КУЛЬТУРЫ́ЗМ,

бодыбілдынг (англ. body-building целабудаўніцтва), сістэма сілавых практыкаванняў для развіцця мускулатуры. Вядомы з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма. Асновы сучаснага К. распрацаваны ў канцы 19 ст., сістэмы трэніровак — у 1960-я г. (у ЗША). Міжнар. конкурсы па К. праводзяцца з 1901, штогадовыя чэмпіянаты свету — з сярэдзіны 20 ст. Міжнар. федэрацыя па К. створана ў 1946, федэрацыя К. Беларусі — у 1985. Сярод бел. культурыстаў: Э.Зайкін, бронз. прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (1994), чэмпіёны Еўропы М.Шыла (1989) і А.Крыксін (1996).

т. 9, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)