ЛІБІ́ДА (ад лац. libido жаданне, імкненне, цяга),

цяга сексуальнага характару, пераважна несвядомая; адно з асноўных паняццяў псіхааналізу. Уведзена З.Фрэйдам для абазначэння энергіі сексуальнай цягі як першапачатковай цягі да жыцця. Паводле Фрэйда, асн. рухальны фактар псіхікі — энергія несвядомай псіхасексуальнай цягі. У працэсе індывід. развіцця асобы Л. рэалізуецца ў розных формах дзіцячага аўтаэратызму, праходзіць фазу любві да бацькоў з моцнай эратычнай афарбоўкай (комплекс Эдыпа, комплекс Электры) і канчаткова фарміруецца ў дарослага чалавека. Паводле К.Юнга, Л. — першапачатковая, недыферэнцыраваная псіхічная энергія, метафіз. прынцып псіхікі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)