СССР, Дзяржплане СССР. У 1973—79 дырэктар НДІ эканомікі і эканам.-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. З 1982 у Маскоўскім ін-це кіравання. Даследуе праблемы планавання, развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл, аўтаматызацыйных сістэм кіравання.

Тв.:

Организационные проблемы научно-технического прогресса. М., 1972;

Развитие и размещение машиностроения СССР. М., 1974.

т. 7, с. 431

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Валянцін Аляксандравіч) (19.9.1907, г. Тула, Расія — 21.11.1975),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1970). Скончыў у Ленінградзе ін-т інжынераў прамысл. буд-ва (1931), выкладаў у ім (1931—39) і ў інж.-буд. ін-це (з 1941, праф. з 1959). У 1951—71 гал. архітэктар Ленінграда. Адзін з аўтараў праекта ген. плана развіцця горада на 1960—80, вялікай канцэртнай залы «Кастрычніцкая», эксперым. жылога раёна на Васільеўскім в-ве (абодва 1967). Кіраўнік праектаў планіроўкі і забудовы праспекта Стачак (1951—55), Камсамольскай пл. (1956), раёна Дачнае (з 1960) і інш. Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

В.​А.​Каменский. Л., 1967.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІКА́ЦЫЯ (лац. communicatio ад communico раблю агульным, звязваю),

працэс перадачы і абмену інфармацыяй; сродкі сувязі паміж любымі аб’ектамі матэрыяльнага і духоўнага свету. Тэрмін «К.» ўзнік у пач. 20 ст. ў кантэксце агульнатэарэт. пабудовы біхевіярызму (Дж.​Уотсан), сімвалічнага інтэракцыянізму (Дж.​Мід), персаналізму, экзістэнцыялізму. Пасля 2-й сусв. вайны сфарміраваліся 2 асн. падыходы да вывучэння К.: рацыяналістычны (разглядае сродкі інфармацыі ў якасці адзінага стымулу, крыніцы сац. развіцця) і ірацыяналістычны (сцвярджае, што асн. вынікам К. з’яўляецца ўзаемаразуменне). У сац. і паліт. жыцці першаступеннае значэнне мае дзейнасць сродкаў масавай К. — тэлебачанне, радыё, друк, кінематограф і інш.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная палітыка Францыі ў адносінах да Вялікабрытаніі ў 1806—14. Абвешчана дэкрэтам імператара Напалеона I Банапарта ад 21.11.1806 з мэтай зламаць супраціўленне Вялікабрытаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця франц. прам-сці. Саюзным і падуладным Францыі дзяржавам было забаронена весці гандаль, падтрымліваць паштовыя і інш. зносіны з Брыт. а-вамі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 да К.б. вымушана далучыліся Расія і Прусія. Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі большасць краін перасталі прытрымлівацца ўмоў блакады. Фармальна адменена ў сувязі з адрачэннем Напалеона I ад прастола (крас. 1814).

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛАВА (Ірына Аляксееўна) (н. 6.5.1949, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі і эмбрыяпаталогіі. Д-р мед. н. (1994). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1989 у НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Навук. працы па пытаннях паталаг. анатоміі, заган развіцця і іх частаты да і пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, распрацоўцы метадаў прэнатальнай ультрагукавой дыягностыкі плода.

Тв.:

Monitoring of congenital malformations in Belarus after the Chemobyl accident (у сааўт.) // The Chemobyl papers. Washington, 1993. Vol. 1;

Патоморфологические и сонографические параллели при пороках развития плода в первом триместре беременности (у сааўт.) // Проблемы репродукции. 1995. № 2.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),

мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус. правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́РЫНГ (англ. clearing),

сістэма безнаяўных разлікаў за тавары, паслугі, каштоўныя паперы, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў. Адрозніваюць К. банкаўскі і валютны. Банкаўскі К. — сістэма міжбанкаўскіх безнаяўных разлікаў, заснаваных на ўзаемным заліку роўных плацяжоў; ажыццяўляецца праз спец. разліковыя палаты (клірынгавыя дамы). Валютны К. заснаваны на міжурадавым пагадненні і прадугледжвае цэнтралізаваны залік узаемных патрабаванняў і абавязацельстваў па экспарце і імпарце тавараў, аперацыях негандлёвага характару і інш. плацяжах, што ўзнікаюць у выніку развіцця эканам. сувязей паміж асобнымі краінамі. Можа быць аднабаковым і шматбаковым. Выкарыстоўваецца звычайна краінамі, якія не маюць свабоднай абарачальнасці нац. валюты.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)