ПАГО́СКІ (Аляксандр Фаміч) (9.3.1816, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.9.1874),
рус.пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім вучылішчы вышэйшых навук. У 1831—43 на вайск. службе. У 1843—62 служыў у дэпартаменце карабельных лясоў. Выдаваў часопісы для народа «Солдатская беседа» (1858—67), «Досуг и дело» (1867—74). Друкаваўся з 1840-х г. Аўтар празаічных, вершаваных, драм. твораў («Салдацкія нататкі», 1855; «Дзед Назарыч», 1860; «Анчутка-Бяспяты», 1863; «Няздольны чалавек», 1867; «Абарона Севастопаля. Гутаркі пра вайну 1853—1856 года», 1873—74). Месца дзеяння яго апавядання «Суд прадбачання» — Беларусь. У вершы «Кепская дзяльба» (пашыраўся ў рукапісах) высмейваў рэформу 1861. Творам П. ўласцівы дакладнасць апісання сял. і салдацкага побыту, прастата і шчырасць, сентыментальнасць.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—4. СПб., 1899—1901.
Літ.:
Арсеньев А.В. А.Ф.Погосский. СПб., 1878;
Вольная русская поэзия 2-й половины XIX в. Л., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЯЛЕ́ЕЎ (Л.) (сапр.Ерамееў Аляксей Іванавіч; 22.8.1908, С.-Пецярбург — 8.7.1987),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Рэспубліка Шкід» (1927, з Р.Бялых; аднайм. фільм, 1967) пра школу для беспрытульнікаў імя Ф.М.Дастаеўскага, у якой П. выхоўваўся. Кнігі «У абложаным горадзе» (1964) і «Студзень 1944» (1965) пра гераічную абарону Ленінграда ў Вял.Айч. вайну. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Лёнька Панцялееў» (1939, новы варыянт 1952), кн. для бацькоў «Hama Маша» (1966), вершаў, казак, апавяданняў для дзяцей і юнацтва, нарысаў, літ. успамінаў і інш. Яго творы адметныя тонкім веданнем і ўмелым паказам псіхалогіі падлетка, займальным сюжэтам, гумарам, лірызмам; многія з іх экранізіраваны экранізаваны. На бел. мову асобныя творы П. пераклаў С.Міхальчук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел.пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РВЕНЦАЎ (Аркадзь Аляксеевіч) (26.1.1905, с. Нагуцкае Стаўрапольскага краю, Расія — 30.10.1981),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы імя Баўмана (1929—33). У Вял.Айч. вайну карэспандэнт газ. «Известия». Друкаваўся з 1937. Першы раман «Качубей» (кн. 1—2, 1937, аднайм. фільм 1958) — рамантызаваны расказ пра героя грамадз. вайны. Раманы «Вогненная зямля» (1945), «Чэсць змоладу» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), зб-кі апавяданняў «Гвардзейскія вышыні» (1944), «Людзі аднаго экіпажа» (1954), «Дзяўчына з Тамані» (1959) пра Вял.Айч. вайну. Аўтар раманаў «Матросы» (1961), «Аліўкавая галіна» (1965), аповесцей «Багіня Ізіда» (1961), «Каляндар прыроды» (1966), п’есы «Малодшы партнёр» (1951), кінасцэнарыяў «Трэці ўдар» (1948, Дзярж. прэмія 1949, перапрацаваны варыянт «Паўднёвы вузел»), «Героі Шыпкі» (1955), кніг падарожных нататак, публіцыст. артыкулаў і інш. На бел. мову раман «Чэсць змоладу» пераклаў Я.Шарахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНДЭ́ЛА ((Pirandello) Луіджы) (28.6.1867, г. Агрыджэнта, Італія — 10.12.1936),
італьянскі пісьменнік, драматург. Вучыўся ў Рымскім і Бонскім (Германія) ун-тах. У 1898 праф.пед. каледжа ў Рыме. Дэбютаваў як паэт у 1889 (зб. «Радасны боль»). Раннія творы напісаны ў традыцыях верызму (зб-кі навел «Каханне без кахання», 1894; «Навелы на год», т. 1—5, 1901—19). У раманах «Адвержаная» (1901), «Нябожчык Матыя Паскаль» (1904) і інш., філас.-псіхал. трагікамедыях «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» (паст. 1921), «Генрых IV» (паст. 1922), «Кожны па-свойму» (паст. 1924), «Сёння мы імправізуем» (паст. 1930) і інш. вобразы «негераічных» герояў, ілюзорнасць чалавечых ідэалаў, адзінота, няўстойлівасць і недасканаласць грамадскіх адносін, гульня выпадку ў лёсах людзей. Адыграў значную ролю ў перабудове італьян. і еўрап.т-ра 20 ст. Нобелеўская прэмія 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НІЙСтарэйшы,
Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытам у якасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».
Тв.:
Рус.пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),
бел.пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Ядвігіна Ш., З.Бядулі і асабліва Я.Купалы. П’еса П. (з Дз.Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРМЯ́К (Яўген Андрэевіч) (31.10.1902, г. Перм, Расія — 17.8.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1924. Пісаў казкі (зб-кі «Шчаслівы цвік», 1956; «Дзядуліна скарбонка», 1957; «Замок без ключа», 1962) і навук.-папулярныя кнігі для дзяцей і юнацтва («Кім быць?», 1946; «Ад вогнішча да катла», «Казка пра краіну Тэра-Фера», абедзве 1959; «Сказ пра газ», 1960), у якіх каштоўнасць чалавека сцвярджаецца праз працу. Аўтар раманаў «Казка пра шэрага воўка» (1960), «Апошнія замаразкі» (1962), «Гарбаты мядзведзь» (кн. 1—2, 1965—66), «Царства Ціхай Лутоні» (1970), «Яргарад» (1972), «Чароўнасць цемрай» (1976), у якіх праз казачныя вобразы раскрываў сучасныя праблемы, а таксама аповесцей, апавяданняў, п’ес, публіцыст. кніг («Пра сем асілкаў», 1960; «Азбука нашага жыцця», 1963), кнігі пра П.Бажова «Даўгавечны майстар» (1974) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. Свердловск, 1977—79.
Літ.:
Гура В.В. Евгений Пермяк: Очерк творчества. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),
бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.Брукнера і У.Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Літ.:
Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;
Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.